Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура ня стала разглядаць звароты грамадзян па справе Мацкевіча


Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота
Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

Генэральная пракуратура Беларусі ня стала разглядаць па сутнасьці шматлікія звароты грамадзян наконт крымінальнай справы філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, зьвязаныя з ходам расьсьледаваньня і бытавых умоваў утрыманьня яго ў СІЗА.

У Генпракуратуры спаслаліся на артыкулы Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, якія прадугледжваюць, што хадайніцтвы і скаргі па крымінальнай справе могуць заяўляць і падаваць толькі ўдзельнікі крымінальнага працэсу, а таксама іншыя фізычныя і юрыдычныя асобы, калі працэсуальныя дзеяньні і рашэньні закранаюць іх інтарэсы.

Паколькі ў зваротах няма зьвестак, што заяўнікі зьяўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, яны ня маюць права абскарджваць дзеяньні і рашэньні органа, які вядзе працэс, паведамілі ў Генпракуратуры. Таксама заяўнікі ня маюць паўнамоцтваў прадстаўнікоў. Таму ўсе звароты пакінутыя без разгляду па сутнасьці.

3 лютага філёзаф Уладзімер Мацкевіч аб’явіў галадоўку, патрабуючы зьмяніць меру стрыманьня, завяршэньня расьсьледаваньня ягонай справы і перадачы яе ў суд. Зь вечара 14 лютага ён адмовіўся прымаць ваду і перайшоў да сухой галадоўкі. На 14-дзень Мацкевіч прыняў рашэньне спыніць галадоўку.

Уладзімера Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 годка. Яму прадʼявілі абвінавачаньні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG