Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы — гэта людзі, а не „вусаты-сіняпалы“». Беларуска за ноч прыняла ў сваёй польскай хаце 120 уцекачоў з Украіны


Вольга Адамовіч ў цэнтры, у салатавай майцы
Вольга Адамовіч ў цэнтры, у салатавай майцы

Беларуска Вольга Адамовіч 22 гады жыве ў польскім Любліне. Пасьля пачатку вайны яна вырашыла дапамагчы некалькім украінскім уцекачам. Вольга разьмясьціла абвестку на Facebook, што прыме «да дзесяці» ўкраінцаў. У выніку ўчора ў яе доме начавалі 120 уцекачоў.

Пра гэта Вольга расказала Свабодзе.

Цяпер дзеці Вольгі начуюць у суседзяў, сама яна — у гатэлі. У яе адзін вялікі трохпавярховы дом, на ўчастку ёсьць яшчэ адзін, але той толькі будуецца. Недабудаваны дом выкарыстоўваецца цяпер як склад. Жылы заняты ўцекачамі.

«Напісала абвестку, што прыму ўцекачоў, да дзесяці чалавек. Сёньня ў мяне начавалі 120 чалавек, хоць мы з памагатымі, нашай камандай, „стварылі“ 60 месцаў, дзе можна ляжаць, так бы мовіць. 80 чалавек мы сёньня адправілі ў Нямеччыну — па іх прыехалі аўтобусы. Прычым у нашым доме перабылі ня толькі ўкраінцы — у асноўным жанчыны зь дзецьмі, але і грамадзяне Нігерыі, Лібану, Эгіпту. Усе ўцякаюць ад вайны. Дзеці, якія былі ў нас, — ад немаўлят і да 17 гадоў. Былі і людзі старэйшага веку, але мала», — расказала Вольга.

Да яе асабістай дапамогі далучыліся сябры, іншыя групы памагатых, і ня толькі з Польшчы.

Вольга Адамовіч
Вольга Адамовіч

«Пачаліся рэпосты, тэлефанаваньні, пачалі тэлефанаваць розныя арганізацыі, валянтэры. І пайшло ўсё як сьнежны камяк. Людзі, суседзі вязуць ежу, вопратку, бялізну, сродкі гігіены. Прыяжджае дапамога і зь Нямеччыны. Таксама ежу для ўцекачоў прывозяць мясцовыя рэстаратары. Цяжка, сьпім па дзьве гадзіны. Але як можам, так і спраўляемся. Пакуль едзем на адрэналіне. Нас ніхто не фінансуе. Адкрылі збор на Facebook, але пакуль ён на стадыі праверкі», — дадала беларуска.

Яна ўбачыла і пачула шмат трагічных гісторый ад украінцаў, якія начавалі ў яе доме.

«Гэта вайна, гэта гора. Украінцам, якія ўжо ў Польшчы, тэлефануюць сваякі адтуль… Некаторыя — каб разьвітацца. Паведамляюць пра гібель блізкіх там. Спачатку да нас ехалі з заходняй Украіны, але там так моцна вайна пакуль не адчувалася. Цяпер едуць з усходняй, напрыклад з Харкава. Людзі кажуць, што дамоў, дзе яны жылі ў Харкаве, цяпер проста не існуе — іх разбамбілі. Столькі страшных гісторый… Прыехала 12-гадовая дзяўчынка — яна самастойна перасякала мяжу.

Тое, што ў нас начавалі 120 чалавек — гэта вяршыня айсбэрга. Уцекачоў будзе штораз больш. Мы будзем прыкладаць усе намаганьні, каб дапамагаць ім. Некаторыя першыя ўцекачы маглі круціць носам, што ў нас ня надта ўмовы. Цяпер жа людзі прыяжджаюць у такім шокавым стане, што яны ўдзячныя за дах над галавой», — кажа Вольга.

Нэгатыўнага стаўленьня праз тое, што яна беларуска, Вольга ня бачыла.

«Яшчэ калі былі першыя ўцекачы, якія ня бачылі рэальнай вайны, то быў час паразмаўляць і падыскутаваць. Я тлумачыла, што беларусы — гэта людзі, а не „вусаты-сіняпалы“. Мы добры і міралюбны народ. Цяпер жа не да дыскусій. Людзі рады любой дапамозе. Яны прыяжджаюць у нядобрым фізычным і псыхалягічным стане», — дадае беларуска.

У большасьці выпадкаў людзі тут надоўга не затрымліваюцца. У доме пастаянная ратацыя. Плынь уцекачоў на ўкраінска-польскай мяжы не спыняецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG