Ва Ўкраіне паведамілі, што зьбілі ракету, выпушчаную з тэрыторыі Беларусі
Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны некалькі хвілінаў таму зьбілі крылатую ракету, выпушчаную па Кіеве з тэрыторыі Беларусі самалётам ТУ-22, паведаміў галоўнакамандуючы УС Украіны Валеры Залужны.
Расейскія войскі знаходзяцца на закрытай ЧАЭС
На спадарожнікавым здымку з накладзенай графікай відаць машыны расейскіх акупацыйных войск побач з Чарнобыльскай АЭС. Украіна, 25 лютага 2022 году.
Ціханоўская заклікала пратэставаць супраць вайны каля выбарчых участкаў
У відэазвароце Сьтвятлана Ціханоўская заклікала 27 лютага а 14-й гадзіне прыходзіць да выбарчых участкаў у Беларусі і актыўна выказваць пратэст супраць нападу Расеі на Ўкраіну.
Рада Бясьпекі ААН зьбярэцца на 4-е паседжаньне з прычыны расейскага нападу на Ўкраіне
Сустрэча заплянаваная на 23:00 па менскім часе ў Нью-Ёрку, падчас яе Рада вырашыць, ці перадаваць рэзалюцыю супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну на разгляд Генасамблеі.
Кіеў умацоўвае абарону
Украінскія Ўзброеныя сілы працягваюць нарошчваць групоўку для абароны Кіева з паўночнага і паўночна-заходняга напрамку, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны Ганна Маляр.
Па ўсёй Украіне працягваецца выкананьне плянавых захадаў па мабілізацыі, у тым ліку фармаваньне тэрытарыяльнай абароны і карпусы рэзэрву, напісала яна.
Пэнтагон: Пуцін выкарыстаў супраць Украіны больш за палову назапашаных сіл
Расея кінула ў бой больш за палову сіл, сабраных перад уварваньнем ва Ўкраіну. Пра гэта паведаміў высокапастаўлены чыноўнік Мінабароны ЗША. Ён правёў брыфінг для журналістаў.
«Цяпер мы б ацанілі, што больш за 50% расейскіх сіл, якія Пуцін выставіў супраць Украіны, на нашу думку, былі задзейнічаныя ўнутры Ўкраіны», – сказаў ён.
Прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што паводоле ацэнак ЗША, украінскія войскі актыўны супраціўляюцца, што стала нечаканасьцю для расейскага боку.
«Мы па-ранейшаму лічым, грунтуючыся на тым, што мы назіралі, што гэты супраціў большы, чым чакалі расейцы, і ў нас ёсьць прыкметы таго, што расейцы ўсё больш хвалююцца з прычыны адсутнасьці імпульсу за апошнія 24 гадзіны, асабліва ў паўночных частках Украіны», – сказаў ён.
Паводле Пэнтагону, украінскія сыстэмы супрацьпаветнанай абароны застаюцца дзеяздольнымі і актыўна выкарыстоўваюцца.
Перадышка ў баі за аэрадром ля Васількова на Кіеўшчыне
Другія суткі працягваюцца баі за вайсковы аэрадром ля горада Васількова Кіеўскай вобласьці. Расейцы хочуць яго захапіць для свайго дэсантаваньня. Расейская ракета пацэліла ў нафтабазу ля Васількова.
Фота карэспандэнта Радыё Свабода Мар’яна Кушніра, якое ён зрабіў у нядзелю раніцай пад Васільковым, дзе ідуць баі з расейскімі вайскоўцамі.
У Харкаў прарваўся спэцназ Расеі. Ідзе вулічны бой
У горад Харкаў уварвалася група войскаў Расеі. На вуліцы Чарнышэўскага ідзе бой, паведаміў дарадца МУС Ўкраіны Антон Герашчанка. Некалькі машына расейцаў ужо гараць.
Горад Новую Кахоўку на Херсоншчыне захапілі расейцы
Новая Кахоўка ў Херсонскай вобласьці цалкам падкантрольная расейскім войскам, яны захапілі гарвыканкам, зьнялі з будынкаў усе ўкраінскія сьцягі, паведаміў мэр горада Ўладзімір Каваленка.
Найбольшыя тэратарыяльныя страты Ўкраіна панесла ў Херсонскай вобласьці, памежнай з акупаваным яшчэ ў 2014 годзе Крымам.
Беларусы пратэстуюць супраць расейскай вайны ва Ўкраіне
Беларусы ў розных гарадах краіны і за мяжой выказваюць салідарнасьць з Украінай і пратэстуюць супраць вайны.
Расейскія ўлады ўпершыню публічна прызналі гібель свайго вайскоўца ў вайне супраць ва Ўкраіне
Кіраўнік Дагестану Сяргей Мелікаў паведаміў аб сьмерці афіцэра Нурмагамеда Гаджымагамедава. Ён праходзіў службу ў паветрана-дэсантных войсках.
Расейскае Мінабароны па-ранейшаму аб стратах сваіх сіл падчас агрэсіі супраць Украіны маўчыць.
Ліквідацыя дывэрсійнай групы ў Кіеве
Сытуацыя ў Кіеве пад кантролем украінскіх уладаў
Улады Кіева заявілі, што сытуацыя ў горадзе зараз спакойная, сталіца знаходзіцца пад поўным кантролем Узброеных сіл Украіны.
«Уначы было некалькі сутычак з дывэрсійнымі групамі», – паведаміў Мікалай Паварознік, першы намесьнік кіраўніка сталічнай дзяржадміністрацыі.
Instagram заблякаваў яшчэ адзін акаўнт кіраўніка Чачэніі Кадырава
Instagram заблакаваў акаўнт @ya_pomoshnik_kra_95, які вёў кіраўнік Чачэніі, падкантрольны Расеі, Рамзан Кадыраў.
Як паведамляе праект Радыё Свобода «Кавказ.Реалии», старонка налічвала каля 9 мільёнаў падпісчыкаў. Кадыраў скарыстаўся гэтым акаўнтам пасьля таго, як ягоную іншую старонку забараніла сацыяльная сетка.
Фармальна акаўнт быў прысьвечаны турызму ў Чачэніі, а папраўдзе ў ім былі апублікаваныя фота і відэа пра дзейнасьць і жыцьцё кіраўніка і. Кадыраў таксама вёў жывыя трансьляцыі праз гэтую старонку.
Google, AMD і Intel абмяжоўваюць працу ў Расеі
Google прыпыняе манэтызацыю на сваіх плятформах шэрагу расейскіх дзяржаўных СМІ, паведаміла агенцтва Reuters.
Кампаніі AMD і Intel прыпынілі пастаўкі сваёй прадукцыі на тэрыторыю Расеі, гэта можа прывесьці да дэфіцыту сэрвэраў і росту іх кошту, паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы на ІТ-рынку.
Гарыць падбітая расейскай ракетай нафтабаза ў Васількове пад Кіевам
Тушыць яе замінае бой за вайсковы аэрадром, які працягваецца другія суткі.
На плятформе Chаnge.оrg зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем імпічмэнту прэзыдэнта Расеі Пуціна
Аўтары пэтыцыі лічаць, што пасьля таго, як Уладзімір Пуцін прыняў рашэньне пачаць ваенную спэцапэрацыю ў дачыненьні да Ўкраіны, становішчу Расеі ў сьвеце была нанесена «непапраўная шкода». «У выніку гэтай агрэсіі на тэрыторыі Ўкраіны гінуць людзі, руйнуецца інфраструктура, зьнішчаецца эканоміка», — указана ў ёй. Пэтыцыю ужо падпісалі больш за 35 тысяч чалавек.
На Сумшчыне ад расейскіх абстрэлаў загінулі 6 цывільных грамадзян, у тым ліку дзіця
У выніку абстрэлаў гораду Ахтыркі Сумскай вобласьці загінулі шэсьць чалавек, яшчэ 55 атрымалі раненьні. Пра гэта паведаміў кіраўнік Сумскай абласной адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі са спасылкай на мэра горада.
«Пасьля ўчорашняга абстрэлу садка ў шпіталі было двое цяжкіх дзетак. Адна дзяўчынка памерла, 7 гадоў, другое дзіця цяпер у цяжкім стане», – паведаміў Дзьмітро Жывіцкі.
Горад Мікалаеў застаецца пад кантролем Украіны
Пра гэта расказаў мэр горада Аляксандр Сянкевіч у відэазвароце.
Аб выхадзе расейскіх войскаў на подступы да горада паведамлялася яшчэ два дні таму.
«Сёньня ў горадзе працуе колькі расійскіх ДРГ (дывэрсійна-разведвальных груп), але сытуацыя пад кантролем, танкі і іншая бронетэхніка, якая цяпер знаходзіцца на тэрыторыі горада – украінскія», – сьцьвярджае мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.
МАГАТЭ хвалюецца за лёс атамных станцый ва Ўкраіне пасьля расейскага нападу
Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заклікаў забясьпечыць «бясьпеку ядзерных установак і матэрыялаў ва Украіне» пасьля захопу расейскімі салдатамі Чарнобыльскай АЭС.