Пра гэта прафэсарку катэдры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізыкі паінфармавала 17 лютага электронным лістом старшыня першаснай прафсаюзнай суполкі фізычнага факультэту Алена Ларкіна. Тэкст паведамленьня ад прафкаму Натальля Абрашына-Жадаева апублікавала ў сацсетках.
У лісьце паведамляецца, што 17 лютага на паседжаньні прафсаюзнага камітэту будуць разглядаць пытаньне «аб дачы папярэдняй згоды» на яе звальненьне.
«Ніякіх згодніцкіх папер пісаць ня буду. У мяне кантракт да 31 жніўня, таму і зробленыя гэтыя ненармальнасьці. Я ўжо ім раней казала, што па ўласным не сыду, бо за мной праўда», — сказала «Нашай Ніве» выкладчыца.
Натальля Абрашына-Жадаева 20 студзеня апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook эмацыйнае відэа ў падтрымку калегі Максіма Шундалава. Выкладчыка, паводле яе слоў, пад ціскам прымусілі напісаць заяву аб звальненьні.
«Больш за ўсё мяне зьбянтэжыла паведамленьне, што калегі зь іншых катэдраў пагадзіліся выконваць за яго ягоную нагрузку. Гэта як? Думаюць, што зь імі так ня зробяць, як з нашымі іншымі калегамі? Што іх такі лёс абміне? Сёньня яны прамаўчалі, а заўтра зь імі зробяць гэтак жа, гэтак жа разьлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць Богу ці прыслужваць Юду», — сказала ў сваім звароце прафэсарка.