Былы міністар замежных спраў Расеі Козыраў: Лаўроў за сьпінай – небясьпека
Былы міністар замежных спраў Расеі Андрэй Козыраў напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры: «Лаўроў, супраць якога сёньня справядліва ўвялі санкцыі ЗША і ЭЗ, быў маім намесьнікам у 90-я. Страхаваў мяне за сьпінай. Сёньня я б пераймаўся за сваю сьпіну, калі б ён стаяў за мной».
Козыраў быў міністрам з 1990 па 1996 год. Цяпер ён жыве ў ЗША і крытыкуе палітыку Пуціна.
Зяленскі зноў зьвярнуўся да ўкраінцаў
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў, што за апошнія гадзіны дамовіўся з шэрагам замежных лідэраў пра дадатковую дапамогу Ўкраіны. Паводле яго пасьля нападу Расеі на Ўкраіну забітыя ўжо сотні расейскіх вайскоўцаў.
Зяленскі папярэдзіў, што сёньняшняя ноч будзе цяжэйшай за дзень, бо пад атакай Чарнігаў, Сумы, Харкаў, гарады на поўдні краіны, а таксама Кіеў.
У кіеўскім мэтро нарадзілася дзіця
Жыхары ўкраінскай сталіцы выкарыстоўваюць цяпер мэтро як бамбасховішча. Фота выклалі ў Тэлеграм-канале, які вядзе падразьдзяленьне Міністэрства культуры Ўкраіны.
Рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН па Ўкраіне: Расея наклала вэта, Кітай устрымаўся
Расея наклала вэта на праект рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, якая б заклікала яе неадкладна і цалкам вывесьці войскі з Украіны. Кітай, Індыя і Саудаўская Арабія устрымаліся пры галасаваньні.
У Радзе бясьпекі 15 чальцоў. Зь іх 5 сталых, якія маюць права вэта — Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай, Расея і Францыя.
Вугоршчына прапанавала Будапэшт для перамоваў Расеі і Ўкраіны
Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта паведаміў пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ён напісаў, што вядзе перамовы з прадстаўнікамі Расеі і Ўкраіны.
Украіна: зьбіты расейскі вайсковы транспартны самалёт «Іл-76»
Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьбілі каля Кіева расейскі транспартны самалёт «Іл-76», заявіў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны. На такім самалёце можна перавозіць 145 вайскоўцаў з асабістай зброяй (у дзьвюхпалубным варыянце да 225)