У Маскве вучань 6-й клясы падчас уроку гісторыі выказаў свой погляд на вайну ва Ўкраіне, пасьля чаго на яго выклікалі ў паліцыю, піша «Новая газета».
Кірылу 12 гадоў. Па словах ягонайй маці Натальлі, хлопчык мае ўкраінскія карані, ён наведваў Украінскі культурны цэнтар. 4 сакавіка на ўроку гісторыі ён задаваў пытаньні настаўніцы наконт вайны ва Ўкраіне і выказваў сваю думку. Паводле яго, настаўніца, у прыватнасьці, гаварыла, што сьцьвярджэньні аб ваенным уварваньні расейскіх войскаў і біцьці праціўнікаў вайны на мітынгах зьяўляюцца «фэйкамі», прыдуманымі «спэцыялістамі» з Украіны і ЗША. Саміх украінцаў яна назвала «нацыстамі».
Яна абвінаваціла Ўкраіну ў тым, што яна пачала вайну, і сказала, што тая скончыцца тады, калі Ўкраіна капітулюе. Вучань не пагадзіўся з выкладчыцай, а пасьля ўроку выгукнуў лёзунг «Слава Ўкраіне!»
На наступны дзень маці патэлефанавалі з паліцыі, аднак яна папрасіла даслаць позву і не пайшла туды. На другі дзень ёй патэлефанавала клясная кіраўніца сына, якая паведаміла, што зь ёй і сынам жадаюць правесьці гутарку супрацоўнікі інспэкцыі ў справах непаўналетніх.
Натальля прыехала ў школу і напісала заяву, што забірае сына «ў сувязі з тым, што на дзіця аказваюць ціск і ствараюць невыносныя ўмовы для атрыманьня адукацыі» за яго палітычныя погляды. Пасадзіла яго ў таксі і павезла на працу.
На наступны дзень, у нядзелю, Натальля паехала на працу, а Кірыл быў дома адзін. Дадому прыйшлі двое паліцыянтаў, аднак школьнік ім дзьвярэй не адчыніў. Праз паўгадзіны яны пайшлі, але перад гэтым выключылі электрычнасьць. Пад дзьвярыма пакінулі позву аб «выкліку на допыт» з пагрозай «падвергнуць прываду» ў выпадку няяўкі.
У канцы лютага расейскія школы атрымалі рэкамэндацыі аб правядзеньні ўрокаў аб вайне ва Ўкраіне. Матэрыялы ў агульных рысах паўтараюць аргумэнты, выкарыстаныя прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным для апраўданьня ўварваньня, якія трансьлююцца і іншымі афіцыйнымі асобамі і СМІ. Напрыклад, на магчымае пытаньне «Гэта вайна з Украінай?» настаўніку прапануецца адказаць: «Ідзе не вайна з Украінай, а спэцыяльная міратворчая апэрацыя, мэта якой — стрымаць нацыяналістаў, якія прыгнятаюць расейскамоўнае насельніцтва».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.