Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі». Такі крок павінен спыніць крыніцу даходу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пасьля яго рашэньня ўварвацца ва Украіну.
Сэнатарка-рэспубліканка Ліза Муркоўскі, якая ўнесла законапраект разам з калегам-дэмакратам Джо Манчынам, заявіла, што гэты законапраект адрозьніваецца ад многіх іншых тым, што мае прыхільнікаў у абедзьвюх партыях і абедзьвюх палатах Кангрэсу.
«Мы больш ня будзем адпраўляць даляры ў Расею, каб дапамагаць ім забіваць невінаватых людзей», — сказала Муркоўскі на прэсавай канфэрэнцыі.
Законапраект прадугледжвае ўвядзеньне надзвычайнага становішча, бо напад Расеі на Ўкраіну стварае пагрозу бясьпецы, вонкавай палітыцы і эканоміцы ЗША. У гэты пэрыяд законапраект патрабуе ад прэзыдэнта забараніць імпарт расейскай нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу і вугалю.
Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм, другі суаўтар законапраекту, заявіў, што калі іншыя краіны таксама забароняць імпарт расейскай нафты, гэта будзе разбуральным ударам па Пуціну.
«Спадзяюся, што ў будучыні сьвет скарыстаецца з нашага прыкладу», — сказаў Грэм.
Сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі заявіла, што падтрымлівае забарону на імпарт расейскай нафты.
«Я цалкам за забарону. Забарона на нафту з Расеі», — сказала яна. Адказваючы на пытаньне журналістаў аб наступствах для амэрыканскіх спажыўцоў — росту цаны на бэнзін, Манчын сказаў, што будзе рады заплаціць на 10 цэнтаў больш за галён, каб дапамагчы ўкраінцам.