У Маскве 700 чалавек выйшлі на акцыю супраць вайны, людзей затрымліваюць
На Страсным бульвары ў Маскве сабраліся каля 700 чалавек, яны скандуюць «Не вайне!» і «Украіна, мы з табой!». У цэнтры гораду заўважылі шмат спэцтэхнікі і байцоў Расейскай гвардыі. Затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку супрацоўнікаў СМІ, сярод іх трое карэспандэнтаў расейскай службы Радыё Свабода.
У Кіеве і іншых гарадах Украіны ўвядуць камэнданцкую гадзіну
Мэр Кіева Віталь Клічко абвясьціў аб увядзеньні ў сталіцы камэнданцкай гадзіны. Яна будзе дзейнічаць з 22.00 да 7.00. У гэты час ня будзе працаваць грамадзкі транспарт, а мэтро будуць выкарыстоўваць як бомбасховішча. Камэнданкую гадзіну ўвялі ў Днепрапятроўскай, Харкаўскай,Чаркаскай, Віньніцкай, Жытомірскай, Запароскай, Адэскай і Палтаўскай абласьцях. Бліжэйшым часам пра ўвядзеньне камэнданцкай гадзіны абвесьцяць мясцовыя ўлады Роўна.
Балістычныя ракеты, захоп Чарнобыльскай АЭС. Што вядома пра ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны
Лукашэнка заяўляе, што беларускія вайскоўцы ў канфлікце пакуль ня ўдзельнічаюць, аднак могуць далучыцца да яго, «калі будзе патрэбна». Аднак украінскі бок сьцьвярджае, што Беларусь далучылася да агрэсіі Расеі супраць Украіны. Свабода падсумавала, што вядома на гэты момант. Чытаць>>>
Зяленскі запатрабаваў ад ЭЗ устанавіць беспалётную зону над Украінай
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі запатрабаваў ад ЭЗ прыняць меры ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, у тым ліку адключыць Расею ад міжнароднай міжбанкаўскай платнай сыстэмы SWIFT і ўстанавіць беспалётную зону над украінскай тэрыторыяй.
Лукашэнка абвясьціў прызыў афіцэраў запасу
Аляксандар Лукашэнка падпісаў 24 лютага ўказ № 68 «Аб прызыве афіцэраў запасу на вайсковую службу».
Дакумэнт прадугледжвае прызыў у 2022 годзе ва Ўзброеныя сілы да 150 мужчын ва ўзросьце да 27 гадоў, якія прайшлі навучаньне на вайсковых катэдрах або факультэтах, якія маюць вайсковае званьне афіцэра і залічаныя ў запас, — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Прэс-служба цьвердзіць, што «мерапрыемствы, прадугледжаныя Указам, праводзяцца Ўзброенымі Сіламі Беларусі штогод на плянавай аснове і не зьвязаныя з становішчам у рэгіёне». Прызыў нібыта дасьць магчымасьць «забясьпечыць якаснае рыхтаваньне мабілізацыйнага рэзэрву».
МЗС Беларусі: З Украіны выехалі «больш за 50» беларускіх грамадзян
Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла, што на сёньня, паводле яго ацэнкі, на тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца некалькі тысяч беларускіх грамадзян.
«Цяпер грамадзяне эвакууюцца праз пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы Новая Рудня і Новая Гута, а таксама праз тэрыторыю сумежнай Украіне Малдовы. Паводле наяўнай інфармацыі, мяжу на гэты час па названых маршрутах перасеклі больш за 50 чалавек», — адзначае беларускае МЗС.
МЗС дадае, што ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне амбасада Беларусі ў Кіеве і Галоўнае консульскае ўпраўленьне МЗС пераведзеныя на кругласуткавы рэжым работы.
У адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны пацьвердзілі, што расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС
Інфармацыя аб захопе Чарнобыльскай АЭС пацьвердзілася, заявіў у камэнтары выданьню «Українська правда» дарадца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
«Пасьля жорсткага бою наш кантроль над Чарнобыльскай АЭС быў страчаны. Стан былой Чарнобыльскай АЭС, канфайнмэнтаў і сховішчаў ядзерных адыходаў невядомы. Пасьля абсалютна бессэнсоўнага нападу расейцаў на гэтым кірунку немагчыма казаць, што ЧАЭС у бясьпецы. Гэта адна з самых сур’ёзных пагрозаў Эўропе сёньня», — паведаміў Падаляк.
Паводле кіраўніцтва Чарнобыльскай АЭС, ахвяраў і пацярпелых няма.
Тое, што Чарнобыльскую зону адчужэньня і ЧАЭС узяла пад кантроль армія РФ, пацьвердзіў і прэм’ер-міністар Украіны Шмыгаль на брыфінгу ўраду.
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны пра наступ Расеі: «Бліцкрыгу ня выйшла. Умыюцца крывёй!»
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны падзякаваў усім абаронцам Украіны.
«Дзякую кожнаму з вас, хто сёньня ў шэрагах абараняе нашу зямлю ад расейскага акупанта. Дзякуй вашым родным, што чакаюць. Дзякую ўкраінскаму народу за давер, дапамогу і малітвы. Молімся за душы загінулых братоў і хуткае адужаньне параненых. Змагаемся далей! Увесь сэктар бясьпекі і абароны дае годны адпор. Будзе цяжка, але мы выстаім. Бліцкрыг расейцам ня ўдаўся. Умыюцца ўласнай крывёй!», — заявіў Валеры Залужны.
Расея пра вайсковыя страты ўкраінцаў
Міністэрства абароны Расеі паведамляе, што ў выніку расейскіх удараў выведзеныя са строю 83 наземныя аб’екты вайсковай інфраструктуры Ўкраіны, зьбітыя два ўкраінскія Су-27, два Су-24, адзін верталёт і чатыры бесьпілётнікі «Байрактар ТБ-2».
Раней украінскі бок паведаміў пра 2 палонных расейцаў і 7 зьбітых самалётаў праціўніка. Паводле ўкраінскага штабу, у раёне гораду Шчасьце на Данбасе зьнішчылі больш як 50 расейскіх вайскоўцаў. Кіеў таксама кажа пра больш як сотню ахвяраў сярод украінскіх вайскоўцаў і цывільных.
Затрыманьні на антываенных акцыях у Расеі
У 48 расейскіх гарадах затрыманыя больш за 1083 чалавек, якія выйшлі на акцыі супраць уварваньня РФ ва Ўкраіну. Такія дадзеныя на 21:03 паводле менскага часу прыводзіць праваабарончы праект «АУС-Інфа».
У Маскве паліцыя затрымала ня менш як 520 чалавек.
Кіраваць рэгіёнамі Ўкраіны ва ўмовах вайны будуць вайсковыя адміністрацыі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб стварэньні вайсковых адміністрацыяў на базе абласных і раённых дзяржаўных адміністрацыяў. Паводле ўказу, гэта дапаможа больш эфэктыўна ажыцьцяўляць каардынацыю дзеяньняў мясцовых уладаў з Генэральным штабам Узброеных сіл і ўрадам Украіны ў сфэры абароны, грамадзкай бясьпекі і парадку.
Байдэн абвясьціў пра новы пакет санкцый супраць Расеі
Гаворачы пра новы санкцыйны пакет, Байдэн сказаў сярод іншага:
- ЗША і саюзьнікі маюць намер абмежаваць імпарт у Расею высокатэхналягічнай прадукцыі на 50 працэнтаў.
- Захад абмяжуе магчымасці РФ весці апэрацыі ў цьвёрдай валюце: далярах, эўра, фунтах і енах.
- Санкцыі ЗША закрануць бонды найбуйнейшых расейскіх дзяржаўных кампаній.
- Санкцыі ЗША закрануць расейскую касьмічную праграму.
- Санкцыі будуць уведзеныя ў дачыненьні да ВГБ і шэрагу іншых буйных расейскіх банкаў, актывы якіх будуць замарожаныя.
«Гэтыя [санкцыі] настолькі аслабяць яго (Пуціна. — РС) краіну, што яму давядзецца рабіць складаны выбар: ці стаць другараднай краінай, ці зрабіць адпаведны выбар», — сказаў Байдэн.
Расейцы пагражаюць падарваць Запароскую АЭС — дэпутатка парлямэнту
Намесьніца старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і выведкі Мар’яна Бязуглая заявіла, што ў Энэргадары расейскія войскі ўсталявалі гаўбіцы і пагражаюць падарваць Запароскую атамную электрастанцыю.
«Увага! Энэргадар — АЭС. Расейцы паставілі гаўбіцы і пагражаюць абстраляць атамную энэргастанцыю. Гэта будзе бяда для ўсёй Эўропы», — напісала Мар’яна Бязугла на сваёй старонцы ў Facebook.
Ва Ўкраіне працуе 4 атамныя электрастанцыі — Запароская (у Энэргадары), Паўднёваўкраінская, Ровенская АЭС (у Варашы) і Хмяльніцкая ў Няцешыне. Усяго ва Ўкраіне эксплюатуюць 15 энэргаблёкаў на ўсіх чатырох АЭС.
Раней прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль пацьвердзіў, што расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС.
Расейскі рынак акцый перажыў найбуйнейшы абвал за ўсю гісторыю
На тле ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага індэкс Маскоўскай біржы зьнізіўся на 33,3%, індэкс РТС — на 39,4%. Гэты абвал стаў рэкордным у гісторыі расейскага фондавага рынку, паведамляе «Інтэрфакс».
На гэты момант курс даляра вырас да 87,2 рубля (больш за 6 рублёў у параўнаньні з папярэднім аўкцыёнам), эўра — да 97,36 рубля (больш за 5,5 рубля ў параўнаньні з папярэднім днём).
МУС Украіны паведамляе пра захоп украінскага вострава Зьмяіны ў Чорным моры
Пасьля абстрэлу Зьмяінага з караблёў і баявой авіяцыі расейскіх войскаў інфраструктура на востраве была разбураная, гаворыцца ў паведамленьні ТГ-каналу МУС Украіны.
Акрамя таго, страчана сувязь з памежнікамі, якія знаходзяцца на востраве. Паводле інфармацыі МУС, Зьмяіны востраў у Чорным моры быў захоплены.
Пазьней дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што 13 памежнікаў са Зьмяінага загінулі.
Малдова закрыла паветраную прастору і абвясьціла надзвычайнае становішча
Малдова 24 лютага абвясьціла аб закрыцьці паветранай прасторы праз вайну ў суседняй Украіне. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як прэзыдэнт Мая Санду абвясьціла, што Кішынэў уводзіць надзвычайнае становішча і гатовы прыняць дзясяткі тысяч людзей, якія прыбылі з суседняй Украіны пасьля нападу Расеі. «Мы будзем дапамагаць людзям, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы», — заявіла Санду.
Супраць вайны выступілі рэпэры Аксімірон і Макс Корж, відэаблогер Птушкін
Вядомы расейскі рэпэр Аксімірон выступіў супраць вайны і сказаў, што адмяняе канцэрты ў Расеі. «Я супраць той вайны, якую разьвязвае Расея ва Ўкраіне, я лічу, што гэта катастрофа і злачынства», – сказаў ён.
Папулярны тэлевядоўца і відэаблогер Антон Птушкін заклікаў расіян выступіць супраць вайны: «Калі вы думаеце, што яна вас не датычыцца – вы памыляецеся: яна закране абсалютна ўсіх».
Рэпэр зь Беларусі Макс Корж пракамэнтаваў напад Расеі на Ўкраіну: «Асуджаю ўварваньне і бамбардзіроўку сувэрэннай дзяржавы. Гэта вайна, якая зьменіць жыцьцё кожнага назаўжды, усё роўна, дзе ты жывеш».
Канада ўвяла дадатковыя санкцыі супраць Расеі
Канада ўводзіць дадатковыя санкцыі супраць 58 фізычных і юрыдычных асоб Расеі, у тым ліку прадстаўнікоў расейскай эліты і іх сямейнікаў. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар Джастын Трудо. Пад санкцыі падпалі чальцы Савету бясьпекі РФ, у тым ліку міністар фінансаў Антон Сілуанаў, міністар абароны Сяргей Шайгу і міністар юстыцыі Канстанцін Чуйчанка. Канада таксама адменіць экспартныя дазволы, выдадзеныя Расеі.
Улады Канады 23 лютага з прычыны прызнаньня прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным так званых «ДНР» і «ЛНР» увялі пакет санкцый. Урад забараніў грамадзянам і кампаніям Канады весьці якія-небудзь фінансавыя апэрацыі з «ДНР» і «ЛНР» і браць удзел у набыцьці сувэрэннага доўгу Расеі. Санкцыі датычаць двух дзяржаўных банкаў і дэпутатаў Дзяржаўнай думы, якія прагаласавалі за прызнаньне гэтых «рэспублік».
Украінскія дэсантнікі адстаялі аэрадром Гастомель непадалёк ад Кіеву
Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка паведамляе, што ўкраінскія вайскоўцы адстаялі аэрадром Гастомель Кіеўскай вобласьці. За вайсковы аэрадром цэлы дзень вяліся баі, ён усяго за дзесяць кілямэтраў ад Кіеву.
Горад Марыўпаль пасьля сёньняшняга цяжкага абстрэлу таксама застаўся пад кантролем Украіны, паведамляе Генштаб Украіны.