Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага
Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага

Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага

абноўлена
  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны. Выявілася, што ягоны зварот быў запісаны яшчэ 21 лютага.
  • Расея абстрэльвае практычна ўсю тэрыторыю Ўкраіны, атакуе з шасьці накірункаў: ад Краматорска і Харкава да Кіеву і Івана-Франкоўска.
  • Па стане на 24:00 па Менскім часе, паводле афіцыйнага Кіеву, у выніку ваенных дзеяньняў Расеі загінулі 137 чалавек, параненых было 316 чалавек.
  • Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, частку Херсонскай вобласьці і востраў Зьмяіны ў Чорным моры.
  • Украінскі бок абвінаваціў Беларусь ва ўдзеле ў расейскай агрэсіі. Шмат танкаў і вайсковай тэхнікі заўважылі на беларуска-ўкраінскай мяжы
  • Тысячы ўкраінцаў спрабуюць выехаць у суседнія краіны: Малдову, Польшчу. На межах вялікія чэргі.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • У многіх гарадах Эўропы прайшлі акцыю пратэсту супраць расейскай агрэсіі і ў падтрымку ўкраінскага народу. Акцыю ў Маскве жорстка разагналі.
09:40 24.2.2022

Вайсковая тэхніка на мяжы Беларусі —​ Расеі —​ Украіны

Відэа Памежнай службы Ўкраіны.

09:38 24.2.2022

Уладзімір Зяленскі заклікаў да стварэньня антыпуцінскай кааліцыі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў перамовы з прэзыдэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам, канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам, прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм’ер-міністрам Брытаніі Борысам Джонсанам.

«Заклікаю тэрмінова спыніць Пуціна, вайну супраць Украіны і сьвету. Будуем антыпуцінскую кааліцыю. Тэрміновыя санкцыі, абарончая і фінансавая падтрымка Ўкраіны. Закрыцьцё паветранай прасторы! Сьвет мусіць прымусіць Расею да міру», – напісаў Уладзімір Зяленскі ў Twitter.

09:37 24.2.2022

Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ваеннае становішча

Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ініцыятыву прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб ўвядзеньні ваеннага становішча. Найбліжэйшым часам ён падпіша адпаведны ўказ.Згодна з украінскім заканадаўствам, на час дзеяньня ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, прадугледжаныя 12-цю артыкуламі Канстытуцыі Ўкраіны.

09:30 24.2.2022

Харкаў абстралялі «Сьмерчамі»

Расея ўчыніла вайсковае злачынства, абстраляўшы Харкаў ракетнымі сыстэмамі залпавага агню, — Conflict Intelligence Team.

09:22 24.2.2022

У Луцку ў выніку абстрэлаў пацярпеў адзін ратавальнік, абстрэл вайсковых частак

Памежнікі ўдакладняюць інфармацыю аб пацярпелых. Паводле Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый, у выніку абстрэлаў гараць вайсковыя склады ў Радушніцы Палтаўскай вобласьці і Разсошкавым Чаркаскай вобласьці.

Абстралялі вайсковую частку ў Камянцы Львоўскай вобласьці. У Іўніцы Жытомірскай вобласьці і ў Івана-Франкоўску снарады трапілі ў вайсковыя часткі.

09:19 24.2.2022

Змаганьне з кібэратакамі

Міністар лічбавай трансфармацыі Ўкраіны Міхайла Фёдараў паведаміў, што ўкраінцы ўсю ноч змагаліся з кібэратакамі.

«Атакі на ўсе асноўныя інфармацыйныя рэсурсы адбываліся і адбываюцца няспынна. Цяпер усё стабільна. Усе каманды на месцы. Захоўвайце спакой і не панікуйце».

09:18 24.2.2022

Людзі выяжджаюць з Кіеву

Карэспандэнт Свабоды паведамляе: у Кіеве закрылі школы і дзіцячыя садкі. Лякарні працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Паралізаваныя запраўкі ў Кіеве, на выездах са сталіцы - заторы. "Укрзалізниця" паведаміла, што ўсе цягнікі з Кіева і ў Кіеў, а таксама цягнікі захаднага накірунку курсуюць паводле графіку.

09:09 24.2.2022

Мінабароны Расеі заяўляе пра перамогу над украінскімі СПА

«Сродкі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл Украіны зьнішчаны. Вайсковая інфраструктура авіябазаў Узброеных сіл Украіны выведзена са строю». РБК цытуе заяву Мінабароны РФ. Пры гэтым сайт Міністэрства абароны краіны-агрэсара недасяжны.

09:05 24.2.2022

Удар расейцаў па аэрадроме ў Луцку

09:03 24.2.2022

Абстрэлы ў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцях

У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Ўкраіны паведамілі аб узгараньні ў выніку абстрэлаў Расеі складоў з боепрыпасамі ў паселішчы Альшаніца Белацаркоўскага раёну Кіеўскай вобласьці, штабу Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны пад Кіевам у Новых Пятроўцах і Міжгор’і. Там пачалі выводзіць асабісты склад Нацгвардыі.

У выніку абстрэлаў камандна-дыспэтчарскага пункту ў Нежыне Чарнігаўскай вобласьці траўмаваныя тры супрацоўнікі слудбы выратаваньня. Аб гэтым паведаміла дарадца службы Сьвятлана Вадалага.

08:57 24.2.2022

Расейскія войскі захапілі два паселішчы ў Луганскай вобласьці

Загарэліся склады ў Хмяльніцка влбласьці, у Віньніцкай пачаўся пажар у вайсковых частак, у Луцку падарвалі тэлевежу, у Браварах узгарэлася вайсковая частка ў выніку абстрэлаў. Расейскія войскі захапілі два паселішчы ў Луганскай вобласьці: Гарадзішча і Мілава, ​паведамляе Дзяржаўная службы ў пытаньнях надзвычайных сытуацый Украіны.

08:55 24.2.2022

Рэакцыя Столтэнбэрга і Джонсана

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг асудзіў пачатак расейскай ваеннай апэрацыі, назваў яе парушэньнем міжнароднага права і пагрозай эўраатлянтычнай бясьпецы.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што Пуцін выабраў «шлях кровапраліцьця і разбурэньня», пачаўшы атаку на Ўкраіну.

«Я ўзрушаны жахлівымі падзеямі ва Ўкраіне і размаўляў з прэзыдэнтам Зяленскім, каб абмеркаваць наступныя крокі. (...) Вялікая Брытанія і нашы саюзьнікі адкажуць рашуча».

08:53 24.2.2022

Сытуацыя ў Марыюпалі

Панікі няма, было некалькі выбухаў; ці адбываліся яны ў межах горада, незразумела, перадае карэспандэнт Радыё Свабода. У сацсетках распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што горад знаходзіцца пад кантролем ДНР або ідуць баі, але карэспандэнт сьцьвярджае, што гэта няпраўда.

08:51 24.2.2022

Расея пачала артылерыйскія абстрэлы тэрыторый і населеных пунктаў уздоўж украінскай мяжы

Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны заявіў, што Расея пачала артылерыйскія абстрэлы тэрыторый і населеных пунктаў уздоўж украінскай дзяржаўнай мяжы

«Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны адбіваюць напад захопніка. Сілы абароны дзяржавы знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці, занялі і ўтрымліваюць абарончыя пазыцыі. Сытуацыя кантраляваная».

08:49 24.2.2022

Эвакуацыя ў аэрапорце ў Барыспалі

З тэрміналу D міжнароднага аэрапорту «Барыспаль» эвакуавалі ўсіх пасажыраў. Колькасьць не ўдакладняецца.

08:47 24.2.2022

Паведамленьне Генштабу ЗСУ: на Адэсу нападу няма

«А 5:00 Узброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі пачалі інтэнсіўныя абстрэлы нашых падразьдзяленьняў на ўсходзе, а таксама бамбардаваньні аэрадромаў Барыспаль, Азёрнае, Кульбакіна, Чугуеў, Краматорск, Чарнабаеўка, а таксама вайсковыя аб’екты Ўзброеных сіл Украіны. Адначасова агрэсар пачаў артылерыйскія абстрэлы тэрыторыі і населеных пунктаў Украіны ўздоўж дзяржаўнай мяжы».

Таксама ў Генштабе дадалі, што Інфармацыя аб высадцы расейскіх войскаў у Адэсе не адпавядае рэчаіснасьці.

08:44 24.2.2022

Міністар замежных спраў Украіны заклікаў сьвет да тэрміновых дзеяньняў, каб спыніць вайну

Дзьмітро Кулеба назваў пяць першачарговых дзеяньняў:

  1. Зьнішчальныя санкцыі супраць РФ, адключэньне ад SWIFT.
  2. Поўная ізаляцыя Расеі ва ўсіх фарматах.
  3. Зброя і тэхніка для Ўкраіны.
  4. Фінансавая дапамога.
  5. Гуманітарная дапамога.
08:40 24.2.2022

У Луганскай вобласьці пачалі эвакуацыю насельніцтва ў Дняпро

Пра гэта заявіў кіраўнік Луганскай вайскова-цывільнай дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

08:39 24.2.2022

Пуцін папярэдзіў Лукашэнку пра вайну

Прыкладна ў 5 раніцы сёньня адбылася тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі, паведаміў ТГ-канал «Пул первого»:

«Пуцін праінфармаваў беларускага калегу аб сытуацыі на мяжы з Украінай і на Данбасе».

08:32 24.2.2022

Беларускія войскі падтрымліваюць наступ Расеі, — Памежная служба Ўкраіны

«Каля 5:00 дзяржаўная мяжа Ўкраіны ў раёне з Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь была атакаваная расейскімі войскамі пры падтрымцы Беларусі».

Пра гэта паведаміла Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны, дадаўшы, што напады на памежныя падразьдзяленьні, патрулі і пункты пропуску вядуцца з выкарыстаньнем артылерыі, цяжкай тэхнікі і стралковай зброі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG