«Армэнія гатовая ўсталяваць дыпляматычныя адносіны і адкрыць межы з Турэччынай. Я рады пачуць ад майго турэцкага калегі, што ёсьць палітычная воля, каб весьці працэс да гэтай мэты. Я лічу, што мы павінны без ваганьняў рабіць канкрэтныя крокі ў сьвеце, які хутка зьмяняецца», — прыводзіць словы Мірзаяна турэцкае агенцтва «Анадолу».
Паводле армянскага міністра, працэс нармалізацыі адносінаў паміж Турэччынай і Армэніяй праходзіць у цэлым станоўча.
«У цэлым народ Армэніі хоча нармалізацыі адносін з Турэччынай. Гэта знаходзіць адлюстраваньне і ў апытаньнях грамадзкай думкі. Вядома, і ў Армэніі, і ў Турэччыне ёсьць групы, якія скептычна ставяцца да гэтага працэсу. Службовыя асобы з абодвух бакоў павінны ўзяць на сябе палітычнае лідэрства для вырашэньня гэтых праблемаў», — падкрэсьліў кіраўнік армянскага МЗС.
Паміж Турэччынай і Армэніяй цяпер няма дыпляматычных адносін. Мяжа паміж краінамі закрытая з 1993 году. Гэта зьвязана з шэрагам абставін, у прыватнасьці, з вострай рэакцыяй Турэччыны на працэс міжнароднага прызнаньня генацыду армянаў у Асманскай імпэрыі, які Анкара адмаўляе.
Паводле ацэнак армянскіх і многіх незалежных гісторыкаў, падчас Першай сусьветнай вайны ў выніку сыстэматычных забойстваў з боку турэцкіх войскаў загінулі 1,5 млн армян. Турэцкія ўлады лічаць гэтую лічбу завышанай і настойваюць максымум на паўмільёна загінулых, тлумачачы забойства рэаліямі ваеннага часу. Турцыя не прызнае таго, што здарылася ў 1915 годзе, «генацыдам» і катэгарычна пярэчыць супраць ужываньня гэтага тэрміна ў адносінах да падзей 1915 году. Каля 30 краін сьвету ўжываюць гэты тэрмін.