Прадметам слуханьняў стане пададзеная Украінай просьба вызначыць забесьпячальныя меры. Абараняць інтарэсы Кіева будзе амэрыканская юрыдычная фірма Covington & Burling.
Напярэдадні пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан абвясьціў, што пачне расьсьледаваць магчымыя ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці ва Ўкраіне.
«Я азнаёміўся з высновамі офіса пракурора, якія вынікаюць з папярэдняга вывучэньня сытуацыі ва Ўкраіне (у Крыме і на Данбасе), і пацьвердзіў, што ёсьць дастатковыя падставы для пачатку расьсьледаваньня. У прыватнасьці, я ўпэўнены, што ёсьць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што ва Ўкраіне былі зьдзейсьнены як ваенныя злачынствы, так і злачынствы супраць чалавечнасьці што да падзей, якія ўжо былі ацэнены падчас папярэдняй экспэртызы офісам. Улічваючы пашырэньне канфлікту ў апошнія дні, я маю намер, каб гэтае расьсьледаваньне таксама ахапіла любыя новыя імаверныя злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю майго офісу, якія зьдзяйсьняюцца любым бокам канфлікту на любой частцы тэрыторыі Ўкраіны», — заявіў пракурор.
27 лютага Ўкраіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расейскай Фэдэрацыі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасьці, у прыватнасьці за скажэньне паняцьця «генацыд» для апраўданьня агрэсіі супраць Украіны.