У Баўгарыі затрымалі былога прэмʼер-міністра краіны і лідэра правацэнтрысцкай партыі «Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі» (ГЭРБ) Бойку Барысава ў рамках паліцэйскай апэрацыі, зьвязанай з расьсьледаваньнямі пракуратуры Эўразьвязу аб злоўжываньнях пры выдаткаваньні сродкаў. Ён зьмешчаны пад варту на 24 гадзіны, паведаміла МУС Баўгарыі.
Акрамя Барысава, затрымалі былога міністра фінансаў краіны Ўладзіслава Гаранава, экс-старшыню фінансавай камісіі парлямэнту Мэнду Стаянаву і былую кіраўніцу інфармацыйнай службы ўраду Сэўдаліну Арнаудаву.
Як паведаміла Баўгарская нацыянальная тэлевізія, затрыманьні зьвязаныя з расьсьледаваньнем больш як 120 выпадкаў неправамернага выкарыстаньня сродкаў Эўразьвязу. Ператрусы і выманьні дакумэнтаў прайшлі па шматлікіх адрасах у краіне.
Навіну аб затрыманьні цэлага шэрагу былых высокапастаўленых чыноўнікаў пракамэнтаваў дзейны прэмʼер-міністар Баўгарыі Кірыл Пэткаў, напісаўшы на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Няма нікога вышэйшага за закон!»
Бойка Барысаў тройчы ўзначальваў урад Баўгарыі з 2009-га па 2021 год. 13 сакавіка ён быў перавыбраны на пасаду старшыні партыі ГЭРБ. Партыя аказалася датычнай да некалькіх карупцыйных скандалаў, што выклікала буйныя антыўрадавыя выступленьні ў Баўгарыі.