Малдова накіруе заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз
Пра гэта паведаміла прэзыдэнт рэспублікі Мая Санду. Сёньня заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз усьлед за Ўкраінай падала Грузія.
Расейская авіяцыя абстраляла Ахтырку
Бомба пацэліла ў электрастанцыю, паведаміў у фэйсбуку мэр гораду Ахтырка (Сумская вобласьць) Павал Кузьменка.
«Разбамбілі Ахтырскую ЦЭЦ, разбамбілі чыгуначны вакзал», — пералічыў ён
Вярхоўная Рада просіць увесьці ва Ўкраіну міратворцаў ААН
Вярхоўная Рада прыняла зварот да Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з просьбай увесьці на тэрыторыю Ўкраіны міратворчыя сілы згодна з рэзалюцыяй ААН «Абʼяднаньне дзеля міру» ад 1950 году.
Дэпутаты заклікалі ААН, Чырвоны Крыж, Эўрапарлямэнт неадкладна забясьпечыць абарону насельніцтва Ўкраіны ад узброенага нападу расейскіх войскаў. Ідзецца, у прыватнасьці, пра неадкладнае ўвядзеньне беспалётнай зоны над Украінай, неадкладнае адкрыцьцё «зялёных» калідораў для бясьпечнай эвакуацыі людзей і ўвод ва Ўкраіну міратворчых сілаў ААН.
Таксама Вярхоўная Рада зьвярнулася да Генэральнага сакратара ААН з заклікам да пасярэдніцтве ў справе спыненьня вайны.
Засудзілі журналіста за падтрымку Ўкраіны
Журналіст газэты «Белорусы и рынок» Алег Шапялюк атрымаў 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
Яго засудзілі паводле артыкулу 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Шапелюка затрымалі 28 лютага ў Міхайлаўскім сквэры Менску. Ён выказваў сваё стаўленьне да расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Алега Шапелюка трымаюць у турме на Акрэсьціна.
«Роскомнадзор» змагаецца з інфармацыяй пра расейскіх вайскоўцаў
«Роскомнадзор» патрабуе ад Telegram выдаліць боты, якія прапануюць перасылаць інфармацыю пра вайскоўцаў Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі.
У ведамстве таксама перасьцерагаюць расейцаў ад пашырэньня ў інтэрнэце інфармацыі пра іхных родзічаў, якія праходзяць вайсковую службу.
Зяленскі зьвярнуўся да Пуціна падчас прэс-канфэрэнцыі
«Сыходзь з нашай зямлі. Не хочаш цяпер сысьці — сядзь са мной за стол перамоваў, я вольны. Толькі не pа 30 мэтраў, як з Макронам, Шольцам — я ж сусед! Я не кусаюся. Я нармальны мужык, сядзь са мной, пагавары, чаго ты баісься?»
Урад Канады пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі
Экспарт будзе абкладацца тарыфам у 35 працэнтаў.
Адрас амбасады Расеі ў Вільні будзе зьменены: вуліца Герояў Украіны, дом 2
Гэта будзе адзіны дом на вуліцы Ukrainos Didvyrių. Пра зацьверджаньне назвы вуліцы паведаміў мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус.
Частку вуліцы Korunovační, дзе знаходзіцца пасольства Расеі ў Празе, таксама хочуць перайменаваць у вуліцу Герояў Украіны.
Пуцін: «Спэцапэрацыя ідзе паводле пляну»
«Спэцыяльная ваенная апэрацыя ВС РФ ва Ўкраіне ідзе строга ў адпаведнасьці з графікам, паводле пляну, усе пастаўленыя задачы вырашаюцца», — заявіў прэзыдэнт Расеі Пуцін, выступаючы на пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі.
Пуцін таксама заявіў, што ва Ўкраіне расейскае войска ваюе з «нэанацыстамі», якія нібыта прыкрываюцца мірнымі жыхарамі як жывым шчытом, што і вядзе да ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва.
Ён зноў паўтарыў тэзы, што расейцы і ўкраінцы — «адзін народ», а Захад нібыта стварае ва Ўкраіне «анты-Расею». Гэтай тэорыі прысьвечаны артыкул Пуціна, апублікаваны ў ліпені 2021 году.
Вынікі другога раўнду ўкраінска-расейскіх перамоваў: гуманітарныя калідоры для ўцекачоў
Па выніках перамоваў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што ўкраінскі бок не атрымаў вынікаў, на якія разьлічваў. Таксама, паводле Падаляка, Расея і Ўкраіна дамовіліся па шэрагу гуманітарных пытаньняў, у тым ліку аб магчымасьці часовага спыненьня агню для арганізацыі гуманітарных калідораў. Падаляк анансаваў трэці раунд перамоваў.
Уладзімір Мядзінскі, які прадстаўляе Расею на перамовах, пацьвердзіў, што Расея і Ўкраіна дамовіліся аб гуманітарных калідорах для выхаду насельніцтва з зоны абстрэлу і магчымым часовым спыненьні агню.
Абодва бакі падкрэсьлілі слова «магчымасьць».
Нямецкі канцэрн BASF адмовіцца амаль ад усіх новых праектаў у Расеі і Беларусі
Міжнародная хімічная кампанія і найбуйнейшы вытворца хімічнай прадукцыі ў сьвеце BASF ня будзе заключаць новых угодаў у Расеі і Беларусі. Выключэньнем стануць новыя праекты, зьвязаныя з вытворчасьцю прадуктаў харчаваньня ў гуманітарных мэтах, паведаміла выданьне WirtschaftsWoche.
Пэнтагон зафіксаваў 70 запускаў ракет зь Беларусі па тэрыторыі Украіны за першы тыдзень вайны
Прадстаўнік міністэрства абароны ЗША Джон Кірбі заявіў, што з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну Расея запусьціла 480 ракет. Ён падкрэсьліў, што 230 зь іх былі запушчаныя з мабільных пускавых установак, якія Расея даставіла ва Ўкраіну. Яшчэ 160 запусьцілі з тэрыторыі Расеі, пры гэтым пуцінскія сілы таксама выпусьцілі 70 ракет зь Беларусі і 10 з караблёў Ваенна-марскога флёту Расеі ў Чорным моры.
Новыя санкцыі ЗША і Брытаніі супраць расейскіх бізнэсоўцаў і чыноўнікаў
Вашынгтон анансаваў асабістыя санкцыі супраць расейскіх бізнэсоўцаў, мэнэджараў дзяржаўных карпарацый, чыноўнікаў і набліжаных да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна асоб: Дзьмітрыя Пяскова, Алішэра Усманава, Барыса і Аркадзя Ратэнбергаў, Сяргея Чэмезава, Ігара Шувалава, Яўгена Прыгожына.
Усяго ў сьпісе «19 расейскіх алігархаў, 47 членаў іх сем'яў і шчыльна зьвязаных зь імі асоб».
Усманаў і Шувалаў патрапілі і пад санкцыі Лёндана: іх рахункі будуць замарожаныя, брытанцам будзе забаронена весьці справы з імі, а ім самім – зачынены ўезд у каралеўства.
Брытанія таксама анансавала стварэньне «працоўнай групы па алігархах» (Oligarch Taskforce), якая будзе расьсьледаваць расейскія эліты.
Пэнтагон стварыў наўпроставую лінію сувязі зь міністэрствам абароны Расеі
Гэта зроблена, каб прадухіліць «пралікі, ваенныя інцыдэнты і эскаляцыю» у рэгіёне па меры ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, паведаміў Reuters у чацьвер высокапастаўлены прадстаўнік абароны ЗША на ўмовах ананімнасьці.
Эма Клэр Фоўлі, спэцыяліст па Расеі ў групе па раззбраеньні Global Zero, якая курыруе праект «Ваенныя інцыдэнты», тлумачыла раней выданьню Politico: «Мы ўвесь час назіраем, як зьнішчальнікі ўступаюць у вельмі блізкі кантакт» (да рэгіёну NATO – РС) Яны не заўсёды выкарыстоўваюць перадатчыкі. Яны не выходзяць на сувязь з авіядыспетчарскай службай. У такіх сытуацыях могуць быць няшчасныя выпадкі… якія могуць мець велізарныя наступствы».
Вашынгтон і Масква ўпершыню ўсталявалі наўпроставую «гарачую лінію» ў 1963 годзе пасьля Карыбскага крызісу, калі абодва бакі апынуліся ў небясьпечнай блізкасьці ад ядзернай вайны. Гарачая лінія першапачаткова была ў выглядзе тэлетайпа, затым факсымільнага апарата.
Кіраўніца МЗС Нямеччыны заклікала спыніць варожае стаўленьне да расейцаў і беларусаў, якія жывуць у краіне
«Вайна ва Ўкраіне — гэта вайна Пуціна. Кожны, хто варожа ставіцца да беларусаў ці расейцаў у Нямеччыне, нападае ня толькі на нашых суграмадзян, але і на асноўныя прынцыпы нашага суіснаваньня. Мы трымаемся разам. Мы мацнейшыя за нянавісьць», — напісала ў Twitter Анналена Бэрбак.
Паведамленьні аб затапленьні флягмана ВМС Украіны «Гетман Сагайдачны»
Увечары ў чацьвер кіраўнік фонду дапамогі ўкраінскім вайскоўцам «Вярніся жывым» Тарас Чмут паведаміў, што флягман ВМС Украіны фрэгат «Гетман Сагайдачны» быў затоплены ў Нікалаеве.
Цэнтар стратэгічных камунікацый пры ўрадзе Украіны пацьвердзіў, што фрэгат затапілі самі ўкраінскія вайскоўцы – са стратэгічных меркаваньняў.
З Украіны больш немагчыма дазваніцца на тэлефоны расейскіх мабільных апэратараў.
Пра гэта паведаміла 3 сакавіка ўвечары Дзяржслужба спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны. Гэта зроблена для таго, каб вайскоўцы расейскіх войскаў, якія карыстаюцца ўкраінскімі сім-картамі, не маглі датэлефанавацца ў Расею і Беларусь для перадачы якой-небудзь інфармацыі, растлумачыла ведамства.
Акрамя таго, часткова абмежаваныя магчымасьці актывацыі нядаўна набытых картак мабільнай сувязі.
Нуланд: «ЗША занепакоеныя выкарыстаньнем Расеяй касэтных бомбаў супраць мірнага насельніцтва»
Пра гэта на Youtube-канале радыёстанцыі «Эхо Москвы» 3 сакавіка заявіла намесьнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд.
«Мы занепакоеныя тым, што Расея выкарыстоўвае касэтныя бомбы ў раёнах, дзе жывуць мірныя жыхары», — сказала Нуланд.
Адказваючы на пытаньне, ці ёсьць у Злучаных Штатаў доказы прымяненьня Расеяй незаконнай зброі ва Ўкраіне, Нулянд сказала: «У нас ёсьць доказы, што былі выкарыстаныя касэтныя бомбы, у нас ёсьць шырокі спэктар інфармацыі, што існуе таксама намер выкарыстаць іншыя віды зброі».
Беларусаў адхілілі ад удзелу ў спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы
Увечары 3 сакавіка міжнародная Фэдэрацыя цяжкай атлетыкі адхіліла ад турніраў спартоўцаў з Расеі і Беларусі. Раней у гэты дзень расейскіх і беларускіх спартоўцаў адхілілі ад удзелу ў зімовых Паралімпійскіх гульнях 2022 году ў Пэкіне.
У Расеі сталі недаступнымі сайты многіх СМІ
Карыстальнікі інтэрнэту паведамляюць аб праблемах з доступам да сайту рускай службы Радыё Свабода ў Расеі. Раскамнагляд раней прыгразіў заблякаваць сайт Рускай службы Радыё Свабода Svoboda.org на падставе запыту Генэральнай пракуратуры аб выдаленьні некалькіх матэрыялаў, зьвязаных з вайной ва Ўкраіне.
Таксама недаступныя сайты «Медузы», «Рускай службы Бі-бі-сі», Deutsche Welle, не адчыняюцца Facebook і Twitter.