Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Галоўчанка выступіў з пагрозай перакрыць пастаўкі драўніны ў Літву


Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

У якасьці адказу на санкцыі афіцыйны Менск гатовы ў выпадку неабходнасьці перакрыць пастаўкі драўніны ў Літву, паведаміў прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1».

«Калі паглядзець тавары, якія экспартуюцца зь Беларусі ў Літву, сотні мільёнаў — гэта дрэваапрацоўка прадукцыі. Драўніна ў выглядзе расьпілаваных дошак накіроўваецца ў Літву, і там ужо літоўскія дрэваперапрацоўчыя прадпрыемствы робяць далейшую перапрацоўку і экспартуюць у краіны Зўразьвязу», — заявіў Галоўчанка.

Паводле яго, калі спатрэбіцца, гэты канал паставак будзе перакрыты. «Дзе будзе браць Літва драўніну — пытаньне, і куды падзенуцца літоўскія дрэваапрацоўнікі. Мы проста перакінем драўніну на іншыя рынкі — попыт вельмі вялікі», — лічыць прэмʼер-міністар.

Акрамя таго, адзначыў ён, у Беларусь зь Літвы ў вялікай колькасьці імпартуюцца запчасткі і адзеньне, якое было ва ўжываньні. Галоўчанка таксама гатовы адмовіцца ад паставак гэтых тавараў, хаця сьцьвярджае, што гэтага ня хоча.
Чыноўнік пракамэнтаваў таксама спыненьне транзыту калію празь Літву:

«Мы ўспрымаем гэтае рашэньне як абсалютна незаконнае і з пункту гледжаньня міжнароднага права, і двухбаковых адносін. Мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы, у адрозьненьне, дарэчы, ад літоўскіх уладаў, якія ўсяляк спрабуюць умяшацца ў нашыя ўнутраныя справы. Але мы хэджуем свае рызыкі і секʼюрытызуем нашы эканамічныя інтарэсы. Таму калій паедзе ў іншы бок, ён ужо едзе. Украіна і Расея — гэта што тычыцца марскіх перавозак. У асноўным ён ідзе ў Расею. Ёсьць чыгуначныя перавозкі ў кірунку Кітаю», — сказаў Галоўчанка.

Латвію і Польшчу ён назваў ненадзейнымі «ў пляне пабудовы доўгатэрміновых схемаў супрацоўніцтва, зыходзячы з палітыкі ў дачыненьні да нашай краіны».

«Калі гаворка ідзе пра вялікія грошы, сурʼёзныя праекты, нельга працаваць зь ненадзейнымі партнэрамі. Пакуль празь Літву пастаўляюцца іншыя беларускія тавары транзытам праз порт у Клайпедзе. Але калі сытуацыя будзе разьвівацца ў такім жа ключы, мы прыбяром і іх. І што тады будзе грузіць клайпедзкі порт — вялікае пытаньне», — заявіў Галоўчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG