Мост у Бучы зруйнаваны
Пасьля баёў у Бучы Кіеўскай вобласьці аказаўся зруйнаваным мост.
Херсон трапіў у расейскую аблогу
На выездах з гораду расейскія захопнікі ставяць блёкпасты. Пра тое, што горад акружаны, паведаміла херсонская журналістка ў этэры тэлеканалу «Україна 24». Празь няспынныя абстрэлы 28 лютага там прайшла эвакуацыя жыхароў з раёну Антонаўскага моста. Расейцы забіраюць у людзей тэлефоны і абстрэльваюць аўтамабілі. Так было і каля Кахоўскай ГЭС. Усе камунальныя службы Херсона працуюць, неабходныя прадукты пакуль ёсьць.
Зяленскі: «На перамовах з Расеяй пакуль не ўдалося дасягнуць выніку»
Прэзыдэнт Украіны паведаміў пра пакуль беспасьпяховыя перамовы з расейскім агрэсарам. Таксама Зяленскі нагадаў пра тое, што Расея працягвала абстрэлы падчас сустрэчы. Напярэдадні прэзыдэнт Украіны падпісаў заяву на ўступленьне краіны ў Эўразьвяз.
Mastercard адключыў замежнае абслугоўваньне картак некалькіх расейскіх банкаў
Карткі гэтых расейскіх банкаў ня будуць працаваць за мяжой і на замежных інтэрнэт-сайтах, піша РБК. Раней пад санкцыі ЗША патрапілі ВТБ, «Открытие», «Совкомбанк», «Промсвязьбанк» і «Новикомбанк».
У Расеі карткі будуць дзейнічаць, бо ўнутры краіны плацяжы апрацоўваюцца ўнутранай Нацыянальнай сыстэмай аплатных картак.
ААН: Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла паўмільёна чалавек
Уварваньне Расеі прывяло да таго, што больш за паўмільёна жыхароў Украіны сталі ўцекачамі. Сама меней 160 000 сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі.
Украіна кажа пра расейскі абстрэл радзільні, у «ДНР» вінавацяць Украіну ў абстрэле Горлаўкі
28 лютага снарад трапіў у прыватную радзільню Adonis, якая знаходзіцца ў вёсцы Бузава Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці. Ад гэтага спатрэбілася эвакуацыя пэрсаналу і пацыентаў установы. Позна ўвечары таго ж дня генэральны дырэктар кампаніі Adonis Віталь Гірын заявіў, што зь людзьмі ўсё добра.
«У радзільню трапіў снарад, пашкоджаньні вялікія, але будынак стаіць. Усе былі эвакуаваныя. Галоўнае, каб зараз ня трэба было кагосьці падбіраць. Усе ў надзейным і бясьпечным месцы», — сказаў Віталь Гірын.
28 лютага расейскія войскі, якія імкнуцца павялічыць радыюс блякады Кіева з захаду, часткова выйшлі на Жытомірскую шашу, побач зь якой знаходзіцца радзільня. Таксама зьнішчылі прылеглую да шашы вёску Бузава. Побач зь вёскай таксама аднайменны спартовы аэрадром Цэнтральнага аэраклюбу Таварыства дапамогі абароне Ўкраіны, ён лічыўся галоўным плянэрным аэрадромам Украіны.
У той жа час у «ДНР», як піша расейскае агенцтва ТАСС, абвінавацілі Ўкраіну ў абстрэле Горлаўкі з буйнакалібэрнай артылерыі.
Пры абстрэле Ахтыркі загінулі дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў
Дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў загінулі ў выніку абстрэлу расейскай артылерыяй у Ахтырцы Сумскай вобласьці. Пра гэта ў ноч на 1 сакавіка паведаміў начальнік Сумскага абласнога вайсковага ўпраўленьня Дзьмітро Жывіцкі, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Вайсковую частку прыкрыла варожая артылерыя. Працягвайце даставаць целы з-пад завалаў. Працуюць СЭС і валянтэры. Многія загінулі. Зараз на могілках рыхтуюцца месцы для каля 70 загінулых украінскіх вайскоўцаў. Мы рыхтуем дадзеныя нашых 200-х. Але й вораг атрымлівае тое, што заслугоўвае. Расейскіх целаў у горадзе было шмат, мы зьбіраем. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа адвозяць іх дадому», — сказаў кіраўнік Сумскай вобласьці.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расьсьледаваньне ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан пачаў расьсьледаваньне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.