Пра гэта паведаміла дэлегацыя Эўразьвязу ў АБСЭ і ЮНЭСКА на сваёй старонцы ў твітэры.
Прэмія названа ў гонар калюмбійскага журналіста Гільерма Кана Ісаса, забітага ў 1986 годзе, і штогод прысуджаецца асобам людзям і арганізацыям, якія ўнесьлі вялікі ўклад у справу абароны і разьвіцьця свабоды слова ў розных краінах сьвету, асабліва калі гэта спалучана з небясьпекай для жыцьця.
Прысуджэньне прэміі прымеркаванае да Сусьветнага дня свабоды друку, які адзначаецца 3 траўня.
- Беларуская арганізацыя журналістаў (БАЖ) — заснаваная ў 1995 годзе, уваходзіць у Міжнародную і Эўрапейскую фэдэрацыі журналістаў.
- У сьнежні 2004 Эўрапарлямэнт уганараваў БАЖ прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
- 27 жніўня 2021 Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў арганізацыю. БАЖ абскарджвае гэтае рашэньне ў міжнародных інстанцыях.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.