Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шмат п’юць, гандлююць палівам». Што пра расейскіх жаўнераў у Беларусі расказваюць відавочцы


Расейскія вайскоўцы перад пачаткам вучэньняў у Беларусі
Расейскія вайскоўцы перад пачаткам вучэньняў у Беларусі

Вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» дасягнулі сваёй сярэдзіны. Расейскія салдаты ў Беларусі ўжо амаль месяц.

Першыя паведамленьні пра расейскіх жаўнераў, заўважаных на тэрыторыі Беларусі, зьявіліся 18 студзеня. На працягу трох тыдняў, што папярэднічалі пачатку вучэньняў, такіх паведамленьняў станавілася больш.

Відавочцы расказвалі Свабодзе, што заўважалі вайсковую тэхніку ня толькі на афіцыйных месцах правядзеньня манэўраў, але і ў іншых мясцовасьцях. Непасрэдна перад пачаткам вучэньняў 10 лютага Мінабароны Беларусі апублікавала скарэктаваную мапу, дзе былі пазначаныя новыя месцы манэўраў. Удзень 15 лютага зьявілася яшчэ адна такая мапа.

Зь яе можна зразумець, што пад назвай «Участак мясцовасьці „Палескі“» хаваецца Брагінскі раён. Вайсковую тэхніку для ўдзелу ў манэўрах на яго тэрыторыю дастаўляюць праз Хойнікі.

«Асабіста бачыў перамяшчэньне гусенічнай вайсковай тэхнікі па вуліцах гораду, — расказаў Свабодзе адзін з жыхароў Хойнікаў. — Салдаты разьмясьціліся ў навакольных лясах. Шмат п’юць і шмат прадаюць дызэльнага паліва. Жывуць у намётах».

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу @bel_zhd, які піша пра беларускую чыгунку, 14–15 лютага пачалася выгрузка расейскай вайсковай тэхнікі на чыгуначнай станцыі «Хойнікі». Тэхніку і расейскіх жаўнераў туды вязуць саставамі з кірунку Рэчыцы, праз вузлавую станцыю Васілевічы.

«Падчас разгрузкі вайсковай тэхнікі гэтыя бравыя хлопцы часта стаяць на галоўных пуцях, проста на рэйках, — паведамляе @bel_zhd. — Сыходзяць толькі тады, калі цягнік набліжаецца на адлегласьць 200 мэтраў ад іх. Ледзь не змушаюць машыністаў прымяняць экстранае тармажэньне для прадухіленьня наезду».

Паводле сьведчаньняў відавочцаў, невялікія беларускія таварныя станцыі не вытрымліваюць умоваў, пры якіх разгружаюць расейскую вайсковую тэхніку.

«У нуль разьбіваюцца рампы для разгрузкі вайсковай тэхнікі, вельмі шмат выпадкаў пашкоджаньня вагонаў пры разгрузцы, — паведамляюць відавочцы. — Здараюцца частыя падзеньні вайсковай тэхнікі з плятформаў падчас выгрузкі. Пасьля выгрузкі застаецца шмат страчанага рыштунку (бронекамізэлькі, каскі, сродкі індывідуальнай засьцярогі)».

Акрамя гэтага, відавочцы паведамляюць, што пасьля расейскіх жаўнераў на чыгуначных перагонах застаецца сьмецьце. Асабліва шмат яго побач з чыгункай у ваколіцах Ельску.

«На працягу 3 кілямэтраў праз кожныя 20 мэтраў валяюцца поўныя 100-літровыя сьмецьцевыя пакеты, — сьцьвярджаюць відавочцы. — Бутэлькі з-пад гарэлкі, пустыя плястыкавыя піўныя кегі, пустыя каробкі ад сухпайкоў».

Паводле афіцыйнага паведамленьня Мінабароны Беларусі, у манэўрах на «ўчастку мясцовасьці „Палескі“» (тэрыторыя Брагінскага раёну. — РС) удзельнічаюць ракетныя войскі. 15 лютага там адпрацоўвалі пуск ракет на адлегласьць 60 кілямэтраў. Гэта прыкладная адлегласьць ад Брагіна да ўкраінскага Чарнігава.

«На ўчастку мясцовасьці „Палескі“ ў Гомельскай вобласьці разьлікі 465-й ракетнай брыгады выканалі баявыя пускі з тактычнага ракетнага комплексу „Точка“, — гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны. — У межах беларуска-расейскага сумеснага апэратыўнага вучэньня „Саюзная рашучасьць — 2022“ ракетчыкі нанесьлі групавы ракетны ўдар па цэлі, якая знаходзіцца на адлегласьці звыш 60 кілямэтраў. За дзеяньнямі вайскоўцаў назіраў міністар абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Віктар Хрэнін».

Тым часам у першай палове дня 15 лютага зьявілася паведамленьне Мінабароны Расеі, што Расея ўжо пачала паступова выводзіць з тэрыторыі Беларусі сваіх жаўнераў. Скончыцца вучэньні «Саюзная рашучасьць 2022», паводле афіцыйнай інфармацыі, павінны ў нядзелю 20 лютага.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG