Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна хацела хутчэй апынуцца ў палёце!» — брат пра вызваленую Натальлю Хершэ. ВІДЭА


Натальля Хершэ пасьля вызваленьня, 18 лютага 2022
Натальля Хершэ пасьля вызваленьня, 18 лютага 2022

18 лютага нечакана вызвалілі палітзьняволеную Натальлю Хершэ. Яе брат Генадзь расказаў Свабодзе пра акалічнасьці вызваленьня.

Пра вызваленьне Хершэ паведаміў 18 лютага прэзыдэнт Швайцарскай Канфэдэрацыі Іньяцыё Касіс. «Натальля Хершэ выйшла на волю сёньня пасьля 17 месяцаў знаходжаньня ў беларускай турме», — напісаў ён у сваім твітары.

Яе сустрэлі брат і амбасадарка Швайцарыі ў Беларусі. Натальля Хершэ ўжо пакінула Беларусь і вяртаецца ў Швайцарыю, паведаміла амбасада Швайцарыі ў Беларусі.

«Яшчэ тыдзень таму я ведаў, што на сёньня мяне запрасілі ў амбасаду Швайцарыі. Але я думаў, мо на гутарку, мо пра спатканьне з Натальляй будзем размаўляць. Мяне папрасілі ўзяць яе дакумэнты — беларускі і швайцарскі пашпарт. Я падумаў: ну можа, часы такія, амбасада лічыць, што лепш у яе захоўваць дакумэнты. Прыйшоў, як і запрашалі, у 8:30. А мне кажуць — віншуем з вызваленьнем Натальлі! Проста сьнег на галаву, шок», — расказаў Генадзь.

Ён шкадуе, што ня ўзяў з сабой валізкі і рэчаў Натальлі, іншых дакумэнтаў. Генадзь разам з прадстаўнікамі амбасады выправіўся ў аэрапорт. Там ён сустрэў сястру — у VIP-залі.

«Яна так схуднела... Але псыхалягічна яна выдатна! Я так цешуся, што яна не зламалася. У яе цудоўны настрой! 30 ці 40 хвілін мы так цёпла размаўлялі — на ўсе тэмы. У 11:25 самалёт узяў курс на Стамбул — на ім паляцела Натальля. Яна гаварыла, што хоча хутчэй апынуцца ў паветры, адчуць свабоду палёту», — дадаў Генадзь.

Сустракаць Натальлю ў Швайцарыі будуць афіцыйныя асобы, прадстаўнікі СМІ, дачка. «Мы спыталіся ў Натальлі, ці хоча яна, каб яе там сустракаў Робэрт. Яна павагалася, але сказала, што так. Але мы даведаліся, што цяпер Робэрт у Пэру. Я ведаю, каб ён знаў пра вызваленьне Натальлі, то не паехаў бы ў Пэру і абавязкова яе сустрэў бы», — кажа брат.

«Калі мы прыехалі ў аэрапорт, там былі яшчэ ўрадавыя аўтамабілі, ахова — бо якраз Лукашэнка ляцеў у Маскву. У аэрапорце было шмат сілавікоў. На гэтым фоне Натальля ляцела ў Швэйцарыю», — сказаў брат Натальлі Генадзь.

Нядаўна Швайцарыя накіравала ў Беларусь новага амбасадара Крыстынэ Гонэгер Залатухін, яна ўжо ўручыла даверчыя лісты міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і пачала працу ў Беларусі.

Хто такая Натальля Хершэ

7 сьнежня 2020 года суд Савецкага раёну Менску пакараў грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».

На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.

Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.

На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.

У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.

За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.

Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла сябе невінаватай.

Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.

Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведваў Натальлю ў калёніі.

51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG