Свабода пацікавілася ў плятформаў «Голас», «Зубар» і «Честные люди», якія атрымалі вядомасьць падчас прэзыдэнцкіх выбараў — 2020, які плян дзеяньняў яны прапануюць гэтым разам.
Калі ісьці галасаваць і ці ісьці ўвогуле?
Каардынатарка кампаніі «Честные люди» Алена Жываглод падкрэсьлівае, што ўсе ініцыятывы дзейнічаюць паводле сумеснага пляну, а не паасобку. У апэратыўным штабе кампаніі па рэфэрэндуме — «Голас», «Зубар», «Честные люди», штаб Сьвятланы Ціханоўскай, НАК і Каардынацыйная рада.
«Акцэнт на тым, што для прыходу на выбарчыя ўчасткі мы абіраем асноўны дзень галасаваньня — 27 лютага. Заклікаем людзей не хадзіць галасаваць датэрмінова», — кажа Жываглод.
Паводле ініцыятывы, людзі павінны падыходзіць да ўчасткаў у 14:00. Пры гэтым мець з сабой асадку, пашпарт, а таксама быць у мэдычнай масцы.
«Просім людзей вітацца адзін з адным па-беларуску словам „Прывітаньне“. Гэта бясьпечны апазнавальны знак. Далей радуемся, што знаходзімся побач з аднадумцамі, бо такой магчымасьці даўно не было».
Што рабіць на ўчастку для галасаваньня?
Пасьля таго як чалавек адстаіць чаргу, пачынаецца асноўны момант галасаваньня.
«Наша ініцыятыва заключаецца ў тым, каб рабіць бюлетэні несапраўднымі. Бераце бюлетэнь, правяраеце, ці стаяць на зваротным баку два подпісы. Потым у кабінцы для галасаваньня сваёй асадкай ставіце два крыжыкі — гэта значыць зрабіць бюлетэнь несапраўдным. Асабліва хачу зьвярнуць увагу, што гэта законнае дзеяньне.
Калі ёсьць магчымасьць, то фатаграфуйце бюлетэнь з двух бакоў. Калі будуць перашкоды з фатаграфаваньнем, то не фатаграфуйце», — кажа каардынатарка «Честных людей».
Ужо сфатаграфаваныя бюлетэні ініцыятары кампаніі заклікаюць дасылаць у чат-бот «Голас». Яны дадаюць, што нават для тых, хто ня зробіць здымак, але хоча засьведчыць свой выбар, будзе альтэрнатыўны шлях вэрыфікацыі дадзеных. Які менавіта — пакуль ня кажуць.
Што рабіць пасьля закрыцьця ўчасткаў?
Другім разам на ўчасткі «Честные люди» клічуць зьбірацца пасьля 20:00, калі будуць вывешвацца дадзеныя па галасаваньні на ўчастку. Людзей заклікаюць фатаграфаваць гэтыя дакумэнты і дасылаць у бот «Голасу».
«І здымкі бюлетэняў, і пратаколаў не абавязкова адпраўляць адразу на ўчастку, ня трэба мітусіцца. Магчыма, ня будзе інтэрнэту, ці будзе небясьпечна. Адправіць фатаграфію бюлетэняў і пратаколаў можна ў любы зручны для вас час», — кажа Алена Жываглод.
Што рабіць беларусам за мяжой?
Участкі для галасаваньня на рэфэрэндуме за мяжой не адкрылі ўвогуле.
«Для беларусаў замежжа мы прапануем 25–27 лютага далучацца да акцый у сваіх гарадах. Тым самым яны будуць падбадзёрваць беларусаў унутры краіны, каб тыя бачылі салідарнасьць і падтрымку. У дзень 27 лютага прыходзіць да пасольстваў у сваіх гарадах і праводзіць там акцыі», — кажуць у «Честных людях».
А тым, хто трапіў у камісіі?
Вялікая частка работы, паводле ініцыятараў кампаніі, вядзецца з тымі людзьмі, якія сталі сябрамі ўчастковых выбарчых камісій. Калі ў 2020 годзе «Честные люди» заклікалі адмаўляцца ад супрацы з такімі органамі, то цяпер наадварот.
«Мы ўзаемадзейнічаем зь сябрамі выбарчых камісій, прычым пачалі гэта да абвяшчэньня рэфэрэндуму. Будзьце сумленнымі агентамі знутры, пішыце нам. Пры гэтым не станавіцеся саўдзельнікамі, а толькі сьведкамі», — працягвае Жываглод.
Як стаць грамадзкім кантралёрам?
Плятформа «Зубар» праводзіць кампанію па грамадзкім кантролі за правядзеньнем рэфэрэндуму. Арганізатары вырашылі адысьці ад заклікаў траціць энэргію, каб зарэгістравацца назіральнікамі на выбарах, пры гэтым паспрабаваць убачыць парушэньні, проста прыйшоўшы на ўчастак галасаваць.
Грамадзкім кантралёрам можа стаць кожны, кажа каардынатарка «Зубра» Тацяна Васкевіч. Ахвотным яна прапануе прайсьці адпаведны курс — ці ў боце «Зубра» ў тэлеграме, ці на сайце ініцыятывы.
«Мы прапануем атрымаць мінімум ведаў, якімі павінен валодаць кожны выбарнік. Прыходзячы галасаваць у мінулыя гады, мы ставіліся да гэтага як да фармальнай працэдуры — атрымаць бюлетэнь, прагаласаваць, закінуць яго ў скрыню. Пры гэтым нават ня ведалі, якімі правамі валодаем, што можам бачыць на ўчастку, што там павінна адбывацца. Валодаючы такімі ведамі, чалавек будзе больш сьвядома ставіцца да таго, што пабачыць на ўчастку. Тым самым ён зможа кантраляваць дзеяньні сябраў выбарчых камісій», — кажа Васкевіч.
У «Зубры» заклікаюць пры магчымасьці фатаграфаваць, здымаць парушэньні на аўдыё ці відэа. Калі гэта не атрымліваецца, то хаця б захоўваць у памяці.
«Гэта ні ў якім разе не павінна рабіцца цаной уласнай бясьпекі. Таксама ў любы бясьпечны для сябе час чалавек можа зайсьці ў наш чат-бот і адправіць паведамленьне аб зафіксаваных парушэньнях», — працягвае Тацяна.
Якія парушэньні могуць зафіксаваць?
«Калі пачынаць ад моманту прыходу на ўчастак і атрыманьня бюлетэня, то заўжды ў сьпісах бачныя хаця б суседнія радкі побач з вашым прозьвішчам. Можна ацаніць, ці не адсутнічае ў сьпісе нехта з вашых сваякоў і суседзяў, хто можа галасаваць на ўчастку, ці ня ўключаны хтосьці зь нябожчыкаў.
На ўчастках, апроч першага дня датэрміновага галасаваньня, павінны вісець справаздачы за кожны дзень. Няма забаронаў, каб сфатаграфаваць гэтую копію пратаколу. Калі іх няма, то гэта таксама парушэньне», — расказвае прадстаўніца «Зубра».Сярод іншых парушэньняў яна называе выдачу бюлетэняў без прадстаўленьня адпаведнага дакумэнта, выдачу адразу некалькіх бюлетэняў.
«Падыходзячы да скрыняў па галасаваньні, кожны грамадзянін можа ўбачыць, ці сарваныя там плёмбы, ці знаходзяцца скрыні ў полі бачнасьці і сябраў камісіі, і назіральнікаў. Магчыма, нехта ўбачыць укід бюлетэняў».
Калі будуць прамежкавыя вынікі?
У плятформе «Зубар» кажуць, што яны зьбіраюцца інфармаваць людзей штодня, але пры гэтым хочуць запэўніць бясьпеку інфарматараў.
«Інфармацыя спачатку будзе даходзіць не канкрэтна па ўчастках, а больш абагулена. Каб не зрабіць больш жорсткім сачэньне за тым участкам, дзе мы бачым найбольш парушэньняў», — расказала Тацяна Васкевіч.
Што тычыцца першых дадзеных ад «Голасу» і іншых ініцыятываў, то Алена Жываглод мяркуе, што яны могуць зьявіцца ў першыя тыдзень-два пасьля асноўнага дня галасаваньня.