Амбасада Беларусі ва Ўкраіне не працуе. Афіцыйны сайт не абнаўляецца з 24 лютага
Грамадзяне Беларусі, якія засталіся ў Кіеве, ня могуць зьвязацца з консуламі амбасады Беларусі ва Ўкраіне.
Ніводзін тэлефон не адказвае – ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, які паводле службовых абавязкаў мае дапамагаць грамадзянам Беларусі, што трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.
Увогуле невядома, ці знаходзяцца беларускія дыпляматы на сваіх працоўных месцах.
Лукашэнка патлумачыў, што сказаў Макрону пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі
Аляксандр Лукашэнка пасьля галасаваньня на рэфэрэндуме аб Канстытуцыі расказаў, пры якіх умовах у Беларусі можа зьявіцца ядзерная зброя Расеі.
Лукашэнка, маўляў, заявіў Макрону, што калі Захад разьмесьціць такую зброю паблізу межаў краіны, то і ён разгледзіць пытаньне і зьвернецца да кіраўніцтва Расеі, каб такая зброя, у свой час выведзеная зь Беларусі, была вернутая назад.
Генштаб Украіны апублікаваў відэа атакі з дрона на расейскую калёну ў Херсонскай вобласьці
МУС Украіны стварыла сайт 200rf.com для ідэнтыфікацыі загінулых расейскіх вайскоўцаў
Там будуць выкладацца фатаграфіі загінулых расейскіх вайскоўцаў і іх дакумэнтаў для дапамогі ў іх ідэнтыфікацыі. Таксама праз сайт сваякі змогуць даведацца, дзе забраць целы загінулых. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Медиазона.Беларусь.
СБУ абнародавала сакрэтныя дакумэнты расейскіх салдат, якія ўварваліся ва Ўкраіну
Служба бясьпекі Ўкраіны пасьля зьнішчэньня расейскай дывэрсійнай групы ў Гастомелі, што за 30 км ад Кіева, атрымала паіменныя зьвесткі аб расейскіх вайскоўцах, а таксама сакрэтныя паролі і шыфры, якімі яны карысталіся.
Сярод дакумэнтаў таксама баявы разьлік з пазыўнымі байцоў і камандзіраў, схемы дзеяньняў захопнікаў (у тым ліку шляхі наступу, адступленьня, запраўкі і гэтак далей), а таксама ўмоўныя знакі і шыфры каманд кіраваньня.
«Атрыманыя дакумэнты стануць доказамі для суда, яны дазволяць трымаць на кантролі кожнае прозьвішча варожых акупантаў і ўсе тыя, хто выжыве, абавязкова будуць пакараныя», – падкрэсьлілі ў СБУ.
Google падтрымаў Украіну і ўвёў абмежаваньні на расейскія каналы
Карпарацыя Alphabet (асновай яе бізнэс-імпэрыі зьяўляецца пошуковая сыстэма Google) забараніла расейскаму дзяржаўнаму мэдыя RT і іншым каналам атрымліваць грошы за рэкляму на сваіх сайтах, у праграмах і відэа, разьмешчаных на YouTube. Пра гэта паведамляе Reuters.
Кіраўніцтва YouTube, спасылаючыся на «надзвычайныя абставіны», заявіла, што «прыпыніла магчымасьць некаторых каналаў атрымаць фінансавую выгаду з YouTube». Гэта абмежаваньне закранула некалькі расейскіх каналаў, якія трапілі пад міжнародныя санкцыі.
Google заявіў, што забараніў расейскім СМІ, якія фінансуюцца дзяржавай, выкарыстоўваць свае рэклямныя тэхналёгіі для атрыманьня даходу ад сваіх сайтаў і праграмаў.
Прэс-сакратар Google Майкл Эйсіман заявіў, што расейскія СМІ таксама страцілі магчымасьць купляць рэкляму з дапамогай Google Tools і разьмяшчаць рэкляму ў сэрвісах Google, такіх як пошукавыя сыстэмы або Gmail.
Прадстаўнік YouTube сказаў, што відэа, зробленыя мэдыя, на якія накладзеныя абмежаваньні, будуць менш прапаноўваць карыстальнікам, а RT і некалькі іншых каналаў ня будуць даступныя ва Ўкраіне.
Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне
«Сапраўды, з тэрыторыі чарнобыльскіх прыкладна раёнаў, дзе былі на вучэньнях расейскія войскі, былі запушчаны дзьве ці тры ракеты», — сказаў Лукашэнка, выступаючы на выбарчым участку пасьля галасаваньня.
Таксама Лукашэнка заявіў, што ва Ўкраіне няма ні беларускіх салдатаў, ні ўзбраеньня, ні боепрыпасаў.
Партугалія прыпыняе выдачу расейцам «залатых візаў»
Партугалія прыпыніла разгляд заяваў ад грамадзян Расеі на атрыманьне «залатых візаў», якія даюць замежным грамадзянам у абмен на інвэстыцыі. Пра гэта ў інтэрвію CNN Portugal паведаміў кіраўнік партугальскага МЗС Аўгушту Сантуш Сілва. Партугалія падтрымала санкцыі ЭЗ і забароніць уезд, а таксама замарозіць актывы любога грамадзяніна Расеі ці Беларусі, які трапіў у санкцыйны сьпіс, незалежна таго, ёсьць у яго партугальскае грамадзянства ці не.
Па словах міністра, Партугалія гатова прыняць украінскіх уцекачоў — у краіне ўжо жывуць каля 28 тысяч украінцаў. Акрамя таго, Партугалія паабяцала аказаць Украіне падтрымку: у краіну паставяць вайсковую тэхніку. Прадстаўнік МЗС таксама адзначыў, што ва Ўкраіне зараз знаходзяцца 14 партугальцаў.
Расейскія банкі, якія трапілі пад санкцыі, адключаюць ад SWIFT
ЗША, Канада і ключавыя краіны Эўразьвязу, уключаючы Нямеччыну, Францыю і Італію, узгаднілі выключэньне з сыстэмы міжбанкаўскіх плацяжоў SWIFT расейскіх банкаў, якія трапілі пад санкцыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце Белага дому.
Дакладны сьпіс банкаў, якія падпалі пад абмежаваньне, не прыводзіцца. Санкцыі цяпер уведзеныя, у прыватнасьці, супраць «Альфа-Банка», ВЭБ, ВТБ, «Промсвязьбанка», «Открытия», Банка «Россия», «Россельхозбанка», МКБ, «Совкомбанка» і некалькіх крэдытных арганізацый, якія працуюць у анэксаваным Крыме.
Як вынікае з паведамленьня Белага дому, адключэньне расейскіх банкаў ад SWIFT – не адзінае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый. Бакі дамовіліся ўскладніць атрыманьне грамадзянства ў заходніх краінах у абмен на інвэстыцыі для расейскіх бізнэсмэнаў, зьвязаных з урадам. Бакі дамовіліся ўскладніць магчымасьці для расейскага Цэнтрабанка супрацьдзейнічаць санкцыям.
Пратэст ля расейскай амбасады ў Мэксыцы
Расейцы ў Харкаве кінулі сваю тэхніку
Уварваньне ў Харкаў расейскага спэцназу скончылася раззбраеньнем і згарэлымі машынамі. Украінскія вайскоўцы разьбіраюць, што з сабою прыезлі расейскія салдаты.
Разбурэньні ад абстрэлаў у Мікалаеве
Зьяўляюцца новыя відэа і фота разбурэньняў жылых дамоў у выніку расейскай узброенай агрээсіі ў Кіеве, Харкаве, Херсоне, а цяпер і Мікалаеве.
«Ехаў на вучэньні ў Беларусь. Як апынуліся ва Ўкраіне, не разумею». Пра палонных вайскоўцаў з Сібіру паведамляюць іхныя сем’і
Украінскае выданьне УНІАН 26 лютага апублікавала відэа з палонным 19-гадовым салдатам Паўлам Краўчанкам зь вёскі Новачаромхава Іркуцкай вобласьці. Рэдакцыі Сібір.Рэаліі расейскай службы Радыё Свабода ўдалося пагаварыць з роднымі яшчэ аднаго вайскоўца з 11 дэсантна-штурмавой брыгады Улан-Удэ А. — яго сястра мяркуе, што ён трапіў у палон, як яшчэ двое вайскоўцаў з гэтай жа брыгады, Вадзім Міхоеў і Натан Касаткін.
Пазьней у рэдакцыю зьвярнулася сястра аднаго з вайскоўцаў 11 дэсантна-штурмавой брыгады. Яна паведаміла, што яе брат з учарашняга дня не выходзіць на сувязь, яна баіцца, што ён таксама трапіў у палон. «Ён ехаў на вучэньні ў Беларусь. Як яны апынуліся ва Ўкраіне, я не разумею», — паведаміла жыхарка Улан-Удэ.
Зяленскі заявіў, што Кіеў згодны на перамовы з Расеяй, але ня ў Менску
«Ня Менск. Варшава, Братыслава, Будапэшт, Стамбул, Баку — гэтыя гарады мы прапанавалі Расеі для вядзеньня перамоваў. Ды і любы іншы горад нам падыходзіць — у краіне, з тэрыторыі якой не ляцяць ракеты ва Ўкраіну», заявіў прэзыдэнт Украіны.
У Чарнігаўскай вобласці паліцыянты разам зь мясцовымі жыхарамі спынілі калёну расейскіх танкаў
Пашкоджаны абстрэламі жылы будынак у Харкаве
Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў. ВІДЭА
«На вайне, якая ідзе зараз, вы з намі не на адным баку. На жаль». І пажадаў ім зрабіць «правільны выбар» на рэфэрэндуме па зьмяненьні Канстытуцыі:
«Шчыра жадаю Беларусі зноў стаць такой жа добрай і бясьпечнай, якой яе яшчэ нядаўна ўсё бачылі. Зрабіце правільны выбар – гэта галоўны выбар вашага жыцьця».
Украіна стварыла Інтэрнацыянальны легіён тэрытарыяльнай абароны
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў замежных грамадзян, якія жадаюць «далучыцца да абароны бясьпекі ў Эўропе і сьвеце», уступаць у Інтэрнацыянальны легіён тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны.
Рэакцыя Ўкраіны на прыбыцьцё расейскай дэлегацыі ў Гомель
Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка адкінуў усе магчымыя перамовы з расейцамі да поўнай капітуляцыі апошніх. Тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны неабходна аднавіць і выплаціць рэпарацыі за разбураныя эканоміку і інфраструктуру. Іначай перамоваў ня будзе.
Расейская дэлегацыя прыбыла ў Беларусь
Яна прыбыла на перамовы з украінцамі, паведаміў прэс-сакратар Пуціна Пяскоў, якога цытуе ТАСС. Дэлегацыя Расеі гатовая пачаць перамовы з Украінай у Гомлі, дадаў ён. Пры гэтым з украінскага боку не было ніякіх заяў пра якія-небудзь перамовы з агрэсарам.