Зяленскага на перамовах у Гомлі прадстаўляе былы беларускі журналіст, якога дэпартавалі за крытыку Лукашэнкі
У склад дэлегацыі Ўкраіны на перамовах з расейцамі ў Гомлі ўваходзіць раднік Уладзіміра Зяленскага Міхаіл Падаляк. Ён вучыўся і працаваў у Беларусі, пакуль яго не дэпартавалі за крытыку Лукашэнкі ў 2004 годзе.
Да каманды Зяленскага Падаляк далучыўся ў пачатку 2020 году. Ён стаў дарадцам кіраўніка Офісу прэзыдэнта Андрэя Ермака і «антыкрызісным мэнэджэрам», адказвае ў Офісе за інфармацыйную палітыку.
У Харкаве падлічваюць ахвяры пасьля паўдня бесьперапыннай атакі Расеі. Кажуць, што іх будзе шмат
Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны паведаміла аб спыненьні абстрэлаў з боку расейскіх войскаў.
«Пасьля апошняга абстрэлу гораду Харкава ў лякарні шпіталізавалі 31 асобу з раненьнямі розных ступеняў. Адна жанчына памерла. Паколькі абстрэл толькі нядаўна скончыўся, колькасьць параненых можа зьмяніцца, а колькасьць загінулых паведамім пазьней», — заявілі ратавальнікі.
Паводле іх, усяго за апошнія содні ў дзьве гарадзкія лякарні накіравалі 44 параненых.
Сёньня ў Харкаве і Харкаўскай вобласьці ідуць моцныя абстрэлы з боку расейскіх войскаў. Найперш атакавалі менавіта жылыя масівы. Улады кажуць пра вялікую колькасьць забітых і параненых.
Генэральная пракуратура завяла крымінальныя справы супраць мэраў двух гарадоў Харкаўскай вобласьці — Паўднёвага (укр. Південний) і Куп’янску, што ў 20- кілямэтровай зоне ад абласнога цэнтру.
Расея закрывае неба для 36 краін
Расея закрыла паветраную прастору для 36 краін у адказ на закрыцьцё паветранай прасторы для расейскіх самалётаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні агенцтва «Росавиация». Акрамя Вялікай Брытаніі, Баўгарыі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Румыніі, Эстоніі, Славеніі, Чэхіі і Польшчы, з якімі авіязносіны ўжо былі закрытыя, у абноўлены сьпіс трапілі яшчэ 27 краін, уключаючы Нямеччыну, Гішпанію, Італію і Францыю.
СМІ: На просьбу Кіева Абрамовіч дапамагае ва ўкраінска-расейскіх перамовах
Мільярдэр Раман Абрамовіч знаходзіцца ў Беларусі на просьбу Ўкраіны, каб дапамагчы ў перамовах паміж Украінай і Расеяй у рамках намаганьняў дзеля спыненьня вайны.
Пра гэта паведамляе The Jerusalem Post. Адзначаецца, што расейскі мільярдэр, які мае шчыльныя сувязі з габрэйскімі суполкамі Ўкраіны і Расеі, знаходзіцца ў Беларусі на просьбу ўкраінскіх уладаў для спрыяньня ў перамовах.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіў прадусар Аляксандар Раднянскі, які спаслаўся на размову з Абрамовічам.
Расейская апазыцыя стварыла Антываенны камітэт Расеі
Група расейскіх апазыцыянэраў, вучоных і грамадзкіх дзеячоў, частка зь якіх у эміграцыі, абвесьціла аб стварэньні Антываеннага камітэту Расіі. Яго мэтай ёсьць барацьба з «дыктатурай Уладзіміра Пуціна», якая разьвязала вайну ва Ўкраіне.
Сярод стваральнікаў камітэту былы кіраўнік кампаніі ЮКОС Міхаіл Хадаркоўскі, апазыцыянэры Гары Каспараў і Сяргей Гурыеў.
У звароце сяброў Антываеннага камітэту падкрэсьліваецца, што «ёсьць дакладная розьніца паміж расіянамі — нядобраахвотнымі ўдзельнікамі пуцінскіх авантураў — і тымі, хто сьвядома дапамагае пуцінскаму рэжыму ў братазабойчай агрэсіі».
«Будучы грамадзянамі Расейскай Федэрацыі, мы супраць сваёй волі аказаліся адказнымі за парушэньне міжнароднага права, ваеннае ўварваньне і масавую гібель людзей. Мы нясём маральную адказнасьць за тое, што не змаглі перадухіліць вайну, што дапусьцілі вераломны напад расейскіх войскаў на суседнюю краіну», — заяўляюць сябры Антываеннага камітэту.
ЗША ўвялі санкцыі супраць Банку Расеі і Фонду нацыянальнага дабрабыту
Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць Банку Расеі, расейскага Міністэрства фінансаў і Фонду нацыянальнага дабрабыту, а таксама Расейскага фонду прамых інвэстыцыяў, яго кіроўнай кампаніі і кіраўніка Кірыла Дзьмітрыева ў сувязі з расейскім узброеным уварваньнем ва Ўкраіну.
Цэнтрабанк і ФНБ Расеі з прычыны санкцыяў пазбавяцца доступу да актываў у ЗША або намінаваных у далярах. З-пад санкцыяў выведзены пэўныя транзакцыі, зьвязаныя з пастаўкамі энэрганосьбітаў.
Раней такія меры супраць расейскага Цэнтрабанку ўвялі таксама краіны Эўразьвязу. У далярах і эўра, паводле ацэнак, намінаваныя каля паловы валютных рэзэрваў Банку Расеі (яны складалі на 25 лютага каля 500 млрд даляраў). Курс рубля на таргах на Маскоўскай біржы ў панядзелак упаў ніжэй за 100 рублёў за даляр.
Як дзяцей вывозяць з Украіны
У Харкаўскай вобласьці арыштавалі мэра і кіраўніка паліцыі, якія сталі на бок расейскіх войскаў
Кіраўнік Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў аб арышце мэра горада Паўднёвы (Південний — укр.) Аляксандра Брухана, кіраўніка мясцовай паліцыі і ўчастковага інспэктара.
«Сёньня адбылася спэцыяльная апэрацыя. Затрыманыя паводле артыкулу аб здрадзе дзяржаве. Гэта варта разумець тым, хто яшчэ не разумее, што ў нас вайна і можна дазволіць сабе дамаўляцца з ворагам», — паведаміш на сэлектарнай нарадзе зь кіраўнікамі раённых адміністрацый Харкаўскай вобласьці.
Японія ўводзіць санкцыі супраць Беларусі і пэрсанальна супраць Аляксандра Лукашэнкі
Як піша Reuters, Японія далучылася да міжнародных санкцыящ супраць Цэнтральнага банку Расеі, абмежаваўшы апэрацыі зь ім, заявіў у панядзелак прэм’ер-міністар краіны Фуміё Кісіда. Кісіда паведаміў пра гэта пасьля таго, як у размове з прэзыдэнтам Ўкраіны Ўладзімірам Зяленскім заявіў, што Японія будзе на яе баку.
У гутарцы з журналістамі пасьля тэлефонных перамоваў зь Зяленскім Кісіда таксама заявіў, што Японія ўвядзе санкцыі супраць беларускіх арганізацыяў і асобаў, у тым ліку супраць Аляксандра Лукашэнкі. Японія абмяжуе экспарт у Беларусь, улічваючы «відавочнае дачыненьне краіны да ўварваньня» ва Ўкраіну.
У Міхайлаўскім манастыры ў Кіеве абясшкодзілі дывэрсантаў
Архіяпіскап Чарнігаўскі і Нежынскі Яўстрацій (Зара) паведаміў, што ахова Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра абясшкодзіла расейскую дывэрсійную групу, якая спрабавала трапіць на яго тэрыторыю.
«Побач з тэрыторыяй знойдзеныя пазнакі, якія былі абясшкоджаныя. Мітрапаліт Эпіфаній падзякаваў ахоўнікам за пільнасьць», — паведаміў Яўстрацій у фэйсбуку.
На Зьмяіным востраве расейскія вайскоўцы ўзялі ў палон чальцоў экіпажу цывільнага карабля
Гэты экіпаж накіроўваўся на востраў, каб забраць украінскіх параненых
«На востраў быў адпраўлены цывільны карабель „Сапфір“ для выкананьня гуманітарнай місіі дапамогі пацярпелым. Разам з экіпажам пагадзіліся выйсьці айцы Васіль Выразуб, Аляксандар Чокаў і іх памочнікі. Але яны былі незаконна захопленыя расейцамі. Незаконны захоп цывільнага карабля, які не выконваў баявых дзеяньняў, які не выконваў ніякіх ваенных задачаў, ёсьць парушэньнем правілаў і звычаяў вайны і міжнароднага гуманітарнага права», — паведамляе камандаваньне вайскова-марскіх сілаў Украіны.
Таксама зазначана, што расейскія вайскоўцы зьнішчылі інфраструктуру вострава.
«Наконт марской пяхоты і памежнікаў, захопленых расейскімі акупантамі на Зьмяіным востраве. Мы вельмі радыя даведацца, што нашыя браты жывыя і здаровыя!» — удакладняецца ў паведамленьні.
Расейцы скінулі вакуўмныя бомбы на Ахтырку
«На Ахтырку (Сумская вобласьць. — РС) акупанты скінулі забароненыя Жэнэўскай канвэнцыяй вакуўмныя бомбы. «Вораг вядзе подлую вайну. На Ахтырку зноў была скінута вакуўмная бомба, на склад нафтавага наліву, падарваныя ёмістасьці з нафтай», — паведаміў гарадзкі галава Ахтыркі Паўло Кузьменка ў фэйсбуку.
Адзін з найбагацейшых прадпрымальнікаў Расеі Алег Цінькоў выказаўся супраць вайны ва Ўкраіне
Ён мае шэраг бізнэсаў з назвай «Тинькофф», у тым ліку банкаўскі і рэстаранны.
У Кіеўскім вайсковым шпіталі шмат параненых. Патрэбная кроў
Жыхароў Кіева заклікалі тэрмінова здаваць кроў, бо ў Кіеўскі вайсковы шпіталь прывезьлі шмат параненых. Іх колькасьць не паведамляюць. З раніцы ў Кіеве пэрыядычна абвяшчаюць паветраную трывогу.
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што горад трымае абарону, вайскоўцы і тэрытарыяльная абарона выяўляюць дывэрсантаў, якія дзейнічаюць ў вялікай колькасьці. Згодна зь ягонай інфармацыяй, шмат дывэрсантаў ужо захапілі ў палон.
Віталь Клічко таксама папярэдзіў, што марадэраў будуць зьнішчаць без папярэджаньняў.
14 асобаў атрымалі раненьні і тры чалавекі загінулі падчас абстрэлаў жылых масіваў у Харкаве
Як паведамляюць гарадзкія тэлеграм-каналы Харкава, расейцы другі дзень запар моцна абстрэльваюць горад і асабліва жылыя масівы. У гэты час пад Гомлем праходязць перамовы Расеі і Ўкраіны.
Пахавалі загінулага ля беларускай мяжы ўкраінскага афіцэра
У Львоўскай вобласьці Ўкраіны, у сяле Сакольнікі, 28 лютага пахавалі 21-гадовага ўкраінскага камандзіра танку Віталя Сапілу, паведамляе Радыё Свабода.
Колішні футбаліст украінскай вышэйшай лігі, афіцэр Сапіла загінуў 25 лютага ў баях каля ўкраінска-беларускай мяжы. У танк, якім ён кіраваў, мэтанакіравана пацэліла расейская ракета. У выніку загінулі двое байцоў.
Наступствы ракетнага абстрэлу ў Харкаве
Фота апублікаваў афіцыйны прадстаўнік Украіны Антон Герашчанка.
У Чарнігаве вялікі пажар, гарыць буйны гіпэрмаркет і дамы
А ў часова акупаваным Бярдзянску людзі выйшлі на пратэст і крычаць расейскім вайскоўцам на танках: «Слава Ўкраіне!»
Харкаў абстралялі «Градамі»
Пра гэта паведаміў Антон Герашчанка, намесьнік міністра унутраных спраў Украіны. Паводле яго, абстрэл быў інтэнсіўным, на месца здарэньня едуць «хуткія».
Перамовы паміж Украінай і Расеяй пачаліся ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі
Перамовы праходзяць у адной з рэзыдэнцыяў Лукашэнкі, на беларускім беразе Прыпяці ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну.
«Ключавое пытаньне перамоваў — тэрміновае спыненьне агню і вывад расейскіх войскаў з Украіны», — заявіў Офіс прэзыдэнта Ўкраіны і паведаміў аб складзе дэлегацыі, накіраванай на мяжу для перамоваў:
Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія, міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў, дарадца Офісу прэзыдэнта Міхайла Падаляк, першы намесьнік кіраўніка дэлегацыі ў трохбаковай кантактнай групе Андрэй Косьцін, народны дэпутат Рустэм Умераў і намесьнік міністра замежных спраў Мікола Тачыцкі.
Дэлегацыя Расеі на перамовах знаходзіцца на Прыпяці зь вечара 27 лютага. У склад расейскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства абароны, адміністрацыі прэзыдэнта і іншых ведамстваў. Узначаліў яе памочнік Пуціна Ўладзімір Мядзінскі, паведамляе ТАСС.