Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася мабільная праграма «Мова PRO» для дапамогі ў вывучэньні беларускай мовы


Зьявілася мабільная праграма «Мова PRO» для дапамогі ў вывучэньні беларускай мовы. Ілюстрацыя officelife.media
Зьявілася мабільная праграма «Мова PRO» для дапамогі ў вывучэньні беларускай мовы. Ілюстрацыя officelife.media

«Мы прымеркавалі афіцыйны старт праекту да Дня роднай мовы. Размаўляйма на беларускай мове, каб квітнела наша Беларусь!», — кажа распрацоўнік Аляксандар Шастаковіч.

Дэталёва аб праграме і яе стварэньні парталу Office Life расказаў кіраўнік стартапу «Мова прафэсіі» Аляксандар Шастаковіч.

Праграма «Мова PRO» прызначаная для смартфонаў на Android і Apple. Яна ўжо ў публічным доступе. Яе можна ўсталяваць і вучыцца правільнаму маўленьню.

«Як працуе? Спампавалі праграму, усталявалі на смартфон, зарэгістраваліся, выбралі патрэбны разьдзел — і можна вучыцца, — тлумачыць Аляксандар. — Заданьні даюцца тэкстам і голасам, выконваць іх трэба голасам, пісаць калі і трэба, то мінімальна. Альбо паўтараеце пэўны выраз, альбо голасам апісваеце тое, што бачыце на выяве. Штучны інтэлект правярае, наколькі ваша маўленьне адпавядае ўзору.

Ёсьць некалькі разьдзелаў прафэсійнай лексыкі — кавярні, запраўкі, IT, кол-цэнтры. Можна вывучыць базавы курс „Асновы“. Усё інтуіцыйна і зразумела. Прайшоўшы тэст, можна атрымаць сэртыфікат — аналяг TOEFL, IELTS, PTE».


Для чаго патрэбная праграма


Стартап «Мова прафэсіі» нарадзіўся на грунце сэрвісу say.by, які дапамагае беларусам даведацца, дзе і ў якіх кампаніях можна атрымаць паслугі па-беларуску. За тры гады працы say.by выявілася вялікая патрэба ў сэрвісе хуткага навучаньня беларускай мове.

«Мова ў кампаніі прыходзіць з ініцыятывы „зьнізу“ ці „зьверху“. Ініцыятыва „зьнізу“ звычайна ідзе ад чалавека, які штодня размаўляе па-беларуску. Як ён звольніўся, то і іншыя перастаюць гутарыць па-беларуску, бо няма з кім, няма ўзору, саромеюцца зрабіць памылкі ці проста саромеюцца.

Пры жаданьні кіраўніцтва сыстэмна працаваць зь беларускамоўнымі кліентамі ўзьнікае праблема іншага ўзроўню. Паўстае патрэба навучыць адразу шмат людзей размаўляць па-беларуску. І дзе тады ўзяць столькі носьбітаў мовы, каб навучыць жывой гаворцы і правільнаму вымаўленьню?

Так было, напрыклад, у А-100, кампаніі, якая зрабіла падтрыманьне беларускай мовы штодзённым. Мы стваралі сваю праграму, каб людзі маглі і з уласнай ініцыятывы вывучыць беларускую мову ці ўдасканаліць яе веданьне. Але галоўная мэта — дапамагчы кампаніям навучыць супрацоўнікаў», — кажа кіраўнік стартапу «Мова прафэсіі» Аляксандар Шастаковіч.

Падтрымаць стартап могуць беларускія кампаніі, а таксама неабыякавыя людзі, якія хочуць бачыць яго ня толькі для сваёй прафэсіі, але і для ўсёй краіны ўвогуле.

Як стваралася праграма

Больш за шэсьць тысяч валянтэраў запісалі каля тысячы гадзін жывога маўленьня праз сайт donar.by. Гэтую базу скарысталі для навучаньня нэўрасетак. Софт створаны з адкрытым кодам commonvoice.mozilla.org. Такая актыўнасьць падняла беларускую мову на высокае месца ў рэйтынгу common voice.

Для захаваньня зьвестак і забесьпячэньня працы залучылі 7 магутных вылічальных сэрвэраў аднаго з найстарэйшых беларускіх правайдэраў гостынгу і воблачных сэрвісаў ActiveCloud.

Да праекту ўжо далучыліся піваварная кампанія «Аліварыя», Jet BI, кавярня «Шпаркі Лось», стаматалягічная лякарня «Глорыя» і некаторыя іншыя.

«Мы рухаемся ў бок вялікага скачка ў пашырэньні жывой беларускай мовы, — тлумачыць Шастаковіч. — Вельмі хацелася б выйсьці на якасна новы ўзровень».

У праекце ўдзельнічае Цэнтар ведаў CLARIN, які дапамагае апрацоўваць беларускія тэксты. Ацэньваць працу будзе Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG