Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага
Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага

Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага

абноўлена
  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны. Выявілася, што ягоны зварот быў запісаны яшчэ 21 лютага.
  • Расея абстрэльвае практычна ўсю тэрыторыю Ўкраіны, атакуе з шасьці накірункаў: ад Краматорска і Харкава да Кіеву і Івана-Франкоўска.
  • Па стане на 24:00 па Менскім часе, паводле афіцыйнага Кіеву, у выніку ваенных дзеяньняў Расеі загінулі 137 чалавек, параненых было 316 чалавек.
  • Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, частку Херсонскай вобласьці і востраў Зьмяіны ў Чорным моры.
  • Украінскі бок абвінаваціў Беларусь ва ўдзеле ў расейскай агрэсіі. Шмат танкаў і вайсковай тэхнікі заўважылі на беларуска-ўкраінскай мяжы
  • Тысячы ўкраінцаў спрабуюць выехаць у суседнія краіны: Малдову, Польшчу. На межах вялікія чэргі.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • У многіх гарадах Эўропы прайшлі акцыю пратэсту супраць расейскай агрэсіі і ў падтрымку ўкраінскага народу. Акцыю ў Маскве жорстка разагналі.
11:14 24.2.2022

Лукашэнка пачаў нараду зь сілавікамі

Нелегітымны кіраўнік Беларусі пачаў экстранную нараду зь сілавікамі. На пачатку ён падзякаваў усім удзельнікам і заявіў, што ніхто ня спаў гэтай ноччу.

«Беларускія войскі не бяруць ніякага ўдзелу ў расейскай спэцапэрацыі на Данбасе», цытуе яго БелТА.

11:13 24.2.2022

Захад 24 лютага экстрана склікае сустрэчы ў фарматах G7, NATO, ЭЗ для ціску на Расею

Прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн сустрэнецца з саюзьнікамі па G7, каб намеціць жорсткія меры ў дачыненьні да РФ.

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЭЗ абмяркуюць санкцыйны пакет у адносінах да Масквы на экстраным пасяджэньні. У Брусэлі заклікалі Расею неадкладна спыніць ваенную апэрацыю.

На надзвычайную нараду зьбяруцца сталыя прадстаўнікі пры NATO. Акрамя таго, брытанскі прэм’ер-міністар Борыс Джонсан склікае паседжаньне надзвычайнага ўрадавага камітэту Cobra.

11:06 24.2.2022

Гарыць вайсковы аэрадром у Чугуеве пад Харкавам

11:05 24.2.2022

«Укрзалізниця» паведаміла аб пачатку эвакуацыі грамадзян з усходу і поўдня Ўкраіны

У прыватнасьці, Украінская чыгунка паведаміла, што плянуюць цягнікі для эвакуацыі грамадзян са Сватава і Рубежнага, з Краматорску, Марыюпалю і Канстанцінаўкі. Таксама адзін эвакуацыйны рэйс плянуецца з Адэсы.

11:01 24.2.2022

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны пачынае выдаваць зброю вэтэранам-праваахоўнікам

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка падпісаў загад аб выдачы ва ўсіх абласных упраўленьнях зброі вэтэранам органаў унутраных спраў, гатовым стаць на абарону Ўкраіны.

10:57 24.2.2022

Генэральны сакратар ААН: Наступствы такой вайны немагчыма прадказаць

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш асудзіў дзеяньні Расеі, заклікаўшы Пуціна «вярнуць вашыя войскі назад у Расею».

«У імя чалавечнасьці, не дазвольце пачацца вайне ў Эўропе, якая можа быць найгоршай вайной ад пачатку стагодзьдзя, з наступствамі ня толькі разбуральнымі, ня толькі трагічнымі для Расейскай Фэдэрацыі, але і з уплывам, які нават немагчыма прадказаць».

10:54 24.2.2022

Украінцы вярнулі Шчасьце

Цэнтар стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бясьпекі паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы вярнулі кантроль на горадам Шчасьце ў Луганскай вобласьці.

«Пры спробе нападу зьнішчылі тэхніку і забілі каля 50 ворагаў», — адзначаецца на афіцыйнай старонцы Цэнтру.

10:44 24.2.2022

Відэа заявы Пуціна аб пачатку вайны было запісана 21 лютага

Пра гэта сьведчаць мэтададзеныя файла з сайту Крамля.

Відэа Пуціна аб пачатку вайны, мяркуючы з мэтададзеных файла на сайце Крамля, было запісана не пазьней за вечар 21 лютага, на гэта зьвярнула ўвагу «Новая газета».

Адзеньне Пуціна супадае зь яго адзеньнем на пасяджэньні СБ РФ 21 лютага і на відэа аб прызнаньні ДНР і ЛНР.

10:35 24.2.2022

Эўрапейскія лідэры асудзілі дзеяньні Расеі

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, якога цытуе BBC, заявіў, што ён з абурэньнем успрыняў «неабгрунтаваны напад» Расеі і што Брытанія «адкажа рашуча».

Прэмʼер-міністар Італіі Марыё Драгі назваў дзеяньні Расеі «неапраўданымі і неапраўдальнымі». «Мы працуем з саюзьнікамі па NATO, каб неадкладна адказаць, з адзінствам і рашучасьцю».

Тым часам прэсавы сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер заявіў, што прыйшоў «час узмацніць усходні флянг NATO» і дадаў: «Мы чакаем, што такія рашэньні будуць прынятыя».

10:28 24.2.2022

Пажар на вайсковым аэрадроме пад Харкавам

Гарыць аэрадром у Чугуева пад Харкавам
Гарыць аэрадром у Чугуева пад Харкавам

10:20 24.2.2022

МУС Украіны паведаміла пра тактыку расейскіх войскаў

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны паведамляе, што Расея спачатку абстрэльвае ўкраінскую тэрыторыю з артылерыйскіх сыстэм, а потым адразу ўводзіць на яе вайсковую тэхніку.

Гэта адбылося, у прыватнасьці, у памежных пунктах пропуску «Сенькаўка» (на мяжы з Расеяй і Беларусьсю) і «Грамяч» (на мяжы з Расеяй), а таксама праз пункт «Бударкі» ў Харкаўскай вобласьці і «Мілава» ў Луганскай вобласьці (на мяжы з Расеяй).

«Расейская вайсковая тэхніка, у тым ліку браняваная, парушыла дзяржаўную мяжу ў Чарнігаўскай, Сумскай, Луганскай і Харкаўскай абласьцях», – адзначылі ў МУС Украіны.

Пазьней МУС паведаміла, што ў выніку абстрэлу з ракетных сыстэм у раёне пункту Прэабражэнка Херсонскай вобласьці адзін памежнік загінуў.

10:18 24.2.2022

Украінцы зьвяртаюцца да беларусаў: «Не дазвольце Пуціну і Лукашэнку забіць вашых сыноў»

Тарас Беразавец у сваім тэлеграм-канале апублікаваў зварот да беларусаў. Ён спадзяецца, што беларускія вайскоўцы ня будуць падтрымліваць расейскіх і пакінуць войска проста цяпер.

10:13 24.2.2022

Самалёты аблятаюць Украіну і Беларусь

10:11 24.2.2022

Людзі ў Кіеве хаваюцца ў мэтро

09:59 24.2.2022

Канцлер Нямеччыны Шольц выказаў «поўную салідарнасьць» з Украінай

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц у тэлефоннай размове запэўніў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў «поўнай салідарнасьці Нямеччыны ў цяжкі час», — паведамляе DW са спасылкай на прэс-сакратара нямецкага ўраду Штэфэна Гэбэштрайта.

09:57 24.2.2022

Лукашэнка зьбірае тэрміновую нараду з вайскоўцамі

Яна пачнецца праз гадзіну, паведамляе BELTA.

09:54 24.2.2022

Украіна паведамляе пра зьбітыя расейскія самалёты, Расея абвяргае

У Генштабе Ўкраіны паведамілі, што Ўзброеныя сілы зьбілі на Данбасе 5 расейскіх самалётаў і верталёт.

Раней Узброеныя сілы Ўкраіны паведамлялі, што на ўсходзе краіны зьбілі расейскі франтавы бамбавік Су-24. Мінабароны Расеі абвяргала гэтую інфармацыю.

09:54 24.2.2022

Першыя ахвяры і параненыя ў вайне Расеі супраць Украіны

Дарадца міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка паведаміў аб першых ахвярах. Адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін паранены ў Браварах Кіеўскай вобласьці.

09:53 24.2.2022

Кулеба: Пуцін напаў, але ніхто не разьбягаецца

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба зьвярнуўся да ўкраінскіх супольнасьцяў па ўсім сьвеце.

«Пуцін напаў, але ніхто не ўцякае. Армія, дыпляматы, усе працуюць. Украіна ваюе. Украіна будзе абараняцца. Украіна пераможа. Распаўсюджвайце праўду пра ўварваньне Пуціна ў сваіх краінах і заклікайце ўрады прыняць неадкладныя захады».

09:45 24.2.2022

МУС Украіны: расейская вайсковая тэхніка рухаецца з Крыму

Памежная служба Украіны паказала калёну расейскай тэхнікі, якая праходзіць праз памежны пераход у Крыме на матэрыковую частку Ўкраіны.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG