Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы забілі чатырох маіх суседзяў»: беларускі палітоляг Тышкевіч пра шэсьць дзён жыцьця пад расейскай акупацыяй


Эвакуацыя з Бучы пад Кіевам, 9 сакавіка
Эвакуацыя з Бучы пад Кіевам, 9 сакавіка

Ігар Тышкевіч — вядомы ў Беларусі палітоляг. Ад 2008 году ён жыве ва Ўкраіне, ад 2016-га — у пасёлку Ворзель пад Кіевам. Гэта зусім побач з Бучай, Ірпянём, Гастомелем. У гэтых населеных пунктах праходзілі найбольш жорсткія баі ўкраінскай арміі і тэрытарыяльнай абароны з расейскім войскам.

Сам Тышкевіч прыняў рашэньне заставацца на месцы. «Па-першае, гэта мой дом. Па-другое, куды я паеду са сваім заапаркам?», — кажа ён. Ігар мае трох катоў, а ў першыя дні вайны прытуліў яшчэ кантужанага сабаку.

Шэсьць дзён з Тышкевічам не было ніякай сувязі. Цяпер Ігару ўдалося пасьпяхова эвакуавацца ў Кіеў. Пра свой досьвед жыцьця пад акупацыяй палітоляг расказаў Свабодзе.

«Ужо ў першы дзень вайны чулі стрэлы»

Спадар Тышкевіч кажа, што ягоны Ворзель на лініі фронту апынуўся фактычна ўжо ў першы дзень вайны. Справа ў тым, што ад яго да Гастомеля, дзе адбываліся баі за аэрапорт, усяго сем кілямэтраў.

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

«Варта разумець, што Ворзель, Гастомель, Ірпень, Буча — гэта адна такая вялікая аглямэрацыя. Таму ўжо ў першы дзень вайны былі чуваць і стрэлы, і кананада. Калі калёны расейскай тэхнікі прарваліся зь Беларусі, то яны спачатку пайшлі на дапамогу ў Гастомель, абмінаючы Ворзель. Але пасьля таго як яны не прайшлі па трасе, што ідзе ў бок Горынкі, не прарваліся на Ірпень, бо і там, і там калёны спалілі, тады зьвярнулі ўвагу на Ворзель. Наша паселішча спачатку было ў шэрай зоне, а пасьля на лініі фронту», — кажа Тышкевіч.

Па ягоных словах, ужо з трэцяга дня вайны людзі выходзілі на вуліцу, адчуваючы небясьпеку. Насельніцтва Ворзеля — каля 6 тысяч чалавек, у тэрытарыяльнай абароне было блізу ста чалавек.

«Яны пэрыядычна зьнішчалі расейскія групы. Калі ж пайшлі расейскія калёны тэхнікі, то толькі ў першай было каля дзевяноста адзінак, таму, вядома, сто чалавек іх ня спыняць».

«Людзі засталіся без усіх выгод»

Ігар расказвае, што спачатку ў дамах зьнікла электрычнасьць, бо падчас баёў на трасе пацярпелі падстанцыі. У многіх дамах стала холадна, бо ацяпленьне залежала ад газавых катлоў, якія рэгуляваліся электрычнасьцю. Таксама зьнікла і вада, бо помпы працуюць на электрычнасьці.

«Канчаткова ў Ворзель расейскія войскі ўварваліся 28 лютага, яны нішчылі ўсю інфраструктуру, у дамах тады зьнік і газ. Людзі заставаліся без усіх выгод сучаснай цывілізацыі. Асабіста ў мяне ўсё прапала 2 сакавіка», — кажа палітоляг.

Тым ня менш людзі праяўлялі згуртаванасьць. У кагосьці дома засталіся генэратары, з дапамогай якіх можна было дастаць ваду, так людзі хадзілі па ваду да суседзяў.

«Без узаемападтрымкі ў такой сытуацыі ня выжыць, нават у пабытовых рэчах. Напрыклад, адзін ідзе па ваду, другі гатуе, трэці слухае, ці ня едуць акупанты. Не абавязкова жыць разам, але без такой падтрымкі цяжка».

«Гатэль, дзе забілі „Літвіна“, — за 250 мэтраў ад майго дому»

2–3 сакавіка ў Ворзелі зьявілася вялікая калёна расейскай тэхнікі, таму нават перасоўвацца можна было толькі кароткімі перабежкамі, кажа Тышкевіч.

«Пачалі зьнішчаць вежы мабільнай сувязі. Усе ключавыя баі за Бучу адбываліся каля майго дома — гэта якраз мяжа Ворзеля і Бучы. Каб вы разумелі, гатэль Villa San Marino, дзе загінуў беларускі добраахвотнік Ільля „Літвін“ — гэта за 250 мэтраў ад майго дому. Хлопцам сапраўды не пашанцавала. Па маіх падліках, менавіта ў той дзень у Ворзель зайшла самая вялікая калёна расейскай тэхнікі — каля 110 адзінак».

«Ніхто ня быў ахвярай выпадковага стрэлу»

Ігар кажа, што далей пайшло «звычайнае жыцьцё пад акупацыяй».

«Акупанты ўрываюцца ў дамы, акупанты расстрэльваюць. У маім жыльлёвым комплексе „Квітковы“ пяць невялікіх двухпавярховых дамоў, застаўся на месцы 41 чалавек.

У выніку расейцы забілі чатырох чалавек: ніхто зь іх ня быў ахвярай выпадковага стрэлу. Аднаго суседа зьняў снайпэр, калі ён выйшаў на гаўбец пакурыць. Другі выносіў сьмецьце; ехала калёна — яго расстралялі. Трэці працаваў зь сельскай радай у гуманітарных пытаньнях, як накарміць людзей, яго расстралялі. Чацьвёрты проста ішоў дадому, калі ля ягонага падворка вырашыў спыніцца БТР. Вынік той самы».

Тышкевіч зьвяртае ўвагу, што пры гэтым расейскія і беларускія афіцыйныя мэдыя пішуць, што ахвяраў сярод мірных жыхароў няма.

«Такі вось вынік „дэнацыфікацыі“. Прабачце, але наўмысна расстралялі 10% жыхароў! Магчыма, нават нямецкія акупанты на першых этапах вайны ў 1941 годзе былі больш гуманнымі».

«На тое, што не маглі забраць, справілі вялікую і малую патрэбы»

На ноч расейцы ставілі сваю тэхніку каля жылых дамоў у Ворзелі, каб украінская армія не магла наносіць туды ўдары.

«Вечарамі яны якраз урываліся ў дамы, у людзей адбіралі мабільнікі, разьбівалі ўсю тэхніку, апроч тэлевізійнай, якую яны кралі. Марадэрства квітнела і набывала абсурдны характар, калі кралі нават жаночыя рэчы. У некаторых дамах на тыя рэчы, якія яны не змаглі забраць, акупанты спраўлялі вялікую і малую патрэбу. Я не перабольшваю, яны проста сц..лі і ср..лі на рэчы».

Залогам выжываньня ў такіх умовах Тышкевіч называе добры слых — каб пачуць гук тэхнікі, якая набліжаецца.

«У такія моманты забягаеш у памяшканьне і не падыходзіш да вокнаў. Выбухі і стрэлы ўжо не лічыліся небясьпечнымі, людзі іх успрымалі спакойна, чалавек да ўсяго можа прызвычаіцца».

«Рухі са сьвятлом у цемры былі непажаданымі»

Для гаспадарчых патрэб даводзілася тапіць сьнег, працягвае аповед палітоляг.

«Саграваліся як маглі, у хаце сагрэцца было немагчыма, але палілі невялікія мангальчыкі. Жыць даводзілася ў сьветлую пару, бо ўначы любы агеньчык — гэта мішэнь для снайпэра. Яны вельмі ахвотна практыкаваліся на мірным насельніцтве. Пастраляць па вокнах дамоў, па машынах — гэта лічылася для іх нармальнай справай. У цемры былі непажаданымі лішнія рухі са сьвятлом».

Ніякай інфраструктуры для завозу ежы ці вады не было. Немагчыма было і атрымаць мэдычную дапамогу. Людзі выжывалі дзякуючы таму, што заставалася ў лядоўні, а таксама нейкім уласным запасам.

«Аддаць тэлефон зь перапіскай — быць наступным у расстрэльным сьпісе»

Давялося Тышкевічу паразмаўляць з тымі людзьмі, якія захапілі Ворзель.

«Яны ўрываліся ў кожную хату. Першае маё знаёмства было, калі калёна з Ірпяня вярнулася да нас на адпачынак. Дакладней, гэта была частка калёны, што мяне вельмі парадавала. Знэрваваныя, яны забягалі ў кватэры, пагражалі, патрабавалі дакумэнты і мабільныя тэлефоны».

Ігар аддаў ім стары мабільнік, але зь дзейнай сімкай, інакш было ніяк.

«Аддаваць тэлефон з працоўнай перапіскай азначае, што ты будзеш наступным у расстрэльным сьпісе».

«Баяцца ўсе, але важна гаварыць спакойна»

Расейскія вайскоўцы пыталіся, чаму ён ня зьехаў з Ворзеля. На гэта Ігар паказваў на сваіх хатніх гадаванцаў, маўляў, куды іх кінуць.

«Я, вядома, баяўся, але размаўляў спакойна: кажу, сабака глухі, сабаку не страляйце, са мной рабіце што трэба. Іх гэта зьбіла з панталыку. Абсалютна розныя людзі. Былі такія, што пыталіся ў мяне, як доўга я жыву ў гэтым „пекле“. „У сэнсе пекле?“ Ну тут жа нацыяналісты, кажуць. Адказваю: „Паглядзіце на гэты дом і зразумейце, што да вайны тут пекла не было“.

Другі танкіст прасіў: „Не серчайте на нас“, маўляў, мы толькі з-пад абстрэлу. Мяне чорт тузануў спытаць, ці тая гэта калёна, якая праходзіла напярэдадні. Адказвае, што так. „І гэта вас столькі выжыла?“ Адказвае зноў, што так. „Ох, як добра!“ — вырвалася ў мяне. Мабыць, хлопец падумаў: „Добра, што выжылі“».

Тышкевіч лічыць: чым спакайней размаўляеш з салдатам, тым больш шанцаў на тое, што ён у цябе ня стрэліць.

«У маім выпадку гэта спрацавала. Я ня ведаю, ці ўнівэрсальны гэта рэцэпт. Я не скажу, што быў такі бясстрашны і нічога не баяўся — баяцца ўсе».

«Забраў трох катоў, а сабаку ня змог»

Выехаць з Ворзеля Тышкевічу ўдалося 9 сакавіка. У гэты дзень праз пасёлак праходзіла калёна, якая вывозіла людзей па «зялёным калідоры». Ігар спытаўся ў супрацоўнікаў МНС, ці ёсьць месца, акурат было адно, але якраз у гэты час выйшла яшчэ адна жанчына з жыльлёвага комплексу, таму ён саступіў ёй месца.

«У суседа, які прывозіў у Ворзель прадукты, расстралялі машыну: не было шыбы, былі скразныя дзіркі, але яму ўдалося гэтую машыну завесьці. Паколькі машына бяз шыбы, а на вуліцы мінус 4, то шмат людзей не пасадзіш у яе, ён спыніўся ля мяне і прапанаваў ехаць. Я забраў з сабой траіх катоў, але сабаку забраць ня здолеў, пра што вельмі шкадую».

Цяпер Ігар у Кіеве, плянуе далей заставацца ва ўкраінскай сталіцы. Кажа, што сваё стаўленьне да расейскай арміі зьмянілі нават тыя людзі, якія былі нэўтральнымі.

«У пад’езьдзе быў мужчына, які казаў, што палітыкай не цікавіцца. Пад канец ён ужо проста казаў „ненавіджу“ ў бок тых людзей, якія занялі Ворзель. Яму трэба было вывезьці сям’ю, я не зьдзіўлюся, калі ён вернецца ўжо ў тэрытарыяльную абарону. Любая вонкавая пагроза гуртуе ўкраінцаў, а такія нацысцкія дзеяньні проста азлабляюць», — падсумоўвае палітоляг Ігар Тышкевіч.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG