Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тады і Майдан — расейская спэцапэрацыя? Тры рэчы, якія зьдзівілі ў бліскучым тэксьце Портнікава пра беларусаў


Эўрамайдан у Кіеве. 2014 год
Эўрамайдан у Кіеве. 2014 год

Украінскі публіцыст Віталь Портнікаў напісаў бліскучы тэкст пра тое, што ён ня будзе зьневажаць беларусаў, як гэта робяць некаторыя яго суайчыньнікі, за тое, што расейская армія выкарыстоўвае Беларусь як прахадны двор, зь якога забівае ўкраінцаў, а беларусы ня ў стане гэта спыніць. Але ёсьць нюанс.

Портнікаў слушна піша (бо быў сьведкам), як у 90-я маладую Беларусь, якая супрацьстаяла вяртаньню ў савок, літаральна закочвалі ў асфальт. І што калі б беларусы не падтрымлівалі крыважэрнага бандыта і не пражылі дзесяцігодзьдзяў у нацыянальнай і маральнай сумятні, то маглі б пазьбегнуць усяго гэтага кашмару.

Тое, што кажа Портнікаў, усё горкая праўда, тут няма з чым спрачацца. Можна колькі заўгодна шукаць прычыны і апраўданьні (шмат зь якіх нават цалкам справядлівыя), але гэта не зьмяняе факту, што ўсталяваньне аўтарытарнай сыстэмы ў Беларусі — гэта віна большасьці беларусаў, якія не цікавіліся палітыкай і аддалі вэртыкалі тое, што мусілі самі будаваць у гарызанталі. Праўда, сорам за гэтае бязьдзеяньне сваіх суачыньнікаў сёньня найбольш адчуваюць акурат тыя, хто ніколі не маўчаў і не пераставаў супраціўляцца.

Але ёсьць рэчы, зь якімі немагчыма пагадзіцца. Віталь Портнікаў называе прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе «клясычнай расейскай спэцапэрацыяй па запалохваньні непакорнага беларускага дыктатара». Тут як у вядомым анэкдоце. Не беларускі, а антыбеларускі. Не непакорны, а супэрляяльны. Не спэцапэрацыя Расеі, а выбух Беларусі. А ўсё іншае праўда.

1) Усе 28 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе — гэта гісторыя зьнішчэньня беларускасьці, якой ён пагарджае і цалкам слушна лічыць небясьпечнай для сябе. Гісторыя беларускага руху, яе героі — гэта гісторыя барацьбы за свабоду, а не аўтарытарызм. Але ня толькі заходні эўрапеец будзе мець клопат, каб зразумець, як гэта ўласная дзяржава можа сябе так паводзіць адносна сваёй мовы і гісторыі, палохаць грамадзян сваёй жа мовай. Часам такое цяжка патлумачыць украінцу, дзе нават прарасейскі Януковіч быў вымушаны вывучыць украінскую, бо інакш украінцы б яго вывезьлі на тачцы. На жаль, мы аказаліся значна слабейшымі ў гэтым пляне, чым украінцы. І хай гэта будзе нам урокам.

2) Лукашэнка можа шчыра ненавідзець Пуціна, і гэтае пачуцьцё можа быць узаемным. Але гэта ніяк не пярэчыць таму, што ад першага дня ва ўладзе Лукашэнка праводзіць прарасейскую лінію і ў палітыцы, і ў эканоміцы. Ён ня вытрывае нікога на палітычным полі, хто хоча «падсядзець» яго як адзінага прамаскоўскага гульца. На прарасейскасьць у яго манаполія. І наступствы гэтага мы назіраем сёньня, калі нават апанэнты Лукашэнкі могуць цалкам нармальна сумяшчаць у сваёй галаве тэзісы пра «спэцапэрацыю РФ ва Ўкраіне» і баяцца ўкраінскай хімічнай зброі (якая аказалася папраўдзе дасьледаваньнем кішэчнай палачкі). Дзясяткі гадоў мы глядзім сэрыял, дзе эмоцыі, як у «Санта-Барбары»: то яны сварацца, ляпаюць дзьвярыма, потым цалуюцца, потым пагражаюць разводам, а пасьля зноў абдымаюцца. Але ўсё гэта нюансы, у сухім астатку нічога не мянялася. Гістэрыкі Лукашэнкі перад Пуціным — гэта ня доказ яго непакорнасьці, гэта як сямейная сцэна зь біцьцём шкла, якая заканчваецца жарсным сэксам.

3) Але самае сумнае для мяне ў тэксьце Віталя Портнікава — гэта апісаньне прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе як расейскай апэрацыі. То бок уздым Беларусі як наступства пляну Пуціна. Усю геніяльнасьць Уладзіміра Пуціна мы бачылі ў няздольнасьці ягоных спэцслужбаў нанесьці на трусы атруту, каб забіць Навальнага, якіх ён пасьля яшчэ добра патроліў, прымусіўшы расьпісацца ва ўласнай бездапаможнасьці. Геніяльнасьць ягоных найлепшых розумаў мы цяпер бачым ва Ўкраіне, дзе «адна з самых магутных армій сьвету» трэці тыдзень ня можа захапіць раённы цэнтар Нежын на Чарнігаўшчыне.

Беларускі пратэст 2020 году — гэта спрэс беларуская «апэрацыя». Беларусы маглі б праглынуць і 83%, і гвалт, як гэта было, на жаль, раней, або спалохацца першых трох дзён гвалту і не высоўвацца. Бо ўсё было так, як было да гэтага. Але нешта пераключылася ў сьвядомасьці. Не даравалі. І Пуцін да гэтага ня мае ніякага дачыненьня. Гэта ня Пуцін ініцыяваў маршы па Менску з морам бел-чырвона-белых сьцягоў і пікеты нават у вёсках. Пратэсты аслабілі Лукашэнку, а слабейшы Лукашэнка карысны Маскве, таму Крэмль сытуацыйна скарыстаўся падзеямі. Але гаварыць, што гэта спэцапэрацыя Расеі, — тое самае, што называць Майдан-2014 расейскай спэцапэрацыяй, якая аслабіла Ўкраіну і дазволіла Пуціну анэксаваць Крым і Данбас. Беларускі народ засьведчыў сваю суб’ектнасьць. А цаною гэтага стала, па сутнасьці, акупацыя Беларусі. Гэтаксама як Украіна «заплаціла» Крымам і Данбасам за тое, што паказала Пуціну, што ў іх дзяржаве гаспадар — народ, а не наняты на 5 гадоў Януковіч.

«Ня ўсе разумеюць тонкасьці, таму лёгка паддаюцца на лжывую інфармацыю пра тое, што беларусы пасіўныя або што яны падтрымліваюць афіцыйную лінію Лукашэнкі», — сказаў некалькі дзён таму ў інтэрвію Свабодзе былы дырэктар украінскай службы Радыё Свабода і былы прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў у Беларусі, шэф-рэдактар газэты Kyiv Post Багдан Нагайла.

Былы ўкраінскі дыплямат у пяці сказах патлумачыў тое, што беларусы гадамі хочуць данесьці сьвету:

«Я думаю, тыя ўкраінцы, якія заўсёды ганарацца памаранчавай рэвалюцыяй і Майданам, не разумеюць маштабаў таго тэрору, які робіць Лукашэнка, той грубай сілы, якой ён задушыў пратэсты. Ва Ўкраіне такога не было. Быў Майдан, і быў слабак Януковіч. Януковіч не Лукашэнка; калі б ён быў Лукашэнкам, невядома, ці быў бы Майдан. Магчыма, за ноч усё б было разьбіта».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG