Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацьтанкавыя збудаваньні на майдане Незалежнасьці ў Кіеве 2 сакавіка
Супрацьтанкавыя збудаваньні на майдане Незалежнасьці ў Кіеве 2 сакавіка

Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне

абноўлена

Расея працягвае весьці вайну супраць Украіны. Наступ запаволіўся, аднак штодня ідуць баі і абстрэл ракетамі. Больш за 2 тысячы мірных жыхароў Украіны загінулі, звыш 800 тысяч сталі ўцекачамі. Свабода сочыць за падзеямі.

13:14 3.3.2022

Антываенная акцыя ў Менску

У сталіцы Беларусі зноў выйшлі на вуліцу жанчыны ў белай і чырвонай вопратцы. Яны пратэставалі супраць вайны ва Ўкраіне.

13:17 3.3.2022

Пагроза блякаваньня за публікацыю пра загінулых чачэнцаў

Раскамнагляд пагражае блякаваць сайт «Кавказ. Реалии» kavkazr.com на падставе запыту Генпракуратуры Расеі аб выдаленьні матэрыялу аб загінулых ва Ўкраіне чачэнскіх вайскоўцах. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які паступіў у рэдакцыю ў сераду ўвечары.

Раней такое ж патрабаваньне ад уладаў Расеі атрымаў іншы спэцпраект Свабоды «Идель.Реалии».

13:49 3.3.2022

У Бучы вярнулі ўкраінскі сьцяг на цэнтральную плошчу

У адваяваным горадзе Буча пад Кіевам украіснкія вайскоўцы вярнулі на мачту каля адміністрацыі сьцяг Украіны.

13:49 3.3.2022

Расейская амбасада ў Вільні «пераселіцца» на вуліцу Герояў Украіны

Пра гэта піша ў Фэйсбуку мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус.

«Мы дамовіліся, што безназоўную дагэтуль вулачку, якая вядзе ад вуліцы Латвійскай у бок амбасады, мы назавём вуліцай Герояў Украіны. З фармальнасьцямі мы разьбяромся ўжо неўзабаве, у сераду, у вызначаным заканадаўствам парадку.

Я таксама размаўляў зь міністрам транспарту і камунікацый Мар’юсам Скуодзісам. Я падазраю, што Літоўская пошта не абавязкова будзе дастаўляць лісты, калі адрас будзе пазначаны няправільна. Адзіным адрасам на вуліцы Герояў Украіны будзе расейская амбасада», — паведамляе Рэмігіюс Шымашус.

13:56 3.3.2022

У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца паведамленьні аб тым, што ва Ўкраіне загінуў расейскі генэрал-маёр Андрэй Аляксандравіч Сухавецкі

Кіраўнік кіраўскай абласной філіі Усерасейскай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў «Баявое братэрства» Ўладзімір Мышкін у размове з карэспандэнтам расейскай Свабоды пацьвердзіў сьмерць Сухавецкага.

14:16 3.3.2022

У Марыюпалі пажары

Пасьля чарговага расейскага абстрэлу ў Марыюпалі загарэліся гіпэрмаркет «Эпіцентр» і супэрмаркет «Сільпо».

14:30 3.3.2022

Абстрэл жылога масіву ў Чарнігаве

14:49 3.3.2022

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра вайну ва Ўкраіне

Ён назваў яе «расейска-украінскім канфліктам» і заклікаў адказных «зрабіць рахунак сумленьня». Мітрапаліт на пэнсіі заклікаў усіх кіравацца прынцыпам «калі хочаш міру, імкніся да справядлівасьці». У сваім пасланьні на Вялікі пост ён заклікае да малітвы аб абуджэньні сумленьня, «каб мы маглі адрозьніваць зло ад дабра», піша catholic.by

14:56 3.3.2022

Conflict Intelligence Team: зьбіты ўкраінцамі расейскі Су-25СМ, пэўна, вылятаў з Лунінца

Група дасьледчыкаў з Conflict Intelligence Team паведаміла, што, паводле наяўнай інфармацыі, расейскі Су-25СМ, зьбіты 3 сакавіка ў небе над Украінай, вылятаў зь беларускага аэрадрома ў Лунінцы — менавіта там мінулы раз фатаграфавалі штурмавік, падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць».

«Наяўныя зьвесткі дазваляюць сьцьвярджаць, што бомбы расейскіх штурмавікоў, якія базуюцца ў Беларусі, трапляюць па грамадзянскіх аб’ектах».

15:38 3.3.2022

500 замежных мэдыкаў гатовыя аказваць дапамогу в Украіне

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, гэта колькасьць лекараў з-за мяжы, якія зарэгістраваліся ў спэцыяльнай форме на сайце ведамства.

Сярод іх лекары, мэдсёстры і фэльчары з Эўрапейскага зьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Турэччыны, Азэрбайджана, Ізраіля, ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, Паўднёвай Афрыкі, Індыі, Ярданіі і Бразыліі.

15:43 3.3.2022

Францыя арыштавала супэр’яхту кіраўніка «Роснефти» Ігара Сечына

Францускія мытнікі арыштавалі супэр’яхту «Amore Vero», якая, як мяркуюць, належыць кіраўніку «Роснефти» Ігару Сечыну.

Пра гэта паведаміў у Twitter міністар фінансаў Францыі Бруно Лё Мэр. Карабель спрабаваў тэрмінова пакінуць порт у Ля-Сьёта на Блакітным беразе, але яго затрымалі.

15:47 3.3.2022

Швэдзкая кампанія IKEA спыняе працу ў Расеі і Беларусі да 31 траўня

Рашэньне зьвязана з ваеннымі дзеяньнямі ва Ўкраіне.

Апошнія падзеі прывялі да сур’ёзных збояў у ланцужку паставак і гандлёвых умовах, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні на сайце кампаніі.

Удакладняецца, што Inter IKEA Group спыняе ўвесь імпарт у Расею, а таксама экспарт з Расеі і Беларусі. Спыняюцца ўсе вытворчыя апэрацыі IKEA Industry.

У Беларусі крамаў швэдзкай кампаніі няма, але ёсьць некалькі вытворчасьцяў, якія ствараюць прадукцыю пад гандлёвай маркай IKEA. Усе гэтыя кампаніі не адносяцца да IKEA Group непасрэдна і выступаюць выключна ў ролі выканаўцаў, якім IKEA даверыла выраб сваёй прадукцыі.

15:51 3.3.2022

Эўразьвяз дасьць Украіне €1,2 мільярда макрафінансавай дапамогі

«Гэты пакет падтрымае ўкраінскі ўрад, дапамагаючы фінансаваць яго патрэбы ў гераічнай барацьбе супраць барбарскай агрэсіі Расеі», — напісаў віцэ-старшыня Эўрапейскай Камісіі Валдыс Домбраўскіс.

16:24 3.3.2022

Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны агучыў новыя зьвесткі аб стратах расейскіх войскаў

Паводле штабу, страты налічваюць ужо 9 тысяч асабовага складу войска.

16:54 3.3.2022

Вярхоўная рада Украіны прыняла закон аб узмацненьні адказнасьці за марадэрства, дывэрсіі і дзяржаўную здраду

Вінаватым пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

17:03 3.3.2022

Украінскі парлямэнт ухваліў закон аб нацыяналізацыі маёмасьці Расеі і яе рэзыдэнтаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які рэглямэнтуе канфіскацыю на карысьць Украінскай дзяржавы маёмасьці дзяржавы Расея і расейскіх юрыдычных асобаў.
Закон ініцыявалі дэпутаты, якія прадстаўляюць розныя фракцыі парлямэнту — як праўладнай «Слуга народу», гэта і апазыцыйных «Голас», «Бацькаўшчына» і «Эўрапейская салідарнасьць».

Пасяджэньне парлямэнту ўпершыню не трансьлявалася ў наўпроставым эфіры парлямэнцкага тэлеканалу.

Закон прадугледжвае прымусовую канфіскацыю рухомай і нерухомай маёмасьці, грошай, банкаўскіх укладаў, каштоўных папераў і карпаратыўных правоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны і непасрэдна ці праз афіліяваных асобаў належаць Расейскай Фэдэрацыі ды яе рэзыдэнтам. Гэта будзе ажыцьцяўляцца безь якой-небудзь кампэнсацыі з увагі на агрэсію Расеі.

Цяпер закон мусіць падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

17:06 3.3.2022

Пуцін заявіў, што мэты «​апэрацыі»​ Расеі ва Ўкраіне будуць дасягнутыя ў кожным разе

Мэты вайны, якую разьвязала Масква, — «дэмілітарызацыя Ўкраіны і забесьпячэньне яе нэўтральнага статусу» — «будуць у кожным разе дасягнутыя», заявіў у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля. Пуцін папярэдзіў таксама, што любыя спробы Кіева зацягнуць перамовы прывядуць да таго, што Масква пашырыць сьпіс патрабаваньняў.

У прэс-службе таксама адзначылі, што Пуцін «падрабязна пракамэнтаваў» зварот Макрона да французаў наконт вайны ва Ўкраіне, «не пагадзіўшыся з многімі агучанымі тэзамі». У прыватнасьці, з заявай францускага прэзыдэнта, які назваў хлусьнёй тое, што Расея ва Ўкраіне вядзе барацьбу з нацызмам. Паводле прэс-службы Крамля, Пуцін нібыта падаў пераканаўчыя доказы існаваньня ва Ўкраіне нацызму.

18:03 3.3.2022

Пачаліся расейска-ўкраінскія перамовы

Як паведамляе УНІАН з спасылкай на Міхайлу Падаляка, ключавое ў пачатковым пляне перамоваў:

  • Неадкладнае спыненьне агню.
  • Перамір'е.
  • Гуманітарныя калідоры для вывазу мірных жыхароў з разбураных і абстрэльваных гарадоў і вёсак.

18:45 3.3.2022

У Іванкаве Кіеўскай вобласьці 25 лютага расейскія вайскоўцы абстралялі аўтамабіль, у якім былі мірныя жыхары

Загінуў мужчына і ягоныя сабакі. Усё гэта здымаў ягоны сын. Абстрэл адбыўся за 80 кілямэтраў ад беларускай мяжы.

18:52 3.3.2022

Кіраўнік МЗС Нямеччыны заклікала спыніць варожае стаўленьне да расейцаў і беларусаў, якія жывуць у краіне

«Вайна ва Украіне — гэта вайна Пуціна. Кожны, хто варожа ставіцца да беларусаў ці расейцаў у Нямеччыне, нападае ня толькі на нашых суграмадзян, але і на асноўныя прынцыпы нашага суіснаваньня. Мы трымаемся разам. Мы мацнейшыя за нянавісьць», — напісала кіраўнік ведамства Анналена Бэрбак.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG