Пачаўся прарыў у Жытомірскай вобласьці з тэрыторыі Беларусі
Пра гэта паведамляюць украінскія памежнікі. Украінскія памежнікі разам з вайскоўцамі прынялі бой на мяжы зь Беларусьсю. Расейская тэхніка ўвайшла праз блёкпост Вільча. Памежнікі разам з украінскімі вайскоўцамі прынялі бой, паведамляе Міністэрства абароны Ўкраіны.
Акрамя таго, на месцы дысьлякацыі аддзелу памежнай службы «Млачоўка» Жытомірскага атраду былі абстрэлы з «Градаў».
Беларускія памежнікі нічога пра баі на мяжы з Украінай не паведамляюць.
Прэзыдэнт Чэхіі Зэман заклікаў адключыць Расею ад SWIFT
Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман выступіў з тэрміновым зваротам да грамадзян краіны ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну.
Зэман рэзка асудзіў расейскую агрэсію, выказаў падтрымку Ўкраіне і заклікаў да вельмі жорсткіх санкцыяў супраць Крамля — у прыватнасьці, адключэньня Расеі ад міжнароднай сыстэмы фінансавай камунікацыі SWIFT.
Прэзыдэнт Чэхіі прызнаў, што памыляўся, калі казаў, што Расея не пачне вайну, бо «расейцы не вар’яты». «Вар’ятаў трэба ізаляваць», — заявіў ён.
NATO асуджае Расею і Беларусь у сувязі з нападам на Ўкраіну
«Мы асуджаем самым рашучым чынам жахлівы напад Расеі на Ўкраіну, які зьяўляецца цалкам неапраўданым і несправакаваным. Нашыя думкі з усімі забітымі і параненымі і з народам Украіны. Мы таксама асуджаем Беларусь за спрыяньне гэтаму нападу», — гаворыцца ў заяве Паўночнаатлянтычнай рады.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны: загінулі звыш 40 украінскіх вайскоўцаў
У выніку ракетных удараў Расеі загінулі больш за 40 вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны, некалькі дзясяткаў параненыя. Пра гэта паведаміў дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч на брыфінгу для СМІ, піша «Голас Амэрыкі».
Украінскія ўлады маюць дадзеныя аб стратах сярод цывільнага насельніцтва — загінулі дзясяткі чалавек.
Беларускі добраахвотнік: «Разам пераможам»
Беларус Ян Мельнікаў, які раней браў удзел у баях за Ўкраіну ў зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі, апублікаваў відэазварот на старонцы атраду «Пагоня». Ён папрасіў не паддавацца паніцы, дапамагаць войску Ўкраіны ва ўзброенай барацьбе ці як валянтэр, а таксама не распаўсюджваць хлусьлівых зьвестак, якія публікуюць расейскія крыніцы, каб пасеяць паніку і страх сярод украінцаў.
Беларускія добраахвотнікі папрасілі калідор
Ільля Літвін, беларускі добраахвотнік, які змагаўся на баку Ўкраіны, паабяцаў, што і на гэты раз, як было ў 2014-м, беларусы стануць на змаганьне за незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласьць Украіны. Ён папрасіў ва ўкраінскіх уладаў калідор для тых грамадзян Беларусі, хто заявіць пра жаданьне далучыцца да ўкраінскіх сілаў.
Расейскія войскі нанесьлі 30 удараў ракетамі па Ўкраіне
«На 13.00 24 лютага ўзброеныя сілы дзяржавы-агрэсаркі Расейскай Фэдэрацыі нанесьлі больш як 30 удараў крылатымі ракетамі „Калібр“, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню, авіяцыяй і артылерыяй па аб’ектах цывільнай і вайсковай інфраструктуры Ўкраіны», — паведамілі ў Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны.
У Кіеўскай вобласьці ўпаў украінскі самалёт
У Абухаўскім раёне разьбіўся вайсковы самалёт Узброеных сілаў Украіны, на борце былі 14 чалавек, паведаміла МУС Украіны.
Разьбіты «Тыгр» расейскага войска
Украінскія вайскоўцы разьбілі баявую машыну войска акупантаў і паказалі на відэа наступствы.
Прэм’ер-міністар Польшчы: Украіна змагаецца ад імя ўсёй Эўропы
Матэвуш Маравецкі выступіў у Сэйме Польшчы:
«Сёньняшняя раніца ўвойдзе ў гісторыю як дзень, калі Расея выбрала вайну, дзень, калі адна краіна без прычыны, правакацыі напала на іншую краіну. Гэтае барбарства, зь якім мы сутыкаемся, павінна сустрэць рашучы супраціў усяго сьвету. Сёньня Ўкраіна змагаецца ня толькі за сваю незалежнасьць і свабоду. Сёньня яна змагаецца ад імя ўсёй Эўропы, за свабоду ўсёй Эўропы!»
Антываенны мітынг у Амстэрдаме
Украінцы Нідэрляндаў і людзі, якія ім спачуваюць, сабраліся на цэнтральнай плошчы Амстэрдаму, пратэстуючы супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны: магчымы напад на Ўрадавы квартал у Кіеве
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны не выключае магчымасьці нападу расейскіх сілаў на Ўрадавы квартал у Кіеве, заявіў на брыфінгу 24 лютага дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў антыкрызісных пытаньнях Міхаіл Падаляк.
«Цяпер у Гастомлі ідуць магутныя баі і магчымая спроба пранікненьня ва ўрадавы квартал. Адна з мэтаў — адхіленьне найвышэйшага кіраўніцтва краіны», — сказаў ён.
У Генэральным штабе паведамілі пра моцны бой з боку Беларусі
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што ўкраінскія войскі з 5-й гадзіны раніцы вядуць напружаныя баявыя дзеньні. Сытуацыя на 14.00 кіеўскага часу:
У Чарнаморскай апэрацыйнай зоне выкарыстоўваюць бесьпілётнікі “Байрактар”;
На кірунку Рудня (Беларусь) – Выступовічы (Украіна) расейскія войскі спрабавалі перасекчы мяжу сіламі двух танкаў, бронетранспартэраў і аўтамабільнай тэхнікі;
Украінская армія зьнішчыла 5 бронетранспартэраў і аўтамабіль. Расейскую тэхніку спынілі;
Над Вышгарадам Кіеўскай вобласьці зьбілі расейскі гелікоптэр КА-52;
Вядуцца моцныя баі за Генічаск, Скадоўск, Чаплінку ў Херсонскай вобласьці.
Расейскую праваабаронцу затрымалі ў Маскве – яна заклікала выйсьці на антываенныя пратэсты
«Мяне затрымалі на выхадзе з дому. У АУС «Мяшчанскі». Пакуль проста стаю ля дзяжурнай часткі», – напісала Марына Літвіновіч у сваім тэлеграме, піша «Новая газета».
Раніцай 24 лютага Літвіновіч анансавала ўсерасейскую антываенную акцыю. Пасьля гэтага яна паведаміла, што невядомыя спрабавалі ўзламаць яе акаўнты ў сацыяльных сетках.
Улады Малдовы будуюць лягер для ўцекачоў і шпіталь для параненых на мяжы з Украінай
Як паведамляе малдоўская служба Радыё Свабода, з украінскага боку мяжы бачны дым.
З тэрыторыі Беларусі выпусьцілі 4 балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім кірунку.
Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны.
Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль зьвярнуўся да беларусаў
«Я зьвяртаюся да Беларусі і беларусаў. Вы маеце выбар — не дапусьціць агрэсіі, каб не атакаваць сваіх суседзяў-украінцаў. Вы мусіце таксама сказаць „не“ і чыніць супраціў, каб падтрымаць Украіну і папярэдзіць яшчэ большыя пагрозы і яшчэ большы канфлікт, бо ўвесь міжнародны парадак парушаны», — заявіў Мішэль на брыфінгу ў Брусэлі.
У Кіеве абвясьцілі паветраную трывогу
«Яны ідуць на нас, але мы не здамося», — жыхарка Чарнігава
Жыхарка Чарнігава Надзея паведаміла Свабодзе, што ў горадзе ад раніцы чуваць выбухі і стрэлы. «Яны ідуць на нас, але мы не здамося, цяпер я зьбіраю рэчы для дзяцей, рыхтую іх, каб весьці ў падвал. Яны, расейцы, будуць забіваць нас — напішыце пра гэта», — кажа жыхарка ўкраінскага гораду. Паводле яе і зьвестак іншых крыніц, расейскія войскі ўжо ў Гарадні і Сямёнаўцы (Чарнігаўская вобласьць). «Яны прайшлі ўжо і праз Дабранку», — дадала Надзея.
З Чарнігава таксама паведамляюць, што верталёт, які прыляцеў з боку Беларусі, абстраляў КПП пункту пропуску «Славуціч» на мяжы Беларусі і Ўкраіны.
«Таксама бесьпілётнік скінуў бомбу на заставу «Аляксандраўскае», — паведамілі Свабодзе з Чарнігава. Крыніцы пішуць, што цяпер ідуць баі пад Бахмачом і нібыта расейскія танкі занялі Гарадню.