Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША рэкамэндуе амэрыканцам неадкладна выехаць зь Беларусі


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заклікае амэрыканскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Беларусі, неадкладна пакінуць яе тэрыторыю і не рэкамэндуе амэрыканцам наведваць краіну.

Амэрыканцаў папярэджваюць, што з аэрапорту ў Менску можна вылецець у абмежаваную колькасьць краін, але пакінуць Беларусь можна праз наземныя межы зь Літвой, Латвіяй і Польшчай.

«Грамадзяне ЗША павінны ведаць, што ў сувязі з ваеннымі дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне ў рэгіёне назіраецца павышаная напружанасьць, сытуацыя непрадказальная, і праца Менскага аэрапорту і беларускай сухаземнай мяжы можа зьмяніцца без апавяшчэньня», — папярэджвае амбасада.

Амэрыканцам таксама рэкамэндуюць унікаць публічных дэманстрацыяў, бо магчымы перасьлед менавіта іншаземцаў, а «магчымасьці ўраду ЗША ў аказаньні плянавых або тэрміновых паслугаў грамадзянам ЗША ў Беларусі моцна абмежаваныя».

Раней Дзяржаўны дэпартамэнт распарадзіўся вывезьці зь Беларусі сем'і дыпляматаў з прычыны сытуацыі ў рэгіёне.

  • У жніўні летась на патрабаваньне ўладаў Беларусі пасольства скараціла колькасьць супрацоўнікаў да пяці. Беларусь таксама адклікала згоду на прызначэньне Джулі Фішэр паслом ЗША ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG