Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японія, якая ў 2014-м не пагаджалася з санкцыямі супраць Расеі, цяпер падтрымае іх, – газэта Yomiuri


Панарама Токіё
Панарама Токіё

Японія рыхтуе новыя санкцыі супраць Расеі з прычыны сытуацыі вакол Украіны, абмежаваньні могуць быць накладзеныя на экспарт у Расею японскай высокатэхналягічнай прадукцыі, тэхналёгіяў штучнага інтэлекту, чыпаў, робататэхнікі, піша газэта Yomiuri, адна зь пяці нацыянальных газэт Японіі.

Японія плянуе супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі Вялікай сямёркі, каб чыніць ціск на Расею, калі Масква ня зробіць намаганьняў, каб зьняць напружанасьць.

Японскі экспарт паўправаднікоў і паўправадніковых вырабаў у Расею невялікі, і «ўплыў экспартных абмежаваньняў на расейскую эканоміку будзе абмежаваны», – заявіў газэце прадстаўнік японскага ўраду.

Аднак мяркуецца, што Расеі будзе складана закупіць такую прадукцыю з Кітаю ў якасьці альтэрнатыўнай крыніцы. Каб нанесьці шкоду Расеі як у вайсковым, так і ў эканамічным пляне, трэба было б, каб краіны адначасова ўвялі санкцыі, у тым ліку Японія, якая валодае тэхналёгіямі распрацоўкі такіх прадуктаў, – падкрэсьлівае англамоўнае выданьне газэты Yomiuri The japan news.

Урад Японіі таксама разглядае магчымасьць увядзеньня фінансавых санкцый. У 2014 годзе, акрамя замарожваньня актываў расейскіх дзяржаўных чыноўнікаў, ён фактычна забараніў пяці буйным расейскім банкам разьмяшчаць сродкі ў Японіі. Газэта дапускае, што гэтым разам урад прыме больш жорсткія меры.

Аднак, як і іншыя краіны G7, Японія асьцярожна ставіцца да санкцый, якія паўплываюць на энэргетычную галіну. Японія імпартуе каля 10% свайго звадкаванага прыроднага газу (СПГ) з Расеі: санкцыі пагражаюць пастаўкам.

У 2014 годзе Японія першапачаткова не пагадзілася з эканамічнымі санкцыямі, уведзенымі ЗША і эўрапейскімі краінамі, і замест гэтага вырашыла прыпыніць перамовы, сярод іншага, аб зьмякчэньні патрабаваньняў да выдачы візаў.

Гэтым разам японскі ўрад займае супольную пазыцыю з чацльцамі G7, каб паказаць, што ён не дазволіць зьмяніць статус-кво з дапамогай сілы. Японія мае на ўвазе далейшае пашырэньне Кітая ва Ўсходнім і Паўднёва-Кітайскім морах і павелічэньне яго ціску на Тайвань.

У аўторак прэм'ер-міністар Фуміё Кісіда «рашуча асудзіў» прызнаньне Расеяй незалежнасьці тэрыторый, якія кантралююцца прарасейскімі ўзброенымі фармаваньнямі на ўсходзе Ўкраіны, заявіўшы, што гэта «парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны і ня можа быць прынята».

У выпадку ваеннага ўварваньня Расеі ён сказаў: «Мы будзем уважліва сачыць за сытуацыяй і каардынаваць рашучую рэакцыю, уключаючы санкцыі, у супрацоўніцтве з G7 і астатняй міжнароднай супольнасьцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG