Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Павал Севярынец прыйшоў да беларускай мовы: «Ведаеш, а вось я ад заўтра пачну размаўляць толькі па-беларуску»


Павал Севярынец
Павал Севярынец

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Палітзьняволены Павал Севярынец расказаў сваю гісторыю, як ён перайшоў на беларускую мову.

Павал Севярынец заўжды гаворыць пра тое, што безь беларускай мовы ня будзе вольнай Беларусі. Сам палітык не заўсёды быў беларускамоўным: русыфікацыя адукацыі, беларускіх гарадоў спрычынілася да таго, што абсалютная бальшыня беларусаў стала карыстацца расейскай мовай. Аднак ва ўнівэрсытэце з будучым палітыкам здарылася гісторыя, якая назаўжды зьмяніла яго сьветапогляд. Як часта гэта здараецца, на тое паўплывала адна сустрэча.

«...Было гэта на першым курсе, і гісторыя пачалася вечарам 20 лістапада 1994 году. Хтосьці з хлопцаў-аднакурсьнікаў зайшоў у пакой і сказаў, што трэба дапамагчы адной дзяўчыне з геафаку, Ганьне Цітовай, дацягнуць да вакзалу торбу. А паколькі яна зь Віцебшчыны (Ветрына Полацкага раёну), то, Паша, мусіш зямлячцы даць рады. Рабіць няма чаго, зьбіраюся, цягну сумку на мэтро і дарогай, куды дзецца, размаўляю з Ганнай (естественно, по-русски). Пра што? Про то, как здорово, что мы теперь независимые и сделаем из Беларуси та-а-акую страну!.. На вакзале Ганна дзякуе за дапамогу і кажа, што насчёт независимости звучит, конечно, хорошо“​, але яна мне ня верыць. „​Почему? “ — „Потому что какой же ты белорусский патриот, Паша, если про белорусский патриотизм, мне, беларуске, говоришь по-русски?“​

І толькі я раскрыў рот, каб патлумачыць ну вообще-то по-русски тут все говорят, и так мне и проще, и в конце концов...“, як мяне асяніла: Ведаеш, Ганна, а вось я з заўтрашняга дня пачну размаўляць толькі па-беларуску. „Залівай!“ — расьсьмяялася Ганна. Я вярнуўся ў інтэрнат, пазваніў дадому (памятаю, тата падняў слухаўку, зьдзівіўся, але сказаў „добра“ і зазначыў, што да яго можна зьвяртацца ня „бацька“, а „тата“, так ва Ўнорыцы гаварылі заўжды. І ўсё».

Гісторыю Паўла Севярынца ў фэйсбуку апублікавала ягоная жонка Вольга Севярынец. Яна заклікала публікаваць у сацыяльных сетках уласныя гісторыі пераходу на беларускую мову пад тэгам #яразмаўляю.

«Апублікуйце сваю гісторыю! Як вы прыйшлі да беларускай мовы, чаму вы пачалі размаўляць? Што паўплывала на вас? Вы размаўляеце па-беларуску з усімі ці толькі зь сябрамі, ці толькі ў сацсетках? Мы ўсе ведаем, што ў Беларусі размаўляць па-беларуску не заўжды лёгка, таму, калі вы карыстаецеся нашай мовай, вы маладзец і супэргерой. І сьвету варта пачуць вашую гісторыю. Магчыма, вы натхніце кагосьці таксама перайсьці на беларускую мову», — напісала Вольга Севярынец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG