Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага
Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага

Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага

абноўлена
  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны. Выявілася, што ягоны зварот быў запісаны яшчэ 21 лютага.
  • Расея абстрэльвае практычна ўсю тэрыторыю Ўкраіны, атакуе з шасьці накірункаў: ад Краматорска і Харкава да Кіеву і Івана-Франкоўска.
  • Па стане на 24:00 па Менскім часе, паводле афіцыйнага Кіеву, у выніку ваенных дзеяньняў Расеі загінулі 137 чалавек, параненых было 316 чалавек.
  • Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, частку Херсонскай вобласьці і востраў Зьмяіны ў Чорным моры.
  • Украінскі бок абвінаваціў Беларусь ва ўдзеле ў расейскай агрэсіі. Шмат танкаў і вайсковай тэхнікі заўважылі на беларуска-ўкраінскай мяжы
  • Тысячы ўкраінцаў спрабуюць выехаць у суседнія краіны: Малдову, Польшчу. На межах вялікія чэргі.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • У многіх гарадах Эўропы прайшлі акцыю пратэсту супраць расейскай агрэсіі і ў падтрымку ўкраінскага народу. Акцыю ў Маскве жорстка разагналі.
00:28 25.2.2022

Крэмль рыхтуе новую хвалю нападаў, у тым ліку авіяналёт – міністар абароны Ўкраіны

Крэмль рыхтуе новую хвалю нападаў, у тым ліку і авіяўдар, але ўкраінская армія гатовая сустрэць яго, заявіў міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў.

Паводле яго, цяпер працягваюцца цяжкія баі ў Луганскай вобласьці, Сумскай вобласьці, на поўнач ад Кіева, складаная сытуацыя на поўдні.

«Аднак вораг не чакаў такога супраціву. Пад Харкавам яго спынілі», – сказаў Рэзьнікаў.

00:37 25.2.2022

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да вайсковага кіраўніцтва Беларусі

Зьвяртаючыся да Міністэрства абароны, Генэральнага штабу і Рады Бясьпекі Беларусі, Ціханоўская адзначыла, што «рашэньне Лукашэнкі аб удзеле ў агрэсіі супраць Украіны ставіць пад пагрозу сувэрэнітэт Беларусі. Адмовіўшыся ад свайго абавязку абараняць краіну і яе народ, Лукашэнка зьняў з сябе паўнамоцтвы галоўнакамандуючага».

«Цяпер у вас ёсьць шанец пачаць дзейнічаць у інтарэсах сваёй краіны, Рэспублікі Беларусь. У вас ёсьць усе законныя падставы не выконваць злачынныя загады Аляксандра Лукашэнкі... У вас ёсьць усе законныя падставы спыніць чалавека, які сёньня зьдзейсьніў здраду Радзіме і беларускаму народу», – сказала яна.

01:01 25.2.2022

Зяленскі абвясьціў усеагульную мабілізацыю і чакае ад Эўропы моцных санкцыяў супраць агрэсара

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб усеагульнай мабілізацыі – ва ўсіх 24 абласьцях і Кіеве, яна будзе праводзіцца на працягу 90 дзён.

Таксама Зяленскі заклікаў лідараў ЭЗ – удзельнікаў экстранага пасяджэньня Эўрапейскай рады – стаць на баку Ўкраіны і спыніць агрэсара.

Ён запатрабаваў, каб неадкладна былі прынятыя моцныя эканамічныя і фінансавыя санкцыі: адключэньне Расеі ад SWIFT, эмбарга на гандаль нафтай і газам, каб была аказаная дапамога ўкраінскай арміі зброяй і боепрыпасамі, падтрыманая міратворчая апэрацыя ААН.

«Ва Ўкраіне вырашаецца лёс Эўропы: калі Пуцін цяпер не атрымае годнага адпору, ён пойдзе далей», – папярэдзіў Уладзімір Зяленскі.

01:37 25.2.2022

ЗША ўвялі санкцыі супраць Хрэніна, Вальфовіча і беларускай вайсковай прамысловасьці

ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу фізычных асоб, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. Усяго пад санкцыі патрапілі 24 фізычычныя і юрыдычныя асобы.

Санкцыі ўвялі ў дачыненьні да міністра абароны РБ Віктара Хрэніна, дзяржсакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, кіраўніка Дзяржкамваенпраму Дзьмітрыя Пантуса, намесьніка старшыні Дзяржкамваенпраму Вячаслава Расалая, гендырэктара МЗКЦ Аляксея Рымашэўскага, ягонага намесьніка Аляксандра Вецяневіча і блізкага да Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Зайцава.

Пад санкцыямі апынуліся Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт, Менскі завод колавых цягачоў, ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод», ААТ «КБ »Радар«, кіруючая кампаніі холдынгу »Сыстэмы радыёлякацыі«, ААТ »Інтэграл«, а таксама »Белспецзьнештэхніка«, ТАА » Абаронныя ініцыятывы», УП «Мінатор-Сэрвіс» і НДАТА «АКБ ТСП».

01:45 25.2.2022

Ва Ўкраіне 100 тысяч уцекачоў, — ААН

Паводле папярэдніх ацэнак Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, ужо прынамсі 100 000 чалавек спрабуюць пакінулі месцы пастаяннага пражываньня ва Ўкраіне, якая змагаецца з расейскай вайсковай агрэсіяй, паведамляе DPA.

Прадстаўніца УВКУ ААН заявіла ў Жэнэве ў чацьвер увечары, што агенцтва пакуль ня можа пацьвердзіць дакладныя лічбы, але заявіла, што відавочна было «значнае перамяшчэньне» ўнутры краіны і некаторыя перамяшчэньні праз межы.

Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду напісала ўвечары, што больш за 4000 чалавек перасеклі мяжу з боку Ўкраіны ў чацьвер. Улады Малдовы стварылі два лягеры для прыёму украінскіх уцекачоў. «Нашы межы адкрыты для людзей з Украіны, якія маюць патрэбу ў бясьпечным знаходжаньні або хочуць прайсьці далей», — напісала яна.

02:01 25.2.2022

У Кіеве раздалі 10 тысяч аўтаматаў – прадстаўнік Зяленскага

Прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны ў Канстытуцыйным судзе Фёдар Веніслаўскі паведаміў, што за апошнія гадзіны членам добраахвотных атрадаў тэрытарыяльнай абароны Кіеву было выдадзена 10 тысяч аўтаматаў.

Пра гэта ён паведаміў у эфіры тэлеканалу «Украіна 24».

«У Кіеве за апошнія гадзіны членам добраахвотных фарміраваньняў тэрытарыяльнай абароны выдадзена каля 10 тысяч аўтаматаў. Гэта людзі, якія самаарганізуюцца, маюць выразную арганізацыйную структуру, але падпарадкоўваюцца ўзброенаму камандаваньню войскаў тэрытарыяльнай абароны», – сказаў Веніслаўскі.

Паводле яго, цяпер горад патрулююць члены добраахвотных атрадаў.

02:09 25.2.2022

АБСЭ вырашыла эвакуаваць сваіх супрацоўнікаў з Украіны

Генэральны сакратар АБСЭ Гэльга Шмід абвясьціла пра рашэньне часова эвакуаваць супрацоўнікаў міжнародных місій арганізацыі з Украіны.

«У сувязі з працягам баявых дзеяньняў і пагаршэньнем сытуацыі зь бясьпекай ва Ўкраіне, па ўзгадненьні зь дзейным старшынём я прыняла рашэньне як мага хутчэй часова эвакуаваць усіх міжнародных супрацоўнікаў з Украіны», – гаворыцца ў заяве, абнародаванай 24 лютага.

Шмід дадала, што гэтае рашэньне «далося нялёгка», і перамяшчэньне носіць часовы характар.

02:34 25.2.2022

Зяленскі: я застаюся ў Кіеве, хоць я — «цэль нумар адзін»

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў ноч на 25 лютага выступіў з чарговым відэазваротам, у якім падвёў вынікі першага дня расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Зяленскі сказаў, што Ўзброеныя сілы краіны далі адпор ворагу.

Зяленскі таксама заявіў, што застаецца ў Кіеве, хаця, паводле яго слоў, «вораг акрэсьліў мяне як цэль нумар адзін». Ён дадаў, што ў Кіеве дзейнічаюць расейскія дывэрсійныя групы, таму неабходна выконваць камэнданцкую гадзіну.

Паводле слоў Зяленскага, ён вёў перамовы зь лідэрамі краін NATO аб уступленьні Ўкраіны ў альянс, аднак «яны ўсе баяцца». Як сказаў прэзыдэнт Украіны, ён не баіцца перамоваў з Расеяй, у тым ліку і аб нэўтральным статусе краіны, аднак патрабуе гарантый бясьпекі для Ўкраіны. Зяленскі дадаў, што ён гатовы да перамоваў, аднак цяпер лёс краіны залежыць ад войска.

02:47 25.2.2022

Японія ўводзіць санкцыі супраць Расеі

Японія замарожвае выдачу віз грамадзянам Расеі, спыняе экспарт прадукцыі арганізацыям, зьвязаным з ваенным сэктарам, замарожвае актывы расейскіх фінансавых арганізацыяў, паведаміў прэм'ер краіны Фуміё Кісіда.

XS
SM
MD
LG