Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага
Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага

Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага

абноўлена
  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны. Выявілася, што ягоны зварот быў запісаны яшчэ 21 лютага.
  • Расея абстрэльвае практычна ўсю тэрыторыю Ўкраіны, атакуе з шасьці накірункаў: ад Краматорска і Харкава да Кіеву і Івана-Франкоўска.
  • Па стане на 24:00 па Менскім часе, паводле афіцыйнага Кіеву, у выніку ваенных дзеяньняў Расеі загінулі 137 чалавек, параненых было 316 чалавек.
  • Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, частку Херсонскай вобласьці і востраў Зьмяіны ў Чорным моры.
  • Украінскі бок абвінаваціў Беларусь ва ўдзеле ў расейскай агрэсіі. Шмат танкаў і вайсковай тэхнікі заўважылі на беларуска-ўкраінскай мяжы
  • Тысячы ўкраінцаў спрабуюць выехаць у суседнія краіны: Малдову, Польшчу. На межах вялікія чэргі.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • У многіх гарадах Эўропы прайшлі акцыю пратэсту супраць расейскай агрэсіі і ў падтрымку ўкраінскага народу. Акцыю ў Маскве жорстка разагналі.
16:55 24.2.2022

15 гадзін баёў у Луганскай вобласьці

Сухапутныя войскі Ўзброеных сілаў Украіны цягам 15 гадзін паведамляюць аб напружанай сытуацыі ў Луганскай вобласьці.

«Вядуць цяжкія баі за Шчасьце і Станіцу Луганскую. Узброеныя сілы РФ неаднаразова спрабавалі фарсаваць раку і ўклініцца ў нашу лінію абароны. Украінскія падразьдзяленьні апэратыўна рэагуюць на сытуацыю і даюць адпор ворагу», – гаворыцца ў паведамленьні Сухапутных войскаў.

Зараз, паводле камандаваньня, горад Шчасьце цалкам кантралююць украінскія вайскоўцы, яны ўзялі расейскіх салдатаў у палон.

16:57 24.2.2022

Камітэт салдацкіх маці Расеі: на мяжу з Украінай адпраўляюць салдатаў тэрміновай службы

Арганізацыя мае зьвесткі аб выправе ў Белгарадзкую вобласьць, якая мяжуе з Украінай, салдатаў з 752-га мотастралковага палка з гораду Валуйкі, вучэбнай вайсковай часткі з Каўрова, 3-й мотастралковай дывізіі з Багучараў, з Нара-Фамінскай вайсковай часткі і Таманскай дывізіі.

Сярод тых, каго выпраўляюць на мяжу, нават вайскоўцы тэрміновай службы, якіх пабралі толькі ў сьнежні 2021 году і яшчэ не пасьпелі адпаведна падрыхтаваць.

17:12 24.2.2022

Расейскія вайскоўцы кантралююць частку трасы Кіеў –​ Масква і зайшлі ў Сумы

Пра гэта заявіў кіраўнік Сумскай абласной адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі.

«Сытуацыя ў Сумскай вобласьці складаная. Баі цяпер ідуць у Ахтырцы, Канатопе, быў бой каля Сумаў, прайшоў транзытам каля горада Глухава. Былі баі на трасе Копці – Бачаўск. Акупацыйныя войскі кантралююць трасу Кіеў – Масква ад мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй да Чарнігаўскай вобласьці, да Батурына дакладна», — сказаў ён.

Ён дадаў, што ўкраінскія ўзброеныя сілы даюць адпор.

«Узброеныя сілы адбіваюцца. Калі праціўнік атрымлівае сур’ёзны адказ, ён адступае. Ёсьць загінулыя і параненыя з боку краіны-агрэсара. На сёньня вайскоўцы і тэхніка ўжо ўвайшлі ў горад Сумы. Таму прашу ўсіх прыняць захады для гарантаваньня ўласнай бясьпекі», — дадаў кіраўнік абласной адміністрацыі.

17:23 24.2.2022

Чэхія адклікае амбасадараў зь Беларусі і Расеі

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Чэхія заявіла аб закрыцьці ў сябе двух расейскіх кансулятаў у Карлавых Варах і Брне, а таксама ўласных генэральных кансулятаў у Пецярбургу і Екацярынбургу.

Акрамя таго, Чэхія адклікала для кансультацыяў сваіх паслоў з Расеі і Беларусі, заявіў прэм’ер-міністар краіны Пэтар Фіяла.

Чэхія прыпыніла выдачу візаў грамадзянам Расеі.

17:28 24.2.2022

Удар па вайсковай частцы ў Адэскай вобласьці: загінулі ўжо 22 чалавекі

Ліпецкае, Падольскі раён, Адэская вобласьць
Ліпецкае, Падольскі раён, Адэская вобласьць

Ратавальнікі скончылі разбор завалаў вайсковай часткі ў Адэскай вобласьці, разбуранай ударам зранку 24 лютага, паведамляе Адэская абласная. адміністрацыя.

«Колькасьць загінулых павялічылася да 22 чалавек — 11 мужчын і 11 жанчын. Выяўленьне загінулых і параненых завершана», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раніцай 24 лютага стала вядома, што ў выніку ўдару па вайсковай частцы ў вёсцы Ліпецкае Падольскага раёну Адэскай вобласьці загінулі 18 чалавек.

17:40 24.2.2022

Востраў Зьмяіны ў Чорным моры атакавалі расейскія караблі

Акупанты абстралялі востраў з карабельнай зброі. Памежнікі і Ўзброеныя сілы трымаюць абарону, паведамляюць Узброеныя сілы Ўкраіны.

17:42 24.2.2022

Расейскія войскі зайшлі на тэрыторыю Ўкраіны з боку Чарнобыльскай АЭС зь Беларусі

Нацгвардыя, якая ахоўвае сховішча небясьпечных радыеактыўных адыходаў, аказвае супраціў. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.

«Калі ў выніку артылерыйскіх удараў акупантаў сховішча ядзерных адыходаў будзе зьнішчана, радыеактыўны пыл можа пакрыць тэрыторыі Украіны, Беларусі і краін ЭЗ», — напісаў Герашчанка.

17:42 24.2.2022

Снарады трапілі ў шпіталь у Вугледары, чатыры чалавекі загінулі, яшчэ 10 параненыя

У Вугледары (Данецкая вобласьць) расейскія снарады трапілі ў мясцовую бальніцу, чатыры чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі раненьні, у тым ліку шэсьць мэдыкаў, паведамляе „Интерфакс-Украина“ з спасылкай на кіраўніка абласной вайскова-грамадзянскай адміністрацыі Паўла Кірыленку.

17:43 24.2.2022

Латвія спыніла выдачу візаў расейцам

Латвія адклікала свайго амбасадара з Масквы для кансультацыі і заявіла, што спыніць выдачу візаў расейцам.

18:05 24.2.2022

Як выглядае мапа расейскай агрэсіі супраць Украіны

Нямецкі журналіст Юліян Рэпке апублікаваў мапу расейскай агрэсіі супраць Украіны, якая, зь ягоных словаў, грунтуецца на геалякацыі баёў і перамяшчэньня войскаў, а таксама на справаздачах украінскай арміі.

18:20 24.2.2022

Зяленскі: расейскія вайскоўцы хочуць захапіць ЧАЭС

«У Чарнобыльскую зону ўвайшлі войскі акупантаў з тэрыторыі Беларусі», — паведаміў намесьнік міністра унутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.

18:30 24.2.2022

Мітрапаліт УПЦ Маскоўскага патрыярхату Ануфрый стаў на бок Украіны і назваў дзеяньні Пуціна «Каінавым грахом»

Кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Ануфрый заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна неадкладна спыніць «братазабойчую вайну» і выказаў падтрымку ўкраінскім вайскоўцам.

«Украінскі і расейскі народы выйшлі з Дняпроўскай купелі хрышчэньня, і вайна паміж гэтымі народамі — гэта паўтарэньне граху Каіна, які з зайздрасьці забіў свайго роднага брата. Такая вайна ня мае апраўданьня ні ў Бога, ні ў людзей», — сказаў мітрапаліт Ануфрый.

Чытаць цалкам.

18:36 24.2.2022

МУС Украіны: за дзень 392 абстрэлы, зьнішчаныя 6 мастоў, ідуць зацятыя баі

Дарадца Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Вадзім Дзенісенка заявіў, што ўва ўсіх гарадах Украіны, абстраляных з паветра, працягваюцца баявыя дзеяньні.

«Усяго адбылося 392 абстрэлы, зьнішчылі 6 мастоў. Цяпер зацятыя баі ідуць за Чарнобыльскую зону. Напружаная сытуацыя ў Гастомелі пад Кіевам, дзе расейскія акупанты спрабуюць захапіць наш аэрапорт. Працягваюцца баі пад Сумамі, на Херсоншчыне», — заявіў Вадзім Дзенісенка.

18:42 24.2.2022

Эўразьвяз асудзіў Беларусь як саўдзельніцу агрэсіі

«Эўрапейская рада таксама асуджае ўдзел Беларусі ў гэтай агрэсіі супраць Украіны і заклікае яе выконваць свае міжнародныя абавязаньні», — гаворыцца ў заяве Эўрапейскай рады.

Заява заклікае чальцоў Эўразьвязу хутка падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць агрэсара, які закране і Беларусь.

«ЭЗ зьяднаны ў сваёй салідарнасьці з Украінай і будзе працягваць падтрымліваць Украіну і яе народ разам з сваімі міжнароднымі партнэрамі, у тым ліку праз дадатковую палітычную, фінансавую і гуманітарную падтрымку і міжнародную канфэрэнцыю донараў», — адзначае Эўрапейская рада.

18:44 24.2.2022

Вялікая колькасьць расейскай вайсковай тэхнікі з пазнакай «Z» рухаецца з Крыму на мацерыковую Ўкраіну

Фота і відэа апублікавала агенцтва Reuters.

Вайсковая тэхніка ідзе з боку Крыму на мацерыковую Ўкраіну
Вайсковая тэхніка ідзе з боку Крыму на мацерыковую Ўкраіну

18:45 24.2.2022

Пасол Украіны ў Беларусі: «Беларусь далучылася да дзеяньняў Расеі супраць Украіны»

Ігар Кізім напісаў у Фэйсбуку з спасылкай на афіцыйныя ўкраінскія крыніцы: «На жаль, Беларусь далучылася да дзеяньняў Расеі супраць Украіны».

«Хоць беларускія ўлады маўчаць. З тэрыторыі Беларусі папаўзьлі „зялёныя чалавечкі“, паляцелі ракеты (расейскія), якія былі ў Беларусі нібы для абароны, пайшла „зялёная“ (без апазнавальных знакаў) тэхніка. Напаўшы на Ўкраіну, Расея аб’явіла вайну славянскаму сьвету. Усе славянскія дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мора і Балканаў (акрамя Беларусі) асудзілі дзеяньні Крамля. Думаю, гэта памылка так званага „русского мира“ і яго прыхільнікаў, і кошт гэтай памылкі будзе высокім для ўсіх нас. І забудзьцеся пра „братэрскія“ народы. Расея зрабіла ўсё, каб забіць гэтае „братэрства“ надоўга».

18:57 24.2.2022

Расейскія войскі захапілі частку Херсонскай вобласьці

24 лютага расейскія войскі захапілі шэраг паселішчаў у Херсонскай вобласьці, паведамляе прэс-служба Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Сярод захопленых гарадоў — Генічаск, Алешкі.

19:18 24.2.2022

Разьведвальны ўзвод 74 мотастралковай брыгады здаўся ў палон украінскім вайскоўцам пад Чарнігавам

«Ніхто ня думаў, што мы едзем забіваць. Ваяваць мы не зьбіраліся, мы зьбіралі інфармацыю», — заявіў ён у размове з украінскімі вайскоўцамі.

Канстанцін Буйнічаў
Канстанцін Буйнічаў

19:20 24.2.2022

Гомельскія шпіталі прымаюць параненых расейскіх салдатаў

Гомельскі абласны шпіталь сёньня прымаў параненых расейцаў. Як паведамляюць мэдыкі, тыя былі параненыя ў раёне пункту пропуску Весялоўка — Сенькаўка на беларуска-ўкраінскім памежжы. Крыніцы Свабоды паведамляюць, што для расейскіх вайскоўцаў вызваляюць ложкі ў шпіталі ў Касьцюкоўцы пад Гомлем.

19:22 24.2.2022

МЗС Беларусі: З Украіны выехалі «больш за 50» беларускіх грамадзян

Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла, што на сёньня, паводле яго ацэнкі, на тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца некалькі тысяч беларускіх грамадзянаў.

«Цяпер грамадзяне эвакууюцца праз пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы Новая Рудня і Новая Гута, а таксама праз тэрыторыю сумежнай Украіне Малдовы. Паводле наяўнай інфармацыі, мяжу на гэты час названымі маршрутамі перасеклі больш за 50 чалавек», — адзначае беларускае МЗС.

МЗС дадае, што ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне амбасада Беларусі ў Кіеве і Галоўнае консульскае ўпраўленьне МЗС пераведзеныя на кругласуткавы рэжым работы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG