У Марыюпалі ад абязводжваньня загінула дзіця
Горад на мяжы гуманітарнай катастрофы. Там не хапае ежы і вады.
Пра гэта заявіў Уладзімер Зяленскі ў новым відэазвароце. Марыюпаль адключаны ад сьвятла і вадаправоду. Гуманітарны калідор з Марыюпалю сёньня не адкрылі, хаця яго чакаюць ужо чацьвёрты дзень. Цяпер туды накіравалі машыны з харчамі і гуманітарнай дапамогай. Зяленскі, як і кожны дзень, сёньня заклікаў NATO закрыць неба над Украінай для расейскіх самалётаў і ракет, а таксама паставіць Украіне сучасныя самалёты.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
У Берасьці міліцыя не пусьціла людзей да помніка Тарасу Шаўчэнку
Напярэдадні дня нараджэньня ўкраінскага клясыка каля помніка, які стаіць на аднайменным бульвары ў Берасьці, меўся адбыцца мітынг, які ўлады папярэдне дазволілі. Але ў выніку міліцыя не пускала людзей да помніка.
Таксма каля помніка затрымалі жыхара гораду Алега Вялава, паведамілі чытачы.
УСУ зноў паведамляюць пра зрыў эвакуацыі з Марыюпалю Расеяй
Для эвакуацыі мірных жыхароў Марыюпалю па адзіным маршруце абаронцы гораду расчысьцілі дарогі ад мінаў, зьнялі інжынэрныя заслоны і г.д., паведамляюць УСУ.
Аднак расейскія вайскоўцы ня выпусьцілі дзяцей, жанчын і старых з гораду. Расейцы распачалі атаку ў кірунку калідора.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Кампанія Shell абвесьціла аб адмове ад расейскіх нафты і газу
Пра гэта паведамляе Bloomberg. Shell абвясьціла, што мае намер адмовіцца ад удзелу ва ўсіх нафтагазавых праектах у Расеі, у якасьці першага кроку спыніць спотавыя закупкі расейскай нафты.
Колькасьць уцекачоў з Украіны дасягнула 2 млн чалавек
Колькасьць уцекачоў з Украіны з-за расейскай агрэсіі імкліва расьце штодня. Трагедыя разьвіваецца вышэйшымі тэмпамі за падзеі ў Босьніі і Косаве 90-х гадоў.
Вярхоўны камісар ААН у справах бежанцаў Філіпа Грандзі пасьля наведваньня Малдовы, Польшчы і Румыніі пацьвердзіў, што колькасьць людзей, якія ўцякаюць ад вайны ва Ўкраіне, дасягнула 2 мільёнаў чалавек.
Дарадца Зяленскага абвергнуў інфармацыю, што расейцы захапілі Ізюм
Горад у Харкаўскай вобласьці зазнаў мноства стратаў, але застаецца пад кантролем Украіны. За яго ў гэты момант ідуць баі. Расейцы праз роспач, што не ўдаецца захапіць ніводзін буйны ўкраінскі горад, пачалі рабіць акцэнт на псыхалягічным ціску на мясцовае насельніцтва.
Войскі РФ пачалі атаку гуманітарнага калідора ў Марыюпалі
Чарговым разам расейскія агрэсары парушылі дамоўленасьці пра вываз мірных жыхароў з гарадоў. Сёньня расейскія войскі пачалі атаку ў кірунку гуманітарнага калідора ў Марыюпалі, заявілі ў штабе ўкраінскай Апэрацыі аб’яднаных сілаў.
«Для эвакуацыі мірнага насельніцтва Марыюпалю па адзіным маршруце абаронцы гораду зрабілі шэраг захадаў: расчысьцілі дарогі ад мінаў, зьнялі інжынэрныя загароды і іншае. Аднак акупанты ня выпусьцілі з гораду дзяцей, жанчын і старых. Праціўнік нанёс атаку ў напрамку гуманітарнага калідора», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раней у Запароскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі паведамілі, што з Запарожжа ў Марыюпаль адправіліся эвакуацыйныя аўтобусы, была накіраваная й гуманітарная дапамога.
Эвакуацыя мірнага насельніцтва адбываецца ў Сумах 8 сакавіка пасьля таго, як украінскі ўрад абвясьціў пра дамоўленасьць з расейскім бокам аб гуманітарным калідоры ў гэтай мясцовасьці. Пра посьпех ці няўдачу эвакуацыйнай апэрацыі там пакуль невядома.
Генэральны пракурор Нямеччыны пачаў расьсьледаваньне ваенных злачынстваў Расеі, учыненых ва Ўкраіне
Пра гэта піша Spiegel. Расьсьледаваньне Пэтэра Франка тычыцца паведамленьняў аб прымяненьні касэтных бомбаў, ударах па жылых кварталах і цывільнай інфраструктуры, газаправодах, месцах захоўваньня ядзерных адкідаў і цеплавых электрастанцыях.
Мэр Ірпеня: У Ірпені і суседніх гарадах і вёсках гуманітарная катастрофа
Ворзель, Буча, Гастомель, Забучча і Міхайлаўка-Рубежаўка цалкам захопленыя расейскімі войскамі, якія не даюць мясцовым жыхарам выходзіць з хаты, напісаў мэр Ірпеня Ўладзімір Карплюк.
«Час ад часу ў чалавечыя дамы страляюць акупанты з рознага роду зброі. Ідуць баі за Ірпень, эвакуацыя аўтобусаў цывільнага насельніцтва праводзіцца праз мост каля Раманаўкі ў бок сталіцы. Расейскія войскі разбамбілі гарадзкую клініку Ірпеня і новы мэдцэнтар, удалося эвакуаваць мэдпэрсанал і некаторую мэдычную тэхніку. Частка лекаў і ранейшая імпартная гуманітарная дапамога была захопленая акупантамі», — напісаў Уладзімір Карплюк.
Ён піша, што жыхары гарадоў Гастомель, Ірпень, Буча, Гарэнічы галадаюць і мерзнуць у падвалах. Ён заклікаў міжнародную супольнасьць выратаваць мірных жыхароў гэтых гарадоў.
Зноў абстрэл гуманітарных калідораў
Пра абстрэлы расейскімі сіламі гуманітарнага калідора з Запарожжа ў Марыюпаль паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка. Ён падкрэсьліў, што дамоўленасьці аб спыненьні агню Расеяй парушаны.
«8 грузавікоў + 30 аўтобусаў гатовыя даставіць гуманітарку ў Марыюпаль і эвакуаваць мірных жыхароў у Запарожжы“, — напісаў Нікаленка і заклікаў узмацніць ціск на Расею, каб прымусіць яе выконваць свае абавязаньні.
Эвакуацыя мірнага насельніцтва ў Сумах сарваная праз абстрэлы расейскімі танкамі
Як перадае карэспандэнт УНІАН, на выезьдзе з гораду працягваецца бой. У прыватнасьці, вядзецца абстрэл расейскімі танкамі і аўтаматная стральба. На блёкпосьце, дзе разьмяшчаюцца сілы мясцовай тэрабароны, увесь аўтамабільны транспарт разварочваецца назад у горад.
Абноўлена: Пазьней Сумская вайсковая адміністрацыя паведаміла, што «зялёны калідор» адноўлены. Эвакуацыя мірных жыхароў з гораду, які другі тыдзень цярпіць ад расейскіх абстрэлаў, працягваецца.
У Ірпені працягваецца эвакуацыя мірных жыхароў у Кіеў
Паведамляецца, што дапамогу аказалі амаль 3 тысячам мірных жыхароў.
У Санкт-Пецярбургу пачаліся затрыманьні на жаночай антываеннай акцыі
Паліцыя ў цэнтры Санкт-Пецярбургу пачала затрымліваць удзельнікаў і відавочцаў антываеннага жаночага шэсьця, сьведчыць Avtozak LIVE.
Кіраўнік Кіеўскай вобласьці Аляксей Кулеба расказаў пра становішча ў вобласьці
- Макараў, Ірпень, Гастомель, Барадзянка — пастаянна вядуцца баі;
- УС РФ назапашвае войскі і тэхніку, абстрэльваючы аб'екты сацыяльнай інфраструктуры;
- Гучаць пагрозы з боку вайскоўцаў РФ на адрас кіраўнікоў абласных адміністрацый з патрабаваньнем здаваць населеныя пункты. «Гэтага ня будзе, нас не запалохаць»;
- Галоўнае пытаньне – гуманітарная дапамога: Буча, Ірпень, Гастомель, Макараў, Барадзянка, Ворзель, жыхары якіх вымушана сядзяць у падвалах без вады і ежы.
З пачатку вайны ва Ўкраіне загінула ўжо 41 дзіця
Яшчэ 76 дзяцей атрымалі раненьні, сьцьвярджае ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.
Яна заявіла, што да гэтага часу немагчыма вызначыць колькасьць забітых і параненых у Марыюпалі і Валнавасе — доступ туды немагчымы, бо гэтыя гарады ў аблозе расейскіх войскаў.
Ад абстрэлаў з боку расейскіх войскаў пацярпелі замежныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы ва Ўкраіне
У Марыюпалі праз ракетна-бомбавыя ўдары пашкоджаны будынак, у якім разьмяшчалася генэральнае консульства Грэцыі і офіс спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ, у Харкаве разбураны памяшканьні ганаровых консульстваў Славеніі, Азэрбайджану і Альбаніі, паведамляе МЗС Украіны.
Улады Запароскай вобласьці: У Бярдзянску распаўсюджваюць улёткі аб рэфэрэндуме па аб’яднаньні Расеі і Ўкраіны
Улады Запароскай вобласьці Ўкраіны апублікавалі са спасылкай на СБУ фатаграфіі ўлётак, якія, як сьцьвярджаецца, распаўсюджваюць у акупаваным Бярдзянску расейскія ўлады.
У тэксьце, які шмат у чым паўтарае афіцыйную расейскую рыторыку, ёсьць згадка пра магчымае аб’яднаньне Расеі і Ўкраіны.
Байдэн абвясьціў пра забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 8 сакавіка абвясьціў, што накладае забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў у яго краіну ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.
Вялікая Брытанія таксама спыніць імпарт расейскай нафты і нафтапрадуктаў да канца 2022 году. Пра гэта паведаміў міністар энэргетыкі краіны Квасі Квартэнг.
Эўразьвяз падрыхтаваў плян скарачэньня імпарту расейскіх газу і нафты
Плян, падрыхтаваны Эўракамісіяй, прадугледжвае, у прыватнасьці, скарачэньне імпарту расейскага газу на дзьве траціны да канца гэтага году. Пра гэта паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен.