Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі салдат патрулюе апусьцелыя вуліцы Кіева 27 лютага
Украінскі салдат патрулюе апусьцелыя вуліцы Кіева 27 лютага

Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы. Хроніка вайны 27 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы на мяжы Беларусі і Ўкраіны
  • Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне
  • 27 лютага пад расейскія абстрэлы трапілі газапаравод, нафтабаза і сховішча ядзерных адходаў. У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі.
  • За чатыры дні расейскай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 352 цывільныя асобы і яшчэ 1684 атрымалі раненьні.
  • Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў: «Кіеў атакавалі а 4-й раніцы. Вы
  • Паводле ААН, ужо больш за 368 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Беларусы выказваюць пратэст супраць вайны падчас галасаваньня на рэфэрэндуме ў Менску
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна».
  • Многія эўрапейскія краіны закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў, а авіякампаніі адмяняюць рэйсы ў Расею
21:37 27.2.2022

Урад Швэцыі перадасьць Украіне 43 мільёны даляраў фінансавай дапамогі і вайсковы рыштунак

Швэцыя перадасьць Украіне 43 мільёны даляраў фінансавай дапамогі, 135 тысяч палявых пайкоў, 5 тысяч касак, 5 тысяч бронекамізэлек і 5 тысяч аднаразовых супрацьтанкавых гранатамётаў. Пра гэта паведаміла прэм’ер-міністарка краіны Магдалена Андэрсан.

22:09 27.2.2022

Міністэрства абароны Казахстана абвергла інфармацыю аб адпраўцы вайскоўцаў ва Ўкраіну

«Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, датычна нібы накіраваньня казахстанскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну не адпавядае рэчаіснасьці», – гаворыцца ў заяве Мінабароны Казахстана.

У ведамстве ўдакладнілі, падобных запытаў аб дапамозе кіраўніцтву краіны не паступала.

22:47 27.2.2022

KFC і McDonald’s ва Ўкраіне пачалі пастаўляць ежу вайскоўцам і шпіталям

Сеткі фастфудаў KFC і McDonald's пачалі пастаўляць прадукты ў падтрымку ўкраінцаў і ўкраінскай арміі. Пра гэта гаворыцца ў Instagram кампаній.

У McDonaldʼs паведамілі, што перадаюць прадукты, якія не патрабуюць прыгатаваньня, мясцовым саветам. У KFC заявілі пра пастаўку ежу ваенным, тэрытарыяльнай абароне, ваенным шпіталям і бальніцам.

23:03 27.2.2022

Кіеў: за чатыры дні расейскай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 352 цывільныя асобы і яшчэ 1684 атрымалі раненьні

Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны абнародавала апэратыўныя зьвесткі аб колькасьці ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў выніку чатырох дзён вайсковай агрэсіі Расеі на Ўкраіну.

Папярэдне загінулі 352 цывільныя асобы, у тым ліку 16 дзяцей, і яшчэ 1684 атрымалі раненьні, у тым ліку –116 дзяцей.

23:22 27.2.2022

Турцыя абмяжуе праход расейскіх караблёў па пралівах у Чорнае мора

Турцыя ў нядзелю паведаміла аб рашэньні выканаць палажэньні міжнароднай Канвэнцыі Мантро, якое дазволіць абмежаваць рух расейскіх ваенных караблёў з Міжземнага мора ў Чорнае.

Пра гэта ў інтэрвію CNN Turk заявіў міністар замежных спраў Турцыі Мэўлют Чавушаглу. Упершыню з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага прадстаўнік кіраўніцтва Турцыі, якая ўваходзіць у NATO, назваў сытуацыю ва Ўкраіне вайной. Гэтым Чавушаглу прыкметна зьмяніў рыторыку Анкары, якая да гэтага часу камэнтавала падзеі вельмі асьцярожна, балянсуючы паміж сваімі абавязацельствамі перад заходнімі саюзьнікамі і цеснымі кантактамі з Масквой, піша Reuters.

00:08 28.2.2022

FIFA і FIDE забаранілі праводзіць матчы і спаборніцтвы ў Расеі

Міжнародная фэдэрацыя футбола (FIFA) увяла санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. З гэтага часу зборная Расеі па футболе будзе называцца «Расейскі футбольны саюз» і праводзіць свае матчы толькі на нэўтральных палях. Акрамя таго, камандзе забараняецца выкарыстоўваць нацыянальны сьцяг і гімн.

Санкцыі ўвяла таксама Сусьветная шахматная фэдэрацыя, забараніўшы ўсе спаборніцтвы, якія праводзяцца пад сваёй эгідай, на тэрыторыі Расеі.

Раней нацыянальныя футбольныя каманды Польшчы, Швэцыі і Чэхіі адмовіліся гуляць са зборнай Расеі за права выхаду на чэмпіянат сьвету, які адбудзецца сёлета ў Катары. Пры гэтым каманды заявілі, што ня выйдуць на гульні супраць Расеі, якія павінны былі прайсьці вясной у Маскве, нават калі FIFA перанясе іх на нэўтральныя палі.

01:13 28.2.2022

28 лютага зьбярэцца экстраная сэсія Генасамблеі ААН

Рада бясьпекі ААН падтрымала рэзалюцыю аб скліканьні экстранай спэцыяльнай сэсіі Генэральнай асамблеі з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Сэсія павінна адбыцца 28 лютага.

Галасаваньне рады, у якую ўваходзяць 15 чальцоў, было працэдурным, таму Расея не магла накласьці вета. Рашэньне аб скліканьні сэсіі Генэральнай асамблеі было прынята 11 галасамі «за». Расея прагаласавала супраць, а Кітай, Індыя і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ўстрымаліся.

Сустрэча павінна даць усім 193 членам Генасамблеі права выказаць сваё меркаваньне аб нападзе Расеі на Ўкраіну.

25 лютага Расея наклала вета на рашэньне Савета бясьпекі аб перадачы рэзалюцыі супраць уварваньня Расеі ва Украіну на разгляд Генасамблеі.

26 лютага прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зьвярнуўся да генэральнага сакратара ААН з просьбай забраць у Расеі права голасу ў Савеце бясьпекі ААН.

01:51 28.2.2022

«Упершыню ў гісторыі». ЭЗ прадаставіць Украіне летальную зброю на 450 млн эўра

Эўразьвяз пагадзіўся выдзеліць Узброеным сілам Украіны летальную зброю на 450 мільёнаў эўра для барацьбы з расейскім уварваньнем.

Пра гэта паведаміў міністар замежных спраў ЭЗ Жузэп Бурэль пасьля нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін-чальцоў, піша «Європейська правда».

«Мы вырашылі даць летальную зброю ўкраінскай арміі на 450 мільёнаў эўра і пакет на яшчэ 50 мільёнаў на нелетальную дапамогу: паліва, сродкі абароны. Мы робім гэта ўпершыню ў гісторыі. Усе краіны пагадзіліся або, па меншай меры, не адмаўлялі рашэньне», — сказаў Бурэль

XS
SM
MD
LG