Сьцісла:
- Большасьць «нэўтралаў» не зусім «нэўтралы», яны апанэнты ўлады і падтрымліваюць асноўныя патрабаваньні «ядра пратэсту»
- Падзеі жніўня 2020-га — гэта ня разавы ўсплёск, гэта вынік 20 гадоў разьвіцьця грамадзтва
- Тое, што сасьпявала дзесяцігодзьдзямі, ня зможа патухнуць.
- Прынцыповы момант у тым, што «нэўтралы» не пяройдуць да «ябацек», яны застаюцца супраціўнікамі ўлады.
- У «ябацек» няма стрыжня, вакол якога яны маглі б аб’яднацца
— Апошнія дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў сьведчаць пра вялікі раскол у беларускім грамадзтве. На некаторыя аспэкты гэтага падзелу зьвярнуў увагу Юры Дракахруст у сваім тэксьце, аналізуючы, як «ябацькі» і прыхільнікі пратэсту ненавідзяць адны адных. Па-вашаму, наколькі гэты раскол — трагічная і драматычная зьява? Ці, можа, гэта рэч дастаткова звычайная і не настолькі страшная для грамадзтва?
— Я б сказаў, што вялікай трагедыі ў гэтым ня бачу. Падзелы ёсьць ва ўсіх грамадзтвах і заўсёды. З пэўнага гледзішча гэта нармальна.
У Беларусі падзел паміж прыхільнікамі ўлады і дэмакратычным грамадзтвам ёсьць. Так, сацыёлягі вызначаюць тры асноўныя групы — «ядро пратэсту», «нэўтралы» і «бастыён Лукашэнкі». Але калі глядзець больш уважліва на адказы, то мы пабачым, што назва «нэўтралы» крыху ўводзіць у зман. Бо большасьць гэтых людзей падтрымлівае патрабаваньні пратэстоўцаў, пад 60 працэнтаў. «Ядро пратэсту» і «нэўтралы» даволі блізкія.
— То бок з гледзішча палітычных пазыцыяў яны не «нэўтралы», а фактычна праціўнікі ўладаў — проста не актыўныя, бо ня бачаць магчымасьці ці стымулу публічна адстойваць свае погляды?
— Так, яны могуць не падтрымліваць акцыі пратэсту — проста таму, што страшна, маем гэтыя паўтара года тэрору. Але патрабаваньні пратэстоўцаў ім бліжэйшыя, чым улада.
Другі момант. Калі мы ўважліва паглядзім на «бастыён Лукашэнкі», то ён таксама вельмі неаднародны. У адказах на тыя самыя пытаньні пра давер розным дзяржаўным установам ці пра патрабаваньні пратэсту «бастыён» ня мае поўнага адзінства. То бок гэтае грамадзкае супрацьстаяньне на самой справе выглядае не 30 на 30, як заяўляюць некаторыя, — а хутчэй 60 супраць 10–15.
Іншая справа, што гэты сярэдні сэгмэнт, «нэўтралы», ня можа зараз дазволіць сабе выказваць адкрыта свае меркаваньні.
Пры аналізе любога супрацьстаяньня важная ня толькі колькасьць, але і тое, зь якім імпэтам людзі гатовыя абараняць свае пазыцыі. Пратэставыя настроі хоць і «ўкатаныя ў асфальт», але яны застаюцца, за паўтара года людзі ня сталі «перагортваць старонку», людзі не зьмірыліся.
Зь іншага боку, праўладная пазыцыя цалкам пасіўная, «бастыён Лукашэнкі» ня здольны нічога самастойна рабіць.
Разьмежаваньне, безумоўна, ёсьць, але яно не трагічнае. Бо гэта не палова на палову, а большасьць супраць меншасьці. Прычым большасьць мае сваю палітычную і ідэалягічную матывацыю. А другая частка пасіўная, ня здольная на самаарганізацыю і нейкія дзеяньні.
— Але ці ёсьць тэндэнцыя, пра якую кажуць некаторыя аналітыкі, што людзі зь «ядра пратэсту» пераходзяць у «нэўтралаў»? То бок яны застаюцца праціўнікамі ўлады, але на дадзены момант не гатовыя да актыўных дзеяньняў?
— Трэба разумець, што падзеі жніўня 2020-га — гэта ня разавы ўсплёск, гэта вынік 20 гадоў разьвіцьця. Грамадзтва разьвівалася. Людзі мяняліся, мянялі сваё стаўленьне да палітычных і эканамічных пытаньняў. За гэты час назапасілася столькі сьветапоглядных зьменаў, што ў выніку яно выбухнула. Вядома, трэба ўзгадаць, што і сыстэмны крызіс сваю ролю адыграў.
І тое, што цяпер, нягледзячы на тэрор, «ядро пратэсту» амаль не зьмяняецца альбо зьмяняецца мінімальна — даказвае мой тэзіс, што падзеі 2020-га не былі выпадковымі. Тое, што сасьпявала дзесяцігодзьдзямі, ня зможа патухнуць.
І я б сказаў, што зараз напружаньне ў грамадзтве хутчэй нарастае. І таму, што эканамічная сытуацыя пагаршаецца, і рэпрэсіўная машына працуе, і пэрспэктываў станоўчых ня бачна. Плюс страх.
З аднаго боку, можна казаць, што падтрымка пратэстаў падае. Тут і стомленасьць і дэпрэсія, і адсутнасьць вынікаў. Таму сапраўды можна назіраць пэўны пераход зь «ядра пратэсту» да «нэўтралаў». Але прынцыповы момант у тым, што яны ніколі не пяройдуць да «ябацек», яны застаюцца супраціўнікамі ўлады. І гэта тая частка грамадзтва, якая будзе чакаць магчымасьці выказаць уладзе сваё «не».
— Калі аналізаваць тую групу, якая сама назвала сябе «ябацькі», то якія ў іх ідэйныя пастуляты? Ці ёсьць у іх нейкія сьветапоглядныя прынцыпы, акрамя таго, што «мы любім уладу» і «давяраем Лукашэнку»? Ці пануюць у гэтай групе, напрыклад, прыхільнікі «русского мира» альбо сацыяльнага кансэрватызму?
— Я б казаў, што там сумесь розных поглядаў. Выразных рускамірцаў няшмат, тых, хто хоча цалкам увайсьці ў Расею, — 5–7 працэнтаў. Але, зь іншага боку, у іх застаецца кансэрватыўная настальгія па «лепшым, што было» ў Савецкім Саюзе — бясплатная мэдыцына, адукацыя і гэтак далей.
Я ня ўпэўнены, што там шмат прыхільнікаў менавіта харызмы Лукашэнкі — бо ён яе згубіў па дарозе. Ёсьць частка, што заўсёды за ўладу, якая б тая ні была.
Так што гэта такі «мікс», кактэйль, які хутчэй не цэмэнтуе сваіх прыхільнікаў, а разводзіць іх на розныя слаі. Слаі, якія, як я думаю, распадуцца пасьля сыходу Лукашэнкі. Там кожны сам за сябе, там няма ніякіх агульных чыньнікаў ці стрыжня, вакол якога яны маглі б аб’яднацца.
— Дык як пераадолець гэты раскол у грамадзтве? І ці магчыма гэта зрабіць? Як пераадольваць раскол, калі на тым баку нярэдка проста прыхільнікі гвалту і рэпрэсіяў, а ня нейкіх палітычных перакананьняў?
— Калі б магчымасьць гвалтоўнага разьвязаньня пытаньняў была б блізкая беларусам — мы б гэта пабачылі. Мы б пабачылі гвалт як з боку «ябацек», так і пратэстоўцаў. Памятаеце, быў такі момант, калі па Менску ішлі дзьве калёны — пратэстоўцаў і «ябацек». І яны проста прайшлі адна паўз адну.
Я лічу, што пасьля сыходу Лукашэнкі гэты «раскол» зьнікне даволі хутка. Бо пасьля зьмены ўлады ад «ябацек» застанецца мала што.