Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы ракетны напад на Львоў; людзі застаюцца ў падвале разбомбленага тэатру ў Марыюпалі. 23-і дзень вайны Расеі супраць Украіны


Калёна машын уцекачоў з разбуранага расейскімі войскамі Марыюпалю. 17 сакавіка
Калёна машын уцекачоў з разбуранага расейскімі войскамі Марыюпалю. 17 сакавіка

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, каля 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, разбураны аб’екты інфраструктуры. Авіяналёты, ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і баі працягваюцца.

Галоўнае на гэты момант

  • 17 сакавіка упершыню ракетамі абстралялі Львоў. Раней пацярпеў Явараўскі палігон Львоўскай вобласьці.
  • У бамбасховішчы зьнішчанага Марыюпальскага драмтэатру хаваліся больш за тысячу мясцовых жыхароў, пераважна жанчыны і дзеці. Зь іх пасьля падзеньня расейскай бомбы вывелі каля 130. Амбудсмэн Украіны Людміла Дзянісава паведаміла, што пад заваламі тэатру застаецца больш за 1300 грамадзян.
  • Паводле папярэдніх зьвестак, 17 сакавіка ў выніку абстрэлу Падольскага раёну Кіева адзін чалавек загінуў, чатыры атрымалі траўмы, 12 асобаў выратавалі, 98 эвакуавалі.
  • 18 сакавіка расейскія войскі абстралялі шэраг аб’ектаў, у тым ліку вайсковы, у Запарожжы, у выніку чаго ўзьнік пажар, і Краматорску.
  • Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта Зяленскага аб падаўжэньні да 24 красавіка ваеннага становішча.
  • Парлямэнты Літвы, Латвіі і Эстоніі заклікалі ААН зрабіць неадкладныя захады дзеля забесьпячэньня беспалётнай зоны над Украінай, каб спыніць масавую гібель мірнага насельніцтва.
  • У Белым доме зноў заявілі, што адмовілі на просьбу Кіева аб беспалётнай зоне над Украінай. Абгрунтавалі адмову тым, што ня хочуць «увязвацца ў трэцюю сусьветную вайну», бо гэта запатрабавала б ад NATO і ЗША патэнцыйна зьбіваць расейскія самалёты.
  • Ва Ўкраіне кожны дзень у 9:00 праходзіць хвіліна маўчаньня ў памяць аб ахвярах агрэсіі Расеі.
  • Краіны Эўразьвязу ўхвалілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Па стане на 17 сакавіка ад расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 108 дзяцей і больш за 120 параненыя, паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 18 сакавіка

У Офісе Зяленскага расказалі, калі чакаюць спыненьня актыўнай фазы вайны

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў, што актыўная фаза вайны амаль завершана пад Кіевам, Харкавам, Сумамі і Чарнігавам.

«Нават калі яны дзесьці наскрабуць нейкія рэзэрвы, паспрабуюць перайсьці ў наступ, то ўсё роўна ўсё скончыцца іхнай паразай. Ну проста на тыдзень гэта ці на 10 дзён яшчэ зацягнецца», — напісаў Аляксей Арастовіч у сваім тэлеграм-канале.

«Канец тут адзін, яны стратэгічна прайгралі, прайграюць і апэратыўна. Мяркую, што сярэдзіна красавіка, канец красавіка — кіяўляне, якія зьехалі, змогуць вяртацца дадому», — дадаў Арастовіч.

У Кіеве ад пачатку агрэсіі Расеі загінулі 222 асобы і 889 атрымалі раненьні

Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя паведаміла, што ад пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў Кіеве загінулі 222 грамадзяніна, у тым ліку 60 мірных жыхароў і 4 дзіцяці.

Раненьні атрымалі 889 грамадзян, у тым ліку 241 мірны жыхар, 18 дзяцей, 3 кіроўцы хуткай дапамогі і адзін лекар хуткай дапамогі.

Войскі Расеі спрабуюць нарасьціць сілы ў напрамку Кіева

Ва Ўзброеных сілах Украіны паведамляюць, што расейскае войска спрабуе павялічыць сваю колькасьць на кіеўскім напрамку «шляхам перамяшчэньня няўзгодненых і няздольных падразьдзяленьняў» з Цэнтральнай і Ўсходняй вайсковых акругаў.

У Кіеве расейскія войскі трэці раз абстралялі гістарычны цэнтар

Чарговы ўдар зноў быў накіраваны на жылы квартал. Як паведаміла Кіеўская адміністрацыя, на месцы абстрэлу ў Падольскім раёне працуюць ратавальнікі і мэдыкі. Характар, маштабы пашкоджаньня будынкаў і колькасьць пацярпелых удакладняюць.

Лідэры ЗША і КНР абмяркуюць вайну ва Ўкраіне

Перамовы Джо Байдэна і Сі Цзіньпіна прызначаныя 18 сакавіка на 15:00 паводле кіеўскага часу. Яны маюць працягнуцца дзьве гадзіны.

Улады Кіева ўзгаднілі новыя гуманітарныя маршруты з гарадоў пад расейскімі абстрэламі

Усяго гаворка вядзецца пра 10 маршрутаў з Марыюпалю, Харкава і іншых гарадоў.

Кіеў пра новыя страты расейцаў

Украінскі бок паведамляе, што за мінулыя суткі ўдалося зьнішчыць 14 паветраных цэляў:

  • 7 самалётаў;
  • 1 верталёт;
  • 3 БПЛА;
  • 3 крылатыя ракеты.

У Расеі апошнія два тыдні пра свае страты не гавораць, магчымасьці незалежнай праверкі інфармацыі няма.

У Харкаве падчас абстрэлаў пашкодзілі будынак адной з ВНУ

У Харкаве 18 сакавіка каля 8.40 у выніку варожых абстрэлаў быў пашкоджаны будынак вышэйшай навучальнай установы і жылыя дамы.

Адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін апынуўся ў пастцы, 11 атрымалі раненьні. Пажары ліквідаваныя ў двух жылых дамах. Інфармацыя ўдакладняецца.

Няма магчымасьці пошуку людзей пад заваламі тэатру ў Марыюпалі

Ня менш за 800 чалавек заставаліся ў бамбасховішчы Драматычнага тэатру ў Марыюпалі пасьля авіяўдару, які разбурыў цэнтральную частку будынку.

Завалы тэатру ніхто не разьбірае, бо абстрэлы працягваюцца, і ў людзей няма шанцаў выбрацца, напісаў на Facebook народны дэпутат Сяргей Тарута.

Эўрапейскае касьмічнае агенцтва адмовілася супрацоўнічаць з Расеяй

Эўрапейскае касьмічнае агенцтва (ЕКА) абвясьціла, што падтрымлівае санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі і прыпыняе супрацоўніцтва зь дзяржкарпарацыяй «Роскосмос», у прыватнасьці ў сумесным расейска-эўрапейскім праекце па дасьледаваньні Марса «ЭкзаМарс» (ExoMars), сказана на сайце арганізацыі.

53 новыя ахвяры ў Чарнігаве

Расейскія вайскоўцы забілі ў сераду ў Чарнігаве 53 чалавек, паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус. Паводле яго, расейскія войскі не прарваліся да Чарнігава.

У Чарнігаве застаюцца праблемы з энэргазабесьпячэньнем, вадой, газам і цяплом. Аварыйныя брыгады спрабуюць наладзіць працу камунікацый.

Жыхароў Марыюпалю хаваюць у брацкіх магілах

Расейскія вайскоўцы, якія трымаюць аблогу Марыюпалю, не дазваляюць везьці нябожчыкаў на могілкі, таму іх хаваюць у брацкіх магілах у самым цэнтры гораду. Хаваюць людзей камунальныя службы, шмат трупаў да гэтай пары застаюцца пад заваламі, піша Forbes. Як расказаў мэр Марыюпалю Сяргей Арлоў, спачатку целы загінулых пры расейскіх атаках хавалі на Цэнтральных могілках, закрытых каля 40 гадоў таму, а потым сталі ў дзіцячым парку. Некаторых марыюпальцаў хаваюць проста ў дварах дамоў.

За час вайны расейцы ўдарылі па 43 лякарнях

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) паведаміла пра 43 удары па лякарнях і іншых мэдычных установах з пачатку вайны ва Ўкраіне. Адпаведную заяву зрабіў Майк Раян, выканаўчы дырэктар праграмы СААЗ па надзвычайных сытуацыях у галіне аховы здароўя, яго цытуе Deutsche Welle.

Паводле дадзеных арганізацыі, мінімум 33 напады зьвязаныя з ужываньнем цяжкага ўзбраеньня, у прыватнасьці агнястрэльнай зброі, танкаў, ракет, бомбаў ці мінамётаў. «Сыстэма аховы здароўя ва Ўкраіне балянсуе на мяжы», — канстатаваў Раян.

Уцекачы ад вайны

Памежная служба Польшчы паведаміла, што колькасьць уцекачоў, якія прыбылі з Украіны пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне, дасягнула 2 мільёнаў чалавек. Гэта пераважна жанчыны і дзеці. Частка зь іх кіруецца праз Польшчу транзытам.

Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з Украіны выехалі больш за 3 мільёны 270 тысяч чалавек. Апрача Польшчы, 291 тысяча ўкраінскіх грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 234 тысячы — у Славаччыну, 355 тысяч — у Малдову, 184 тысячы — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 508 тысяч — у Румынію, 2127 чалавек — у Беларусь.

Што адбываецца ў Расеі

На вайне з Украінай загінуў яшчэ адзін расейскі палкоўнік

У Расеі прызналі гібель 5 вайскоўцаў з Кастрамской вобласьці, у тым ліку камандзіра кастрамскога палку паветрана-дэсантных войскаў палкоўніка Сяргея Сухарава. Як паведаміла мясцовае аддзяленьне Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, акрамя палкоўніка Сухарава, загінулі старшы сяржант Сяргей Лебедзеў, сяржант Аляксандар Лімонаў, яфрэйтар Юры Дзягцяроў і капітан Аляксей Нікіцін.

Раней паведамлялася, што ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў баях на ўкраінскай тэрыторыі загінулі 11 высокіх военачальнікаў Расеі.

S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да катэгорыі «дэфолт больш чым верагодны»

Рэйтынгавае агенцтва S&P панізіла сувэрэнны крэдытны рэйтынг Расеі да катэгорыі СС. Гэта трэцяя зьнізу катэгорыя рэйтынгу, якая азначае, што дэфолт яшчэ не адбыўся, але ён больш чым верагодны. Сувэрэнны расейскі доўг уразьлівы для неплацяжоў, заявіла S&P, грунтуючыся на цяжкасьцях з выплатамі па эўрабондах, якія павінны былі прайсьці 16 сакавіка.

Дэфолт азначае няздольнасьць краіны плаціць па крэдытах.

У Расеі завялі першыя справы па артыкуле за «фэйкі» аб расейскай агрэсіі

Сьледчы камітэт Расеі завёў тры крымінальныя справы аб распаўсюдзе «заведама ілжывай інфармацыі» пра дзеяньні расейскай арміі.

Гэта першыя вядомыя выпадкі прымяненьня нядаўна прынятага артыкула аб крымінальным пакараньні за распаўсюджваньне фэйк-ньюсаў пра расейскае войска, паведамляе «Коммерсантъ».

«АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць імпартных камплектных частак

Супрацоўнікі «АвтоВАЗ» з 4 па 24 красавіка пойдуць у «плянавы карпаратыўны адпачынак» у сувязі з «зацяжным крызісам паставак электронных кампанэнтаў».

Найбуйнейшы ў Расеі аўтавытворца «АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць паставак імпартных камплектных частак. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на прэсавую службу кампаніі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Жыхары розных гарадоў Беларусі паведамляюць пра гукі выбухаў

У Баранавічах, Клецку, Рэчыцы, Століне, вёсцы Альманы і іншых населеных пунктах Беларусі позна ўвечары 16 сакавіка чулі выбухі, гукі стрэлаў і самалётаў.

Інфармацыю пра гукі выбухаў у некаторых згаданых гарадах Свабодзе пацьвярджаюць чытачы.

У Пінскім раёне заўважылі перавозку танкаў чыгункай у бок Берасьця

Відэа перамяшчэньня танкаў публікуе «Наша Ніва». Меркавана, іх вязуць на вучэньні. Некаторыя праўладныя тэлеграм-каналы тлумачылі ўчорашнія паведамленьні пра выбухі ў беларускіх гарадах манэўрамі, хоць усе месцы, дзе чулі выбухі, ад Берасьця вельмі далёка.

Як рэагуе сьвет

Новыя санкцыі

Японія, Аўстралія і Новая Зэляндыя ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі. Санкцыі накіраваныя на алігархаў, абаронны і фінансавы сэктары Расеі.

ЗША пачалі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю

У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 424 заканадаўцы ўхвалілі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю. Цяпер законапраект накіруюць на разгляд у Сэнат.

Прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў азначае, што пастаўкі расейскай і беларускай прадукцыі страцяць на амэрыканскім рынку рэжым найбольшага спрыяньня.
Акрамя таго, ініцыятыва патрабуе ад прадстаўніка ЗША на гандлёвых перамовах дабівацца замарожваньня ўдзелу Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі і прыпыненьня ўступу Беларусі ў гэтую арганізацыю.

Польшча прэзэнтавала NATO праект міратворчай місіі ва Ўкраіне. ЗША яго не падтрымалі

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак на сустрэчы міністраў абароны NATO ў сераду ў Брусэлі прадставіў праект стварэньня міратворчай місіі ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўраду Польшчы.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс, камэнтуючы польскую прапанову аб міратворчай місіі, сказаў, што прысутнасьць амэрыканскіх салдат на тэрыторыі Ўкраіны толькі працягне вайну.

Узбэкістан адмовіўся прызнаваць «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі рэспублікамі

Ташкент заклікаў спыніць вайну і заявіў, што працягне дастаўляць Украіне гуманітарную дапамогу. З такой заявай выступіў міністар замежных спраў Узбэкістану Абдулазіз Камілаў на пасяджэньні Сэнату Олій Мажлісу, паведамляе UzNews.uz.

ЗША заявілі пра новую дапамогу ўзбраеньнямі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў, што Злучаныя Штаты перададуць Украіне 800 сыстэм СПА, што дазволіць абараніць Украіну ад самалётаў і расейскіх крылатых ракет, а таксама боепрыпасы да іх. Кіеў таксама атрымае 9 тысяч пераносных супрацьтанкавых сыстэм, бесьпілётнікі і гранатамёты.

Кітайскі чыноўнік заявіў, што КНР падтрымае Ўкраіну эканамічна і палітычна

Прадстаўнік КНР ва Ўкраіне Фан Сяньжун на нарадзе ў Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі заявіў, што ягоная дзяржава ніколі не нападзе на Ўкраіну. Наадварот, ад Кітаю можна чакаць палітычнай і эканамічнай падтрымкі. Ён назваў Украіну стратэгічным партнэрам Кітаю і сяброўскай краінай.

«Мы ўбачылі, наколькі вялікае адзінства ўкраінскага народу, а значыць, і ягоная сіла», — дадаў Фэн Сяньжун.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG