Лукашэнка назваў умовы перамоваў Расеі з Украінай
Нелегітымны кіраўнік Беларусі на адмысловай нарадзе зь сілавікамі заклікаў NATO і Ўкраіну прыняць умовы Масквы.
«Каб не дапусьціць гэтага кровапраліцьця ва Ўкраіне і спыніць эскаляцыю, трэба сесьці за стол перамоваў, але ніколі Расея ня сядзе зь імі за стол перамоваў, калі папярэдне не ўзгадніць пытаньні, якія будуць абмяркоўвацца. Іх Расея прапісала для NATO, і для Амэрыкі, і для Ўкраіны ў тым ліку. Але мала проста абмеркаваць гэтыя пытаньні — павінны быць падрыхтаваны праекты канкрэтных рашэньняў. Так, яны будуць больш строгія ў адносінах да Ўкраіны. А як жа сёньня, калі ты цярпіш паразу? Вядома, табе пераможца нешта прадыктуе. Але давайце будзем рэалістамі: вядома, нешта прадыктуюць, але гэта будзе значна лепш, чым Украіна пацярпіць паразу ў вайне».
Украіна разарвала дыпляматычныя адносіны з Расеяй
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў пра гэта на брыфінгу ў чацьвер, 24 лютага.
«Мы разарвалі дыпляматычныя дачыненьні з Расеяй. Украіна абараняецца і не аддасьць сваю свабоду, што б там ні думалі ў Маскве. Для ўкраінцаў незалежнасьць і права жыць на сваёй зямлі па сваёй воле — гэта найвышэйшая каштоўнасьць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што Расея «подла раніцай напала на Ўкраіну, так, як гэта зрабіла фашысцкая Нямеччына ў гады Другой усясьветнай вайны».
«Ад сёньня нашы краіны па розныя бакі ўсясьветнай гісторыі. Расея стаіць на шляху зла, але шмат залежыць ад расейскага народу».
Польшча разгортвае пункты дапамогі ўцекачам
У Люблінскім і Падкарпацкім ваяводзтвах, якія мяжуюць з Украінай, улады Польшчы разгортваюць 8 пунктаў дапамогі ўцекачам з Украіны. Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Павал Шэфэрнакер.
Апэратыўная інфармацыя ад Генштаба Ўкраіны па стане на 11.30 па менскім часе
«Групоўкі Узброеных сіл Украіны стойка абараняюць дзяржаву. У Чарнігаўскай вобласьці ўдалося спыніць ворага. Жорсткія баі ідуць у раёне Харкава і ў раёне правядзеньня апэрацыі Аб'яднаных сіл, дзе праціўнік нясе страты.
Сілы нашых войскаў вярнулі пад поўны кантроль гарады Марыюпаль і Шчасьце. Знішчана ня менш за 6 самалётаў, 2 верталёты і дзясяткі варожай бранятэхнікі. Сытуацыя на херсонскім напрамку складаная, але сілы абароны Ўкраіны адбіваюць агрэсара».
Расейскае Мінабароны пра страты ў вайне не паведамляе.
Румынія актывізавала вайсковыя пункты
Армія Румыніі ўважліва адсочвае сытуацыю ва Ўкраіне, піша Ziarul de Gardă. Актывізацыя адбылася на ўсіх пунктах, якія знаходзяцца каля суседняй дзяржавы, на якую напала Расея. Нагадаем, што расейскія агрэсары ўжо пагражалі ўзяць востраў Зьмяіны, які знаходзіцца каля самай мяжы з Румыніяй. Раней надзвычайнае становішча абвясьціла яшчэ адна дзяржава рэгіёну, Малдова. Тое самае зрабіла і Літва.
Ахвяры расейскага нападу ў Адэскай вобласьці
Паводле апэратыўнай інфармацыі службы выратаваньня ў Адэскай вобласьці, у паселішчы Ліпецкае загінулі 18 асобаў, у тым ліку 8 мужчын і 10 жанчын. З-па завалаў выратавалі 6 грамадзян, але адзін памёр у шпіталі.
Ад удараў Расеі загінулі каля 40 украінскіх вайскоўцаў
У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі пра дзясяткі палеглых і параненых украінскіх вайскоўцаў.
«Пацьверджана гібель некалькіх дзясяткаў украінскіх вайскоўцаў. Гэта пераважна ў выніку паветраных удараў раніцай», — паведаміў на брыфінгу ў Кіеве былы дарадца Офісу прэзыдэнта Аляксей Арастовіч.
Папярэдне вядзецца пра больш як 40 загінулых.
Пункты пропуску на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю спынілі працу
Усе пункты пропуску Ўкраіны на мяжы зь Беларусьсю прыпынілі працу на нявызначаны тэрмін, паведамляе БелТА са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
«У той жа час, паводле інфармацыі ўкраінскага боку, пропуск праз украінска-беларускую мяжу грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь, будзе ажыццяўляцца праз украінскі пункт пропуску „Выступовічы“ (зь беларускага боку — „Новая Рудня“). У сваю чаргу беларускі бок не спыняў афармлення асоб і транспартных сродкаў».
Інфармацыя аб арганізацыі выезду грамадзян Беларусі з Украіны празь іншыя пункты пропуску ўдакладняецца.
Беларусь закрывае частку паветранай прасторы для палётаў цывільнай авіяцыі
«Для бясьпечнага выкарыстаньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, Генэральным штабам Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь прынята рашэньне аб закрыцьці з 12:00 24 лютага 2022 году часткі паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь для палётаў цывільных паветраных суднаў па мяжы: дзяржаўная мяжа Рэспублікі Беларусь — Высокае — Баранавічы — Асіповічы — Крычаў, далей па паўднёвай частцы дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь да Высокага».
Вышыня абмежаваньняў ад 0 да 19 800 м.
Вядомыя беларусы пра вайну: «Які сорам, які жах... Як мы да такога дажыліся?»
Павал Вусаў, палітоляг: «Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Беларусі як незалежнай дзяржавы па факце не існуе».
Наста Кудасава, паэткак: «Божа, які сорам, які жах... Як мы да такога дажыліся? Спадзяюся, гэта ўрэшце стане сапраўдным канцом імпэрыі. І яна лопне, як Глінька ненажэрны ад уласнага абжорства. І мы ўсе зажывём у новым сьвеце. Абы толькі застацца жывымі».
«Удзел Беларусі ў вайне з Украінай — гэта катастрофа для Беларусі». Вынікі апытаньня Chatham House
У канцы студзеня – на пачатку лютага брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House правёў чарговае онлайн-апытаньне гарадзкога насельніцтва Беларусі, пра вынікі якога Свабодзе расказаў доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.
У Беларусі зьмяншаецца колькасьць людзей, якія ўхваляюць далучэньне Крыму да Расеі. Але што не мяняецца, дык гэта думка большасьці, што Беларусь мусіць быць нэўтральнай ва ўзброеным канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай; яны лічаць удзел у ёй Беларусі — гэта катастрофа для Беларусі. Беларусы ня хочуць, каб беларускія салдаты ехалі на гэтую вайну.
56% адказалі, што Беларусь мусіць займаць нэўтральную пазыцыю ў такой вайне. 18% далі адваротны адказ, астатнія адмовіліся адказваць.
Ракетны ўдар па Браварах пад Кіевам
Дарадца Міністэрства ўнутраных справў Украіны Антон Герашчанка паведаміў пра ўдар двума крылатымі ракетамі па вайсковаму аб'екце ў Браварах. Інфармацыя аб ахвярах і разбурэньнях удакладняецца.
У Браварах — 6 загінулых, паведамляе кіраўнік мясцовай арганізацый.
У Расеі абяцаюць, што ня будуць страляць па мірных жыхарах
Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Расеі Ігар Канашэнкаў паведаміў журналістам падчас прэс-брыфінгу:
«Асабліва хачу падкрэсьліць: Узброеныя сілы Расеі не наносяць удараў па гарадах Украіны. Мірнаму насельніцтву нічога не пагражае», – сказаў Канашэнкаў.
Ва Ўкраіне лякарні прыпыняюць плянавыя шпіталізацыі і апэрацыі, — Міністэрства аховы здароўя
Ва ўмовах ваеннага становішча мэдычныя ўстановы будуць аказваць дапамогу ўсім, хто ў ёй мае патрэбу, але плянавыя апэрацыі прыпыненыя, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
«Усе мэдычныя ўстановы акажуць дапамогу ўсім, хто ў ёй мае патрэбу. У цяперашні час установы аховы здароўя прыпыняюць плянавыя шпіталізацыі і апэрацыі да далейшага паведамленьня. У лячэбных установах сфармаваны запас лекавых сродкаў, мэдычных вырабаў, расходных матэрыялаў, інфузійных раствораў і інш. Ёсьць ясныя мэханізмы папаўненьня запасаў і іх абнаўленьня. Усе лякапрні забясьпечаныя аўтаномнымі крыніцамі электраэнэргіі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Ва Ўкраіне рыхтуюць усеагульную мабілізацыю
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі накіраваў на зацьвярджэньне ў Вярхоўную Раду свой указ аб усеагульнай мабілізацыі. Дэпутаты маюць яго зацьвердзіць адмысловым законам. Тэкст праекту закону пакуль не апублікавалі.
Кіеў: зьбіты сёмы самалёт расейцаў
Штаб Апэрацыі аб’яднаных сіл Украіны паведаміў пра тое, што сілы супрацьпаветранай абароны дзяржавы зьбілі сёмы ад пачатку баявых дзеяньняў самалёт агрэсараў.
«Акупанты працягваюць несьці страты», — дадалі ў штабе ААС.
Малдова перакрыла паветраную прастору
Пасьля таго, як Расея пачала наносіць паветраныя ўдары па Ўкраіне, у тым ліку ў непасрэднай блізкасьці з Малдовай, на паседжаньні ў Кішынёве пры старшынстве прэзыдэнткі Маі Санду ўрад краіны вырашыў закрыць паветраную прастору. Пра гэта расказаў міністар інфраструктуры і рэгіянальнага разьвіцьця Малдовы Андрэй Сьпіну. Рэйсы перакіроўваюць у іншыя аэрапорты. Аэрапорт Кішынёва, такім чынам, закрыты як на прылёт, так і на вылет самалётаў.
Прэзыдэнт Літвы падпісаў дэкрэт аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне ў сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў дэкрэт аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне ў сувязі з уварваньнем расейскіх войскаў ва Ўкраіну і папрасіў парлямэнт зацьвердзіць яго, паведамляе Delfi. Ён таксама сказаў, што Літва зьвернецца да NATO наконт актывацыі артыкулу 4 дамовы Альянсу. Гэты артыкул прадугледжвае кансультацыі Паўночнаатлянтычнай рады, калі адна зь яе краінаў лічыць, што яна ў небясьпецы.
«Сёньня я падпісваю дэкрэт аб увядзеньні надзвычайнага становішча, якое Сэйм зацьвердзіць на пазачарговай сэсіі. Мы гаворым аб зьнешняй бясьпецы Літвы і абавязаныя зрабіць усё, каб яна была гарантаваная безь ніякіх сумненьняў», — сказаў Наўседа.
Акцыя пад расейскай амбасадай у Варшаве. ФОТА
У сталіцы Польшчы пачалася масавая акцыя пратэсту супраць дзеяньняў Пуціна ва Ўкраіне. Як паведамляюць чытачы Свабоды зь месца падзей, на мітынг сабраліся ўкраінцы, беларусы, татары і прадстаўнікі іншых народаў, у свой час паняволеных Расеяй, якія пражываюць у Варшаве. Яны сьпяваюць гімн Украіны, скандуюць лёзунгі супраць вайны і Пуціна, які яе распачаў.
У акцыі, паводле папярэдніх ацэнак, каля 2 тысяч чалавек, людзі працягваюць прыходзіць. Многія ўдзельнікі малююць плякаты наўпрост на акцыі.
Два палонныя расейцы
Украінскія вайскоўцы ўзялі ў палон двух прадстаўнікоў войска акупантаў. Яны прадстаўляюць вайсковую частку Ямпальскага мотастралковага палку.