У кароткай прамове Зяленскі пералічыў дні новай агрэсіі Расеі супраць Украіны, нагадаўшы аб абстрэлах жылых кварталаў гарадоў, абстрэлах Запароскай атамнай электрастанцыі, супраціве памежнікаў на востраве Зьмяіны.
«Калі расейскі карабель патрабаваў ад нашых хлопцаў скласьці зброю, яны адказалі яму — так моцна, як нельга гаварыць у парлямэнце. І мы адчулі сілу, вялікую сілу нашага народу, які будзе да канца гнаць акупанта. На трэці дзень акупацыі, не хаваючыся, білі проста па людзях, па жылых дамах артылерыяй, авіябомбамі, і гэта канчаткова паказала нам, сьвету, хто ёсьць хто — хто вялікія людзі, а хто проста зьвяры», — пракамэнтаваў прэзыдэнт.
Ён згадаў аб абстрэле Бабінага Яра ў Кіеве, разбурэньні цэркваў і шпіталяў ракетнымі і авіяўдарамі. «На дзявяты дзень мы слухалі сустрэчу краін NATO без жаданага для нас выніку, бяз мужнасьці — так, мы адчулі гэта. Я не хачу нікога пакрыўдзіць, мы адчулі, што альянсы бязьдзейнічаюць, нават неба закрыць ня могуць. Таму гарантыі бясьпекі ў Эўропе трэба будаваць з нуля», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Зяленскі адзначыў супраціў бяззбройных жыхароў акупаваных украінскіх гарадоў, выказаўшы думку, што «сотні тысяч людзей, цэлыя гарады» сталі героямі.
«На 13-ы дзень у блякаваным расейскімі войскамі Марыюпалі памерла дзіця ад абязводжваньня. Ад абязводжваньня! Яны не прапускаюць ні харчовых прадуктаў, ні вады не даюць людзям. Проста заблякавалі. І яны ў падвалах. Я думаю, усе чуюць, там у людзей няма вады. За 13 дзён рускага ўварваньня было забіта 50 дзяцей, 50 вялікіх пакутнікаў. Гэта страшна», — сказаў прэзыдэнт.
Паводле Зяленскага, Украіна «не імкнулася да велічы, а стала вялікай». Ён нагадаў вядомую цытату з «Гамлета» ангельскага драматурга Ўільяма Шэксьпіра, а затым урывак з гістарычнай прамовы брытанскага прэм’ер-міністра Ўінстана Чэрчыля падчас Другой сусьветнай вайны:
«Дзе, як ня тут, нагадаць вам словы, якія Вялікая Брытанія ўжо чула і якія зноў актуальныя: мы не здамося і не прайграем. Мы пойдзем да канца, мы будзем змагацца на морах, будзем біцца ў паветры, мы будзем абараняць нашу зямлю, якой бы ні была цана. Мы будзем біцца ў лясах, палях, на ўзьбярэжжах, у гарадах і сёлах, на вуліцах, мы будзем біцца на ўзгорках. Я хачу ад сябе дадаць: мы будзем біцца паўсюль, на тэрыконах, на беразе Кальміюса і Дняпра, і мы не здамося. Вядома, з вашай дапамогай, з дапамогай цывілізацыі вялікіх кран, з вашай падтрымкай, за якую мы ўдзячныя і на якую вельмі разьлічваем. І я асобна ўдзячны табе, Борыс, мой сябар», — дадаў ён, зьвяртаючыся да кіраўніка брытанскага ўраду Борыса Джонсана.
Зяленскі заклікаў Лёндан узмацніць санкцыі супраць Расеі і прызнаць яе «дзяржавай-тэрарыстам», а таксама знайсьці спосаб засьцерагчы ўкраінскае неба ад расейскай авіяцыі.