Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўвяла ваеннае становішча на сваёй тэрыторыі

абноўлена

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

У адказ на напад Расеі раніцай 24 лютага прэзыдэнт Украіны ўвёў ваеннае становішча на тэрыторыі сваёй дзяржавы.

Пра гэта Ўладзімір Зяленскі сказаў у відэазвароце.

«Прэзыдэнт Пуцін сёньня раніцай абвясьціў правядзеньне спэцыяльнай вайсковай апэрацыі на Данбасе. Расея ажыцьцявіла ўдары па нашай вайсковай інфраструктуры і нашых памежніках, памежных атрадах. У шматлікіх гарадах былі чутныя выбухі. Мы ўводзім ваеннае становішча на ўсёй тэрыторыі дзяржавы», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце.

Зяленскі заклікаў грамадзян Украіны да спакою.

Вярхоўная рада Ўкраіны сёньня зьбярэцца на пазачарговае пасяджэньне, каб афіцыйна абвясьціць ваеннае становішча.

Выбухі раніцай прагучалі ў Краматорску, Харкаве і Кіеве.

ЗША і Нямеччына на паседжаньні Рады ААН заклікала Расею спыніць ваенную апэрацыю.

Парлямэнт Украіны падтрымаў ініцыятыву аб увядзеньні ваеннага становішча

Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ініцыятывау прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб ўвядзеньні ваеннага становішча. Найбліжэйшым часам ён падпіша адпаведны ўказ.

Згодна з украінскім заканадаўствам, на час дзеяньня ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, прадугледжаныя 12 артыкуламі Канстытуцыі Ўкраіны:

  • на недатыкальнасьць жыльля;
  • на тайну ліставаньня, тэлефонных размоў, тэлеграфнай і іншай карэспандэнцыі;
  • на неўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё;
  • на свабоду перамяшчэньня, выбар месца пражываньня, выезд з Украіны;
  • на свабоду думкі і слова, вольнае выказваньне сваіх поглядаў і перакананьняў;
  • на ўдзел у кіраваньні дзяржаўнымі справамі, у рэфэрэндумах і выбарах;
  • на мірныя сходы, мітынгі і дэманстрацыі;
  • на сваю ўласнасьць і вынікі сваёй інтэлектуальнай і творчай дзейнасьці;
  • на прадпрымальніцкую дзейнасьць;
  • на свабоду выбару працы;
  • на страйкі для абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў;
  • на адукацыю.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG