Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна не прэтэндуе на ўдзел NATO ў сваёй абароне, але мае патрэбу ў новых фарматах міжнароднага супрацоўніцтва, — Зяленскі


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Украіна не прэтэндуе на ўдзел NATO у сваёй абароне, але мае патрэбу ў новых фарматах міжнароднага супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў сёньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Па словах Зяленскага, новае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну «зьнішчыла абсалютна ўсё, што трымала бясьпеку» ў Эўропе, а старыя гарантыі бясьпекі не працуюць.

«Выглядае, што некаторыя ўдзельнікі NATO загіпнатызаваныя агрэсіяй Расеі. Цяпер мы чуем шмат чутак аб Трэцяй сусьветнай вайне, што Трэцяя сусьветная можа пачацца, калі NATO закрые ўкраінскае неба для расейскіх ракетаў і самалётаў», — нагадаў ён.

Зяленскі зьвярнуў увагу на тое, што з прычыны адсутнасьці закрытай паветранай зоны над Украінай расейскія войскі працягваюць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, у тым ліку цывільных аб’ектаў, дамоў, школаў і шпіталёў.

«Зразумела, што Ўкраіна не зьяўляецца чальцом NATO. Мы гэта разумеем. Мы людзі адэкватныя. Гадамі мы чулі пра нібыта адчыненыя дзьверы, але таксама чулі, што ўваходзіць нельга. І гэта праўда, і гэта трэба прызнаць. Я рады, што нашы людзі пачынаюць гэта разумець і разьлічваюць на сябе і нашых партнэраў, якія нам дапамагаюць», — сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што Ўкраіна не прэтэндуе на актывізацыю артыкула 5 Статуту NATO, паводле якога напад на аднаго чальца Альянсу азначае напад на ўвесь Альянс. Пры гэтым ён нагадаў пазыцыю Кіева, што неба Ўкраіны трэба абараняць гэтак жа, як паветраную прастору Альянсу.

«Але мы разумеем, што заўсёды ёсьць „але“: які будзе адказ NATO саюзьнікам ва Ўсходняй Эўропе, калі яны ўжо шукаюць абароны? Калі прыляцяць расейскія ракеты, крый Божа, расейскія самалёты? Расея нанесла па нашай Львоўскай вобласьці ракетны ўдар за 20 кілямэтраў ад межаў NATO. Расейскія бесьпілётнікі ўжо ўпалі на тэрыторыю Альянсу», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

На яго думку, цяпер няма ўпэўненасьці ў тым, што ў выпадку выкарыстаньня артыкула 5 Статуту NATO саюзьнікі ня будуць знаходзіцца ў стане «самагіпнозу наконт Трэцяй сусьветнай вайны».

«Мы робім усё магчымае, каб атрымаць самалёты і супрацьпаветраную абарону. Падкрэсьліваем, што патрэбныя новыя фарматы ўзаемадзеяньня і новая рашучасьць. Калі мы ня можам увайсьці ў адчыненыя дзьверы, то мы павінны працаваць з супольнасьцямі, зь якімі мы можам працаваць, якія дапамогуць нам», — сказаў Зяленскі.

Ён нагадаў заявы расейскіх грамадзкіх дзеячоў, якія кажуць, што Расея ня будзе абмяжоўвацца агрэсіяй супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG