Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выратуе Кітай сьвет у выпадку найгоршага сцэнару разьвіцьця вайны?


Сі Цзіньпін, лідэр Кітаю
Сі Цзіньпін, лідэр Кітаю

Пытаньне аб прадухіленьні найгоршага сцэнару разьвіцьця падзеяў — перарастаньня цяперашняй вайны ў сусьветную і ядзерную.

Мэханізмаў гэтага перарастаньня можа быць некалькі.

  • NATO усё ж усталюе беспалётную зону над Украінай, пачне зьбіваць расейскія самалёты, Расея ў адказ нанясе ядзерны ўдар — і пачалося.
  • Расея не дасягае посьпеху ва Ўкраіне канвэнцыйнай зброяй і зьвяртаецца да неканвэнцыйнай.
  • Расея прыходзіць да высновы, што цяжар санкцыяў, накладзеных на яе за вайну з Украінай, зьнішчыць яе эканоміку, і выстаўляе Захаду ўльтыматум: ці вы здымеце санкцыі, ці мы націскаем на кнопку.

Як казаў Пуцін, «вы здохнеце, а мы ў рай трапім».

Амэрыканскі родапачынальнік тэорый ядзернай вайны Герман Кан называў жанр сваіх навуковых пошукаў «думкамі аб неверагодным». Цяпер упершыню з Карыбскага крызісу падобныя сцэнары выглядаюць хаця пакуль не вельмі імавернымі, але ўжо не неверагоднымі.

Уяўляецца, аднак, што цяпер у сусьветнай палітыцы ёсьць адзін фактар, які перашкаджае рэалізацыі такога сцэнару — гэта Кітай.

Ён перашкаджае гэтаму дваяка.

У выпадку ядзернага Армагедону Кітай будзе ўжо зусім безь віны вінаваты. Менавіта таму, калі сытуацыя падыдзе да небясьпечнай рысы, ён умяшаецца, ён не дазволіць пачаць глябальную вайну, якая прывядзе да непрадказальных наступстваў, для Кітаю ў тым ліку. Якую формулу ўрэгуляваньня накіне Пэкін варагуючым бакам — цяжка сказаць. Магчыма, яна не спадабаецца ўсім, і Расеі таксама (і ці не найперш). Але па-філязофску назіраць за сытуацыяй Кітай дакладна ня будзе.

А другі чыньнік кітайскага стрымліваньня найгоршага сцэнару палягае як раз у тым, што будучыню пасьля неверагоднага ўсё ж збольшага можна і прадказаць. Мао Цзэдун казаў: «Калі нават палова сьвету загіне ў ядзернай вайне, астатняя палова сьвету будзе сацыялістычнай».

Можна ўдакладніць клясыка — не сацыялістычнай, а кітайскай. Дапусьцім, што Захад «здохне»; дапусьцім нават, што расейцы «трапяць у рай». А кітайцы? А кітайцы будуць кіраваць сьветам. Вялікай Расеі ў гэтым сьвеце ўжо не будзе, але ён не застанецца безь вялікіх. Нават у рамках эсхаталягічнай карціны сьвету Пуціна якая радасьць, якая найвышэйшая Боская справядлівасьць будзе ў такім сцэнары?

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG