Пра гэта ў аўторак заявіла прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі.
«Думаю, многія нашыя эўрапейскія партнэры і саюзьнікі па NATO будуць лічыць посьпехам дээскаляцыю; пацьверджаную [доказамі] дээскаляцыю на мяжы Ўкраіны, да якой былі сьцягнутыя расейскія войскі; калі [расейцы] ясна дадуць зразумець усёй сусьветнай супольнасьці, СМІ, грамадзкасьці, што яны ня будуць урывацца ва Ўкраіну, і падмацуюць гэта дзеяньнямі», — заявіла Псакі, выступаючы на прэс-брыфінгу ў Белым доме.
Прэс-сакратарка Белага дома ня стала пацьвярджаць паведамленьні аб тым, што да кібэратак супраць украінскіх банкаў і Міністэрства абароны магла мець дачыненьне Расея.
Адказваючы на просьбу пракамэнтаваць збліжэньне пазыцый Масквы і Пэкіна, якое ўзмацнілася ў апошнія тыдні, Псакі папярэдзіла аб відавочнасьці таго факту, што «Кітай ня ў стане кампэнсаваць Расеі іх эканамічныя страты» ў выпадку ўвядзеньня жорсткіх санкцый з боку Захаду.
«Наш агульны пункт гледжаньня ў тым, што калі Расея вырашыць дзейнічаць у тым жа духу, гэта будзе каштаваць Кітаю таго, як ён будзе выглядаць у вачах Эўропы і ўсяго сьвету, і гэта тое, пра што яны павінны падумаць. У гэтым выпадку мы спрабуем прадухіліць вайну. Вось чаму мы публікуем інфармацыю і ўзаемадзейнічаем з сусьветнай супольнасьцю», — заявіла Псакі.