«Санкцыі ЭЗ супраць расейскіх банкаў з 22 лютага — кампраміс, які павінен быць прыняты ўсімі чальцамі ЭЗ. Мы салідарныя з украінцамі і ня будзем абслугоўваць практычна ўсе апэрацыі, зьвязаныя з Расеяй», — заявіў генэральны дырэктар кампаніі Гінтаўтас Мяжаціс.
Пераказы ўва ўсе расейскія ці беларускія банкі спыняюцца для ўсіх кліентаў Paysera, калі атрымальнік — кампанія з гэтых краін.
Абмежаваньне датычыцца толькі юрыдычных асобаў і не распаўсюджваецца на фізычных асобаў.
Кампаніі зь іншых краін, асноўнымі акцыянэрамі якіх ёсьць грамадзяне Расеі, ня змогуць заставацца кліентамі Paysera.
Паводле дамоваў з кліентамі транзакцыі могуць абмежаваць праз 60 дзён пасьля апавяшчэньня.
Паводле Мяжаціса, ня выключана, што ў бліжэйшыя месяц-два ЭЗ або ЗША ўвядуць больш жорсткія санкцыі супраць расейскага фінансавага сэктару. У гэтым разе Paysera будзе стасаваць санкцыі ЭЗ або ЗША неадкладна.
Paysera — фінансавая кампанія, у якой можна адкрываць рахункі як фізычным асобам, так і кампаніям і заводзіць платныя карткі, прывязаныя да гэтых рахункаў. Рахунак Paysera — адна з альтэрнатываў банкаўскаму рахунку, карткай можна расплочвацца ў крамах, у інтэрнэце.