У Расеі сталі зьяўляцца нэкралёгі загінулым ва Ўкраіне расейскім салдатам. Журналісты Zerkalo.io налічылі іх як мінімум 10.
Губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў, губэрнатар Ульянаўскай вобласьці Аляксей Рускіх, прэзыдэнт Чачэніі Рамзан Кадыраў і кіраўнік Астраханскай вобласьці Ігар Бабулін 1 сакавіка паведамілі аб гібелі расейскіх вайскоўцаў падчас вайны ва Ўкраіне.
Па дадзеных губэрнатара Краснадарскага краю, падчас баёў загінуў жыхар Кубані капітан Аляксандар Лысенка. Ён быў камандзірам выведнай роты.
«Выказваю шчырыя спачуваньні родным і блізкім капітана расейскага войска Аляксандра Лысенкі. Наш зямляк удзельнічаў у спэцыяльнай апэрацыі на Ўкраіне. Камандзір выведроты загінуў пры выкананьні воінскага абавязку, абараняючы інтарэсы нашай Радзімы. У яго засталіся жонка і двое дзяцей. Разьвітаньне з Аляксандрам Лысенкам пройдзе сёньня ў Каўкаскім раёне. Вечная яму памяць», – напісаў Кандрацьеў у сваім тэлеграм-канале.
Кіраўнік Астраханскай вобласьці паведаміў аб гібелі «нашага земляка з Краснаярскага раёну».
«З жалем і болем паведамляю, што пры правядзеньні спэцапэрацыі, накіраванай на абарону мірнага насельніцтва Данецкай і Луганскай рэспублік ад крывавага рэжыму, загінуў наш зямляк з Краснаярскага раёну Арман Нарынбаеў», – паведаміў Бабулін у Instagram.
Аб гібелі ва Ўкраіне двух расейскіх вайскоўцаў расказаў губэрнатар Ульянаўскай вобласьці Аляксей Рускіх.
«У спэцапэрацыі бярэ ўдзел 31-я брыгада ПДВ. Вы ўсё пра гэта ведаеце. Ёсьць страты. Пакуль два чалавекі. Імёны з пэўных прычынаў пакуль мы не паведамляем», – сказаў кіраўнік расейскага рэгіёну на апаратнай нарадзе 1 сакавіка.
Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў таксама паведаміў аб першых ахвярах.
«Дарэчы, аб ахвярах. Сярод ураджэнцаў Чачэнскай Рэспублікі ўжо ёсьць, на жаль, страты. Двое памерлі, яшчэ шасьцёра атрымалі раненьні рознай ступені», – паведаміў ён у сваім тэлеграм-канале.
У папярэднія дні аб загінулых расейскіх вайскоўцах паведамлялі губэрнатары Курскай і Пензенскай абласьцей, а таксама кіраўнік Дагестану. Па іх дадзеных, падчас вайны ва Ўкраіне загінулі сяржант-кантрактнік Андрэй Ільін, радавы Міхаіл Афанасаў і афіцэр Нурмагамед Гаджымагамедаў, якія родам з гэтых рэгіёнаў.
Акрамя таго, пра гібель сяржанта-кантрактніка, ураджэнца Калмыкіі Канстанціна Манджыева, гаварыў кіраўнік рэгіёну Бату Хасікаў.
Такім чынам, толькі паводле паведамленьняў кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў, падчас вайны ва Ўкраіне загінулі як мінімум 10 вайскоўцаў. Пры гэтым Мінабароны Расеі не прыводзіць афіцыйных зьвестак пра чалавечыя страты.
«На жаль, ёсьць загінулыя і параненыя нашыя таварышы. Але нашы страты шматкроць меншыя за зьнішчаных нацыяналістаў. І стратаў сярод вайскоўцаў украінскіх Узброеных сіл», – сказаў 27 лютага прадстаўнік міністэрства Ігар Канашэнкаў.
Украінскі Генштаб заяўляе, што страты акупацыйных расейскіх войскаў перавысілі 5700.
Апошнія дадзеныя аб стратах расейскага войска ад Генштаба Украіны:
- Асабовы склад – 5710 чалавек
- Палонныя – 200
- Самалёты – 29 адзінак
- Верталёты – 29 адзінак
- Артылерыйскія сыстэмы – 77 адзінак
- Супрацьпаветраная абарона – 7 адзінак
- РСЗА – 24 адзінкі
- Паліўныя бакі – 60 адзінак
- БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню – 3 адзінкі
- Катары – 2 адзінкі
- Аўтамабільная тэхніка – 305 адзінак
Толькі 27 лютага Мінабароны РФ упершыню прызнала, што сярод расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне ёсьць загінулыя і параненыя.