МЗС Беларусі: пляцоўку да перамоваў падрыхтавалі
«Пляцоўка для перагавораў Расеі і Ўкраіны ў Беларусі падрыхтаваная, чакаецца прыбыцьцё дэлегацый», – паведаміў МЗС Беларусі.
Перамовы павінны прайсьці на мяжы Беларусі і Ўкраіны на рацэ Прыпяць.
Прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз паведаміў:
«Беларускі бок гатовы арганізаваць працэс у любую хвіліну. Перамовы пачнуцца, як толькі ўсе дэлегацыі прыбудуць да месца сустрэчы».
Расейскія снарады трапілі ў Чарнігаве ў жылы дом, краму і дзіцячы садок
28 лютага, пачынаючы з 02:00, у выніку абстрэлу Чарнігава пацярпеў падмурак пяціпавярховага жылога дома па вул. Рэмісныча, 55, што выклікала пажар у дзьвюх кватэрах на першым і другім паверсе, паведаміла МУС Украіны.
Пажар ліквідаваны, ахвяраў няма. Пад абстрэл таксама падпалі крама на цэнтральным рынку гораду і дзіцячы садок па вул. Рэмісныча.
Людзі нясуць кветкі да амбасады Ўкраіны ў Менску
Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім выйшаў да людзей, якія прынесьлі кветкі да агароджы пасольства на знак салідарнасьці з Украінай.
Амбасадар Украіны Ігар Кізім і часова павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Менск, 28 лютага
27 лютага ў Беларусі прайшлі антываенныя акцыі супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. Праваабаронцам вядома пра больш як 500 затрыманых па ўсёй краіне.
Расейскія войскі акупавалі Бярдзянскі раён Запароскай вобласьці
Пра гэта паведамляе раённая дзяржадміністрацыя. Падчас захопу гораду загінуў адзін чалавек. Бярдзянскі РАУС расфармаваны, а гарадзкія ўлады адмовіліся ад супрацоўніцтва з акупантамі.
ЗША заклікалі сваіх грамадзян неадкладна пакінуць Расею
Дзярждэпартамэнт адзначыў, што выезд з краіны ўскладняецца з прычыны адмены рэйсаў і закрыцьця шэрагам краін паветранай прасторы.
Грамадзянам ЗША варта разгледзець магчымасьць неадкладнага выезду з Расеі камэрцыйнымі рэйсамі, заявіў у нядзелю Дзярждэпартамэнт. Ведамства ўказала на ўсё большую колькасьць авіякампаній, якія адмяняюць палёты, і краінаў, якія закрываюць паветраную прастору для Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
Амбасада ЗША ў Маскве папрасіла амэрыканцаў прадумаць «плян дзеяньняў, які не прадугледжвае дапамогі ўраду ЗША».
Украінская дэлегацыя прыбыла на беларуска-ўкраінскую мяжу для перамоў
Перамовы чакаюцца ў адной з рэзыдэнцыяў Лукашэнкі на беларускім беразе Прыпяці ў вёсцы Ляскавіч Петрыкаўскага раёну.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны паведаміў аб складзе дэлегацыі, накіраванай на мяжу для перамоў:
Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія, міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў, дарадца Офісу прэзыдэнта Міхайла Падаляк, першы намесьнік кіраўніка дэлегацыі ў ТКГ Андрэй Косьцін, народны дэпутат Рустэм Умераў і намесьнік міністра замежных спраў Мікола Тачыцкі.
«Ключавое пытаньне перамоў – тэрміновае спыненьне агню і вывад расейскіх войскаў з Украіны».
Расейскую дэлегацыю ўзначальвае памочнік Пуціна
Дэлегацыя Расеі на перамовах на Прыпяці знаходзіцца там зь вечара 27 лютага.
У склад расейскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства абароны, Адміністрацыі прэзыдэнта і іншых ведамстваў. Узначаліў яе памочнік Пуціна Ўладзімір Мядзінскі, паведамляе ТАСС.
Старт перамоваў чакаецца апоўдні беларускага часу.
Прыбыцьцё ўкраінскай дэлегацыі ў рэзыдэнцыю на Прыпяць
Запароская АЭС знаходзіцца пад кантролем Украіны
Дзяржаўнае прадпрыемства «Енергоатом», якое зьяўляецца апэратарам усіх дзейных атамных электрастанцый ва Ўкраіне, афіцыйна заявіла, што інфармацыя аб страце кантролю над Запароскай АЭС не адпавядае рэчаіснасьці.
Зяленскі: Украіна зьвярнулася аб далучэньні да Эўразьвязу паводле спэцпрацэдуры
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб звароце да Эўрапейскага Зьвязу аб далучэньні да яго на падставе новай спэцыяльнай працэдуры:
«Мы ўдзячныя партнэрам за тое, што яны побач з намі, але наша мэта – быць разам з усімі эўрапейцамі Галоўнае – быць на роўных. Я ўпэўнены, што гэта справядліва. Я ўпэўнены, што мы гэтага заслужылі. Я ўпэўнены, што гэта магчыма», – заявіў Зяленскі ў сваім звароце да ўкраінцаў.
Пустыя паліцы ў харчовых крамах Кіева
Перамовы ў рэзыдэнцыі на Прыпяці пачынаюцца. Відэтрансьляцыя
СБУ Украіны паказала, як палонныя расейскія салдаты звоняць сваякам у Расею
Яны здаліся пасьля таго, як іхную калёну разграмілі пад Запарожжам.
Пад запіс СБУ салдаты тэлефануюць сваім бацькам у РФ і расказваюць, што тут усё ж такі вайна, а не спэцапэрацыя на Данбасе, як гэта падаецца ў расейскіх навінах. Фонам — заклапочаны голас маці і сьлёзы.
Washington Post: Улады ЗША мяркуюць, што Беларусь пашле свае войскі ва Ўкраіну ў панядзелак, 28 лютага
Амэрыканская газэта Washington Post піша, што, на думку ўладаў ЗША, Менск цяпер пазбавіўся ўсякай самастойнасьці ў прыняцьці рашэньняў.
Беларусь рыхтуецца адправіць салдатаў ва Ўкраіну для падтрымкі расейскага ўварваньня ўжо ў панядзелак, заявіў прадстаўнік ЗША. Гэта, на думку амэрыканскіх уладаў, узмоцніць напружанасьць.
«Зусім зразумела, што Менск цяпер ёсьць працягам Крамля», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі ЗША, які гаварыў на ўмовах ананімнасці, абмяркоўваючы такую адчувальную падзею ў галіне бясьпекі.
Трансьляцыю БелТА з рэзыдэнцыі, дзе чакаюцца перамовы, на патрабаваньне расейцаў адключылі
У эфір БелТА ўмяшалася прадстаўніца расейскай дэлегацыі.
Перамовы паміж Украінай і Расеяй пачаліся ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі
Перамовы праходзяць у адной з рэзыдэнцыяў Лукашэнкі, на беларускім беразе Прыпяці ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну.
«Ключавое пытаньне перамоваў — тэрміновае спыненьне агню і вывад расейскіх войскаў з Украіны», — заявіў Офіс прэзыдэнта Ўкраіны і паведаміў аб складзе дэлегацыі, накіраванай на мяжу для перамоваў:
Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія, міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў, дарадца Офісу прэзыдэнта Міхайла Падаляк, першы намесьнік кіраўніка дэлегацыі ў трохбаковай кантактнай групе Андрэй Косьцін, народны дэпутат Рустэм Умераў і намесьнік міністра замежных спраў Мікола Тачыцкі.
Дэлегацыя Расеі на перамовах знаходзіцца на Прыпяці зь вечара 27 лютага. У склад расейскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства абароны, адміністрацыі прэзыдэнта і іншых ведамстваў. Узначаліў яе памочнік Пуціна Ўладзімір Мядзінскі, паведамляе ТАСС.
Харкаў абстралялі «Градамі»
Пра гэта паведаміў Антон Герашчанка, намесьнік міністра унутраных спраў Украіны. Паводле яго, абстрэл быў інтэнсіўным, на месца здарэньня едуць «хуткія».
У Чарнігаве вялікі пажар, гарыць буйны гіпэрмаркет і дамы
А ў часова акупаваным Бярдзянску людзі выйшлі на пратэст і крычаць расейскім вайскоўцам на танках: «Слава Ўкраіне!»
Наступствы ракетнага абстрэлу ў Харкаве
Фота апублікаваў афіцыйны прадстаўнік Украіны Антон Герашчанка.
Пахавалі загінулага ля беларускай мяжы ўкраінскага афіцэра
У Львоўскай вобласьці Ўкраіны, у сяле Сакольнікі, 28 лютага пахавалі 21-гадовага ўкраінскага камандзіра танку Віталя Сапілу, паведамляе Радыё Свабода.
Колішні футбаліст украінскай вышэйшай лігі, афіцэр Сапіла загінуў 25 лютага ў баях каля ўкраінска-беларускай мяжы. У танк, якім ён кіраваў, мэтанакіравана пацэліла расейская ракета. У выніку загінулі двое байцоў.