Пра гэта паведамляе Reuters.
Кіраўніцтва YouTube, спасылаючыся на «надзвычайныя абставіны», заявіла, што «прыпыніла магчымасьць некаторых каналаў атрымаць фінансавую выгаду з YouTube». Гэта абмежаваньне закранула некалькі расейскіх каналаў, якія падпалі пад міжнародныя санкцыі.
Google заявіў, што забараніў расейскім СМІ, якія фінансуюцца дзяржавай, выкарыстоўваць свае рэклямныя тэхналёгіі для атрыманьня даходу ад сваіх сайтаў і праграмаў.
Прэс-сакратар Google Майкл Эйсіман заявіў, што расейскія СМІ таксама страцілі магчымасьць купляць рэкляму з дапамогай Google Tools і разьмяшчаць рэкляму ў сэрвісах Google, такіх як пошукавыя сыстэмы або Gmail.
«Мы актыўна сочым за разьвіцьцём падзей і пры неабходнасьці будзем прымаць дадатковыя захады», — сказаў ён.
24 лютага ЭЗ увёў санкцыі супраць кіраўніцы RT Маргарыты Сіманьян, якую назвалі «цэнтральнай фігурай» у расейскай прапагандзе.
Прадстаўнік YouTube сказаў, што відэа, зробленыя мэдыя, на якія накладзеныя абмежаваньні, будуць менш прапаноўваць карыстальнікам, а RT і некалькі іншых каналаў ня будуць даступныя ва Ўкраіне.
26 лютага міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка папрасіў YouTube заблякаваць расейскія каналы «Першы канал», «Звезда», «ТНТ», «Россия сегодня», «Рен ТВ» і іншыя.
YouTube не назваў спісу каналаў, якія былі абмежаваныя.
RT і Маргарыта Сіманьян не адказалі на запыт Reuters аб камэнтары.
У пятніцу кампанія Meta Platforms, якая валодае сацыяльнай сеткай Facebook, забараніла расейскім дзяржаўным СМІ распаўсюджваць рэкляму і атрымліваць даходы ад рэклямы на сваіх плятформах.