У Менску прайшлі акцыі пратэсту супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну, затрымалі 300 чалавек
Лякальныя акцыі пратэсту супраць расійскага ўварваньня ва Украіну прайшлі 27 лютага ў розных раёнах Менска. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі, які закліканы яшчэ больш умацаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі. Згодна са сьпісамі праваабаронцаў «Вясны» затрымалі 300 чалавек.
Ужо 500 затрыманых у Беларусі
Паводле дадзеных ТГ-канала Списики Окрестина, па стане на 00:13 28 лютага вядомыя прозьвішчы 500 затрыманых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі.
Улады назвалі першыя вынікі «галасаваньня»
Згодна з папярэднімі дадзенымі, удзел у рэфэрэндуме прынялі 5359471 чалавек, або 78,63% грамадзян Беларусі, уключаных у сьпісы для галасаваньня. За ўнясеньне зьмен і дапаўненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прагаласавала 4 440 813 чалавек, ці 65,16% ад агульнай колькасьці ўдзельнікаў. Супраць – 686 165 чалавек ці 10,07%, паведамляе БелТА.
Калі падлічваць вынікі галасаваньня ад колькасьці тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, атрымліваецца, што зь іх «за» прагаласавала 82,85%, «супраць» — 12,8%, несапраўдных бюлетэняў — 4,35%.
У МУС паведамілі пра амаль 800 затрыманых пасьля рэфэрэндуму
У сваім паведамленьні МУС напісаў, што «нягледзячы на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, масавымі пратэставыя акцыі не атрымаліся». Там нагадалі, што заведзены крымінальныя справы па артыкуле 342 КК за грубае парушэньне грамадзкага парадку і арганізацыю масавых несанкцыянаваных акцый і нібыта затрыманыя датычныя да гэтага людзі.
Праваабаронцы ведаюць 530 прозьвішчаў затрыманых на антываенных акцыях людзей.