Партугалія прыпыняе выдачу расейцам «залатых візаў»
Партугалія прыпыніла разгляд заяваў ад грамадзян Расеі на атрыманьне «залатых візаў», якія даюць замежным грамадзянам у абмен на інвэстыцыі. Пра гэта ў інтэрвію CNN Portugal паведаміў кіраўнік партугальскага МЗС Аўгушту Сантуш Сілва. Партугалія падтрымала санкцыі ЭЗ і забароніць уезд, а таксама замарозіць актывы любога грамадзяніна Расеі ці Беларусі, які трапіў у санкцыйны сьпіс, незалежна таго, ёсьць у яго партугальскае грамадзянства ці не.
Па словах міністра, Партугалія гатова прыняць украінскіх уцекачоў — у краіне ўжо жывуць каля 28 тысяч украінцаў. Акрамя таго, Партугалія паабяцала аказаць Украіне падтрымку: у краіну паставяць вайсковую тэхніку. Прадстаўнік МЗС таксама адзначыў, што ва Ўкраіне зараз знаходзяцца 14 партугальцаў.
Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне
«Сапраўды, з тэрыторыі чарнобыльскіх прыкладна раёнаў, дзе былі на вучэньнях расейскія войскі, былі запушчаны дзьве ці тры ракеты», — сказаў Лукашэнка, выступаючы на выбарчым участку пасьля галасаваньня.
Таксама Лукашэнка заявіў, што ва Ўкраіне няма ні беларускіх салдатаў, ні ўзбраеньня, ні боепрыпасаў.
Google падтрымаў Украіну і ўвёў абмежаваньні на расейскія каналы
Карпарацыя Alphabet (асновай яе бізнэс-імпэрыі зьяўляецца пошуковая сыстэма Google) забараніла расейскаму дзяржаўнаму мэдыя RT і іншым каналам атрымліваць грошы за рэкляму на сваіх сайтах, у праграмах і відэа, разьмешчаных на YouTube. Пра гэта паведамляе Reuters.
Кіраўніцтва YouTube, спасылаючыся на «надзвычайныя абставіны», заявіла, што «прыпыніла магчымасьць некаторых каналаў атрымаць фінансавую выгаду з YouTube». Гэта абмежаваньне закранула некалькі расейскіх каналаў, якія трапілі пад міжнародныя санкцыі.
Google заявіў, што забараніў расейскім СМІ, якія фінансуюцца дзяржавай, выкарыстоўваць свае рэклямныя тэхналёгіі для атрыманьня даходу ад сваіх сайтаў і праграмаў.
Прэс-сакратар Google Майкл Эйсіман заявіў, што расейскія СМІ таксама страцілі магчымасьць купляць рэкляму з дапамогай Google Tools і разьмяшчаць рэкляму ў сэрвісах Google, такіх як пошукавыя сыстэмы або Gmail.
Прадстаўнік YouTube сказаў, што відэа, зробленыя мэдыя, на якія накладзеныя абмежаваньні, будуць менш прапаноўваць карыстальнікам, а RT і некалькі іншых каналаў ня будуць даступныя ва Ўкраіне.
СБУ абнародавала сакрэтныя дакумэнты расейскіх салдат, якія ўварваліся ва Ўкраіну
Служба бясьпекі Ўкраіны пасьля зьнішчэньня расейскай дывэрсійнай групы ў Гастомелі, што за 30 км ад Кіева, атрымала паіменныя зьвесткі аб расейскіх вайскоўцах, а таксама сакрэтныя паролі і шыфры, якімі яны карысталіся.
Сярод дакумэнтаў таксама баявы разьлік з пазыўнымі байцоў і камандзіраў, схемы дзеяньняў захопнікаў (у тым ліку шляхі наступу, адступленьня, запраўкі і гэтак далей), а таксама ўмоўныя знакі і шыфры каманд кіраваньня.
«Атрыманыя дакумэнты стануць доказамі для суда, яны дазволяць трымаць на кантролі кожнае прозьвішча варожых акупантаў і ўсе тыя, хто выжыве, абавязкова будуць пакараныя», – падкрэсьлілі ў СБУ.
МУС Украіны стварыла сайт 200rf.com для ідэнтыфікацыі загінулых расейскіх вайскоўцаў
Там будуць выкладацца фатаграфіі загінулых расейскіх вайскоўцаў і іх дакумэнтаў для дапамогі ў іх ідэнтыфікацыі. Таксама праз сайт сваякі змогуць даведацца, дзе забраць целы загінулых. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Медиазона.Беларусь.
Генштаб Украіны апублікаваў відэа атакі з дрона на расейскую калёну ў Херсонскай вобласьці
Лукашэнка патлумачыў, што сказаў Макрону пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі
Аляксандр Лукашэнка пасьля галасаваньня на рэфэрэндуме аб Канстытуцыі расказаў, пры якіх умовах у Беларусі можа зьявіцца ядзерная зброя Расеі.
Лукашэнка, маўляў, заявіў Макрону, што калі Захад разьмесьціць такую зброю паблізу межаў краіны, то і ён разгледзіць пытаньне і зьвернецца да кіраўніцтва Расеі, каб такая зброя, у свой час выведзеная зь Беларусі, была вернутая назад.
Амбасада Беларусі ва Ўкраіне не працуе. Афіцыйны сайт не абнаўляецца з 24 лютага
Грамадзяне Беларусі, якія засталіся ў Кіеве, ня могуць зьвязацца з консуламі амбасады Беларусі ва Ўкраіне.
Ніводзін тэлефон не адказвае – ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, які паводле службовых абавязкаў мае дапамагаць грамадзянам Беларусі, што трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.
Увогуле невядома, ці знаходзяцца беларускія дыпляматы на сваіх працоўных месцах.
Пратэст супраць вайны ў бюлетэнях
Ужо зараз па ўсёй Беларусі людзі, якія прыходзяць на выбарчыя ўчасткі на рэфэрэндум аб зьмяненьнях у Канстытуцыі, пакідаюць у бюлетэнях антываенныя допісы, пратэстуючы супраць агрэсіі ва Ўкраіне, якую Расея разьвязала пры дапамозе Лукашэнкі. На 14-ю гадзіну прызначаны збор людзей каля сваіх выбарчых участкаў дзеля гучнага пратэсту супраць нелегітымных рашэньняў уладаў і вайны з Украінай.
Міжнародная фэдэрацыя дзюдо пазбавіла Пуціна статусу ганаровага прэзыдэнта і амбасадара Фэдэрацыі
У афіцыйнай заяве сказана: «У сьвятле ваеннага канфлікту ва Ўкраіне, які працягваецца, Міжнародная фэдэрацыя дзюдо аб'яўляе аб прыпыненьні статусу Ўладзіміра Пуціна ў якасьці ганаровага прэзыдэнта і амбасадара Міжнароднай фэдэрацыі дзюдо».
Агенцтва ААН паведаміла аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва Ўкраіны
Як мінімум 64 мірныя жыхары Ўкраіны былі забітыя і больш за 160 тысяч сталі ўцекачамі ў выніку ўварваньня расейскіх войскаў. Аб гэтым заявіла Упраўленьне па каардынацыі гуманітарных пытаньняў ААН (УКГП). Пры гэтым паведамляецца, што, як мяркуецца, колькасьць ахвяр «значна большая».
У выніку пашкоджаньняў грамадзянскай інфраструктуры, сотні тысяч украінцаў засталіся без вады і электраэнэргіі. Сотні дамоў пашкоджаны і зьнішчаны. Пашкоджаньні дарог і мастоў прывялі да ізаляцыі некаторых населеных пунктаў.
Больш за 200 вядомых комікаў падпісалі адкрыты зварот да Пуціна супраць вайны ва Ўкраіне
Сярод тых, хто падпісаў, беларусы Слава Камісаранка і Ідрак Мірзалізадэ, Міхаіл Шац, Аляксандар Далгаполаў і іншыя.
Гуманітарыі асудзілі расейскую агрэсію супраць Украіны
Праўленьне і Рада Міжнароднай асацыяцыі гуманітарыяў, якая ўключае навукоўцаў з Украіны, Расеі і Беларусі, асудзіла супрацьзаконнае ўварваньне расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны і пачатак баявых дзеяньняў супраць украінскага народу:
«Грунтуючыся на гістарычных дадзеных і міжнародным праве, мы патрабуем павагі да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны як незалежнай дзяржавы. Мы смуткуем аб загінулых і заклікаем усіх разважных людзей зрабіць усё магчымае, каб спыніць гэтую вайну», – гаворыцца ў заяве.
Украіна атрымала вялікую партыю ракет «паветра — паветра»
«Ад нашых заходніх партнэраў для авіяцыі Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны прыйшла вялікая партыя ракет клясы „паветра — паветра“. Яны ўжо пад крыламі нашых зьнішчальнікаў. Лётчыкі запэўніваюць, што на ўсіх акупантаў хопіць!» — напісаў тэлеграм-канал Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
Украінскі парлямэнт падзякаваў замежным саюзьнікам за магутную падтрымку ва ўзбраеньні.
Нямеччына, Бэльгія, Швэцыя ды іншыя краіны закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў
- Нямеччына 27 лютага ў 17:00 на 3 месяцы закрывае неба для расейскіх самалётаў, паведамляе газэта Handelsblatt са спасылкай на нямецкае Міністэрства транспарту.
- Паветраную прастору закрые таксама Швэцыя, паведаміў у інтэрвію Швэдзкаму радыё міністар у пытаньнях ЭЗ Ханс Дальгрэн.
- «Ісьляндыя вырашыла закрыць сваю паветраную прастору для расейскага паветранага руху на знак салідарнасьці з Украінай», — заявіла кіраўніца МЗС краіны.
- Бэльгія закрывае паветраную прастору для ўсіх расейскіх авіякампаній, заявіў прэм’ер краіны.
- Ірляндыя закрые паветраную прастору для расейскіх самалётаў, паведаміў у твітэры міністар замежных спраў краіны Сайман Коўні.
- Неба для расейскіх самалётаў закрываюць таксама Італія, Аўстрыя і Данія.
Украіна афіцыйна зьвярнулася ў Міжнародны суд ААН з пазовам супраць Расеі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН у Гаазе.
«Патрабуем прыцягнуць Расею да адказнасьці за скажэньне паняцьця генацыду для апраўданьня агрэсіі. Просім суд тэрмінова загадаць Расеі спыніць вайсковыя дзеяньні і прызначыць слуханьні на наступны тыдзень», — паведаміў Зяленскі ў сваім Twitter.
Адначасова Вярхоўная рада Ўкраіны зьвярнулася да Генэральнай асамблеі ААН з прапановай стварыць спэцыяльны трыбунал для расьсьледаваньня злачынстваў рэжыму дзейнага прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Эўразьвяз сёньня на тэрміновым саміце разгледзіць дадатковую дапамогу Ўкраіне
Эўразьвяз разгледзіць дадатковыя меры падтрыманьня Ўкраіны. З гэтай мэтай Высокі прадстаўнік ЭЗ ў вонкавых справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль склікаў нечарговую сустрэчу міністраў замежных справаў зьвязу, інфармуе reform.by.
«Я прапаную міністрам выкарыстоўваць Эўрапейскі фонд міру для дзьвюх мераў тэрміновай дапамогі. Яны накіраваныя на фінансаваньне паставак летальных матэрыялаў для гераічнай украінскай арміі, якая аказвае жорсткі супраціў расейскім акупантам, а таксама на забесьпячэньне тэрмінова неабходнымі нелетальнымі матэрыяламі, такімі як паліва», — паведаміў Бурэль.
Кіеў: расейцы страцілі прыкладна 4300 салдатаў пры наступе на Ўкраіну
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр прывяла статыстыку, якую мае ведамства на гэты час. Паводле яе, расейцы страцілі ў вайне ўжо 27 самалётаў і 26 верталётаў, 146 танкаў, 49 гармат і іншую вайсковую тэхніку. Інфармацыя пра 4300 страт асабовага складу ўдакладняецца.
Канцлер Нямеччыны Шольц: агрэсія Пуціна стала паваротным пунктам
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц выступіў на тэрміновай сэсіі Бундэстагу з прамовай, прысьвечанай расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну.
Канцлер пацьвердзіў, што Нямеччына пачне пастаўкі Ўкраіне ўзбраеньня, бо «пуцінская агрэсія не пакінула нам іншага выбару». Раней Нямеччына не пагаджалася адпраўляць сваю зброю Ўкраіне.
Шольц пацьвердзіў, што супраць Расеі будуць узмацняцца жорсткія санкцыі ў выпадку працягу агрэсіі, і яны «не абмежаваныя ніякімі магчымымі лімітамі». Канцлер таксама заявіў аб рэзкім — амаль удвая — павелічэньні выдаткаў на нацыянальную абарону. Прымуць меры і для найхутчэйшага зьніжэньня залежнасьці ад паставак расейскага газу. У тым ліку пабудуюць два новыя тэрміналы для прыёму звадкаванага газу.