Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: украінская дэлегацыя зьмяніла маршрут руху на перамовы, але яны адбудуцца


Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, старшыня падкамітэту дзяржаўнай бясьпекі і абароны Фёдар Веніслаўскі заявіў, што ўкраінская дэлегацыя зьмяніла маршрут руху ў кірунку мяжы зь Беларусьсю, дзе мусяць адбыцца перамовы.

«Яны паехалі такім чынам, каб не было пагрозы іхнаму жыцьцю. Перамовы пачнуцца ў найбліжэйшыя гадзіны», — сказаў Фёдар Веніслаўскі ў эфіры телеканалу «Рада».

Дэпутат, спасылаючыся на неабходнасьць гарантаваць бясьпеку дэлегацыі, адмовіўся ўдакладніць яе склад.

«Першыя вынікі гэтых перамоваў зьявяцца цягам вельмі кароткага часу пасьля іх пачатку. Цягам 3-4 гадзін будзем мець інфармацыю пра тое, якія стартавыя пазыцыі былі і якіх удалося дасягнуць дамоўленасьцяў».

«Хачу падкрэсьліць яшчэ раз, каб не было дыскусіяў: ніякіх кампрамісаў з боку Ўкраіны наконт тэрытарыяльнай цэласьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту ня будзе. Ніякіх ультыматумаў не выказвалася, і менавіта таму прэзыдэнт Украіны пагадзіўся накіраваць украінскую дэлегацыю на гэтыя перамовы», — заявіў Фёдар Веніслаўскі.

Фёдар Веніслаўскі таксама паведаміў, што на гэты момант Беларусь выконвае ўзятыя на сябе абавязкі ў стрыманьні руху вайсковай тэхнікі і сілы. Апроч таго, украінскі дэпутат паведаміў, што на перамовах будзе прысутнічаць і беларускі бок.

«Прадстаўнікі Рэспублікі Беларусі таксама будуць удзельнічаць, але я мяркую, што не як пасярэднікі ці назіральнікі, а як прадстаўнікі акупацыйнай улады Расейскай Фэдэрацыі. Зыходзячы зь дзейных міжнародных дакумэнтаў, Рэспубліка Беларусь дэ-факта ёсьць бокам ваеннага канфлікту з Украінай, бо яна дазволіла выкарыстаць сваю тэрыторыю для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне», — заявіў Фёдар Веніслаўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG