Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне абвясьцілі надзвычайнае становішча. За дзень для арміі сабралі сотні тысяч даляраў 


У Львове цывільных грамадзян вучаць карыстацца зброяй, 22 лютага 2022
У Львове цывільных грамадзян вучаць карыстацца зброяй, 22 лютага 2022

Вярхоўная Рада падтрымала ініцыятыву прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб увядзеньні на ўсёй тэрыторыі краіны надзвычайнага становішча на 30 дзён з 00.00 24 лютага.

Цяпер рэжым надзвычайнага становішча будзе дзейнічаць ува ўсёй краіне. У Луганскай і Данецкай абласьцях, дзе ідзе апэрацыя Аб’яднаных сілаў Украіны, надзвычайнае становішча дзейнічае ўжо 8 гадоў.

Перад гэтым дэпутаты ўхвалілі пастанову аб бесьперапыннай працы парлямэнту ва ўмовах надзвычайнага становішча і зьмены ў дзяржаўны бюджэт – дадаткова выдаткаваўшы 23 мільярды грыўняў (больш як 800 мільёнаў даляраў) на абарону.

Украінцы пры пагрозе новай агрэсіі зноў пачалі актыўна ахвяраваць грошы на армію. Дабрачынны фонд “Вярніся жывым”, які з 2014 году дапамагае фронту, паведаміў, што за адзін дзень – 22 лютага -- грамадзяне Ўкраіны пералічылі на патрэбы вайскоўцаў больш за 20,5 мільёнаў грыўняў (больш як 700 тысяч даляраў).

  • На пэрыяд надзвычайнага становішча ўводзіцца асаблівы рэжым уезду ва Ўкраіну і выезду зь яе, абмяжоўваецца рух грамадзян і транспартных сродкаў, забараняюцца масавыя акцыі і страйкі.
  • Не выключаецца таксама часовая або незваротная эвакуацыя людзей зь небясьпечных для жыхарства месцаў з абавязковым наданьнем ім стацыянарных або часовых жылых памяшканьняў.
  • Пры патрэбе могуць дадаткова ўводзіцца камэнданцкі час і праверка дакумэнтаў у грамадзян, а таксама дазвол на надгляд рэчаў, транспартных сродкаў, багажу, грузаў, службовых памяшканьняў і жытла грамадзян. Але мабілізацыя пры надзвычайным становішчы не праводзіцца.

Служба бясьпекі Ўкраіны зьвярнулася да грамадзян з заклікам не нагнятаць сытуацыю, бо надзвычайнае становішча не ўскладніць жыцьцядзейнасьць краіны і будзе скасаванае адразу, як толькі ў ім ня будзе патрэбы.

“Няма ніякіх падставаў для трывогі. Ідзе максымальна арганізаваная праца для найбольш эфэктыўнай абароны нашай краіны і вашай бясьпекі. Рашэньне ўлады часова ўвесьці надзвычайнае становішча на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны ёсьць небходным і ўзважаным”, – адзначаецца ў адмысловай заяве СБУ.

У памежных зь Беларусьсю і Расеяй абласьцях ужо ўведзеныя дадатковыя абмежаваньні:

  • забарона грамадзянам Украіны і замежнікам быць на памежжы ў начны час
  • абмежаваньне выкарыстаньня плавальных сродкаў
  • абмежаваньні руху аўтамабіляў у кірунку мяжы, апроч вайсковага транспарту
  • забарона выкарыстаньня радыёстанцыяў і палётаў лёгкаматорных і бесьпілётных сродкаў
  • забарона відэаздыманьня памежнікаў, а таксама аб’ектаў, што належаць памежнай службе
  • забарона рухацца па ўзьбярэжжы памежных вадаёмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG